Кіркевіч: «Беларускі эксперымент» страшнейшы за савецкі
Навіна пра тое, што ў Гародні адмянілі ўсе квізы — ужо не шакуе. Ніхто нават не пытаецца «навошта?», піша Алесь Кіркевіч на Budzma.org.
Пасля слова «адмянілі» можна дапісаць свой варыянт: квізы, экскурсіі, сустрэчы выпускнікоў, пляжны валейбол, паходы ў грыбы... Нехта здзівіцца? Не. Вось каб нешта «дазволілі» — быў бы шок.
Калі б я быў чыноўнікам у РБ, то рабіў бы хітрэй: спачатку забараніць, напрыклад, катамараны. Спаслаўшыся на няшчасны выпадак: катамаран перавярнуўся, чалавек патануў. Няможна. Шкодна. Клопат пра простага чалавека. А праз месяц — дазволіць. Навошта?..
Рэабілітацыя катамаранаў засведчыць: улада чуе народ. Улада з народам. Улада там, дзе народ: на катамаранах, у тым ліку. Першы сакратар «Белай Русі» Мядзельскага раёну пракаціўся б на катамаране па возеры. Ну і вось вам — пацяпленне, адліга. Беларусь адкрытая для турыстаў і нават для сваіх грамадзянаў. Усім добра? Цудоўна!
«Людям нужен нормальный хлеб...»
На жаль, улада так не робіць, і забароны застаюцца забаронамі.
Рост коштаў на тавары нават блізка не паспявае за ростам забаронаў і адменаў. Дэфіцытаў няма. Прадукты — ёсць. Сядзіш сабе з поўнай лядоўняй, а пайсці няма куды: усё забаронена. Можа, людзей закармліваюць адмыслова, каб менш з дому выходзілі?
Што ж засталося ў Беларусі? Пачытайце «БелТА»:
- «В Беларуси намолотили 6,6 млн тонн зерна»
- «Лукашенко вручена Ленинская премия ЦК КПРФ»
- «Каким мороженым Лукашенко угощает иностранцев?»
- «Зюганов: В Беларуси взяли лучшее от советской эпохи и удвоили потенциал»
- «Людям нужен нормальный хлеб, а не испанский хамон. Лукашенко о приоритетах для торговли на селе»
Цікава, канешне, чаму ў квітнеючай Беларусі 2026 году, дзе толькі што намалацілі 6.6 млн тон зерня, людзям усё яшчэ патрэбны «нармальны хлеб»? Але — гэта дробязі. Пра дробязі лепш не думаць. Думаць яшчэ не забаронена, але ўжо — небяспечна.
Чым «беларускі эксперымент» страшнейшы за савецкі?
Толькі лянівы не параўноўваў сучасную Беларусь з познім саўком. Маўляў, той разваліўся — разваліцца і гэты. «Восень патрыярха» не можа трываць вечна. Сама хада гісторыі дадае аптымізму: варта ўсяго толькі перажыць першыя лістападаўскія замаразкі, завеі, а там ужо і — вясна.
Ёсць розніца. Савок пасыпаўся не тады, калі людзей пачкамі вывозілі ў лес. Не тады, калі дысідэнты сядзелі ў псіхушках. Не пры Сталіне і не пры Брэжневе.
Савок пасыпаўся, калі сышліся зоркі: аслабленне «крэпкай рукі» супала са спажывецкім крызісам. «Рука» ў нас пакуль не слабее, а спажывецкі крызіс — не прадбачыцца.
Лядоўні — поўныя. Бензабакі — таксама. Надлішак грошай людзі ўкладаюць у нерухомасць...
«Беларускі эксперымент» страшнейшы за савецкі. Спалучэнне моцнай рэпрэсіўнай машыны з поўнымі паліцамі — амаль непераможнае. Без квізаў і свабоды слова — жыць можна. А хлеб з мясам — ёсць. Базавыя патрэбы — забяспечаныя. Адсутнасць нябазавых — не стварае рэвалюцыйную сітуацыю.
А як жа культура?.. Застаўся фэст «Іўеўскі памідор—2026» з вялізным таматным бутэрбродам і паказальнымі выступамі дэсантнікаў. Ці — выстава «Тэкстыльны дыялог» ад пецярбургскай мастачкі. А яшчэ — Лепс і Газманаў.
Хто пойдзе на барыкады, каб замяніць Лепса на Вольскага?.. Чалавек 50, з якіх 30 — ужо на эміграцыі.
Мастацтва не заўважаць
Што я хачу сказаць? «Беларусі эксперымент» сканструяваны так, каб накарміць людзей. А яны — павінны забыцца, хто такі Вольскі і што такое квізы. А яшчэ — навучыцца не заўважаць несправядлівасць і бессэнсоўнасць навокал.
І гэта не пра тое, што беларусы — дрэнныя, не такія, як трэба. Гэта пра тое, што сучасныя таталітарныя мадэлі — найнебяспечнейшыя.
Спадзявацца варта на тое, што кожны эксперымент — не застрахаваны ад памылак і выпадковасцяў. Гэты — таксама.
Читайте еще
Избранное