Калі я працаваў у Беларусі, у дзяржаўных устаноў практычна не было ніякай матывацыі займацца платнымі паслугамі. У гэтым не былі зацікаўлены ні канкрэтны лекар, бо ён атрымліваў зусім невялікі працэнт ад гэтых платных прышчэпак, ні сама паліклініка.
«Не павінна быць такога: вось вам кітайскае, вось расійскае — выбар забяспечаны»
Чаму зрабіць прышчэпку цяжка нават за грошы.
Беларусы ў сацсетках скардзяцца на цяжкасці з атрыманнем прышчэпак, прычым не толькі дадатковых, спецыяльных, але і планавых.
Сярод праблем, пра якія ўзгадваюць, і абмежаваны асартымент прэпаратаў, і вялікія чэргі з запісам на прышчэпкі, і нават адмова некаторых паліклінік купляць ці рабіць прышчэпкі.
Филин спытаў у спецыяліста, чаму так адбываецца, і як вырашаюцца падобныя праблемы ў іншых краінах.
«Колькі было выпадкаў, калі проста запаўнялі журналы для справаздачы, а вакцыну знішчалі»
— Праблемы з прышчэпкамі ў Беларусі паўсталі не першы раз. Нагадаю, падчас кавіду галоўная праблема была ў тым, што насельніцтва не мела даверу да тых вакцын, якія прапаноўваліся дзяржавай. А яна прапаноўвала толькі расійскую і кітайскую вакцыны.
Тыя, хто хацеў атрымаць заходнія, напрыклад, Pfizer, ездзілі ў Еўропу.
— Але зараз і тыя вакцыны, якія могуць прапанаваць у Беларусі, нават за грошы саміх пацыентаў часам немагчыма атрымаць.
— Не супадае попыт з прапановай. Адна справа, калі чалавек едзе ў нейкую экзатычную краіну, і яму патрэбна незвычайная прышчэпка. Тады трэба звяртацца ў спецыяльныя месцы, дзе займаюцца трапічнай медыцынай. Такіх не будзе шмат і ў вялікім горадзе. Там можа быць і нейкі запіс, бо гэта ўсё ж рэдкія запыты.
Але астатнія прышчэпкі павінны быць прадстаўлены ў асартыменце, розных вытворцаў, і праблем з іх атрыманнем не павінна быць.
Напрыклад, у Варшаве я чуў пра запіс на вакцынацыю супраць клешчавога энцэфаліту. Але гаворка ідзе пра бясплатныя прышчэпкі. Не ведаю, ці ёсць такое ў іншых гарадах, але ў Варшаве ладзіцца такі пілотны муніцыпальны праект.
— Вось прыклад каментара з тэматычных чатаў: «Как я поняла, 15 поликлиника пока не может делать платную вакцинацию, так как у них нет соответствующего разрешения. Всех отправляют в центр вакцинопрофилактики.
У меня был конкретный запрос — как привить ребенка третьей дозой (гаворка пра вакцыну ад клешчавога энцэфаліту — С.). На Якубовского (Гарадская дзіцячая інфекцыйная бальніца — С.) лист ожидания 200+ человек на тот момент, в частных центрах ее нет.
Обратилась с запросом. В ответе было указано, что смогут привить ребенка, только если кто-то откажется. Долго ждала звонка, но в итоге позвонили и пригласили, и предложили даже не «Клещ-Э-Вак» (Расійская вакцына), а FSME-Immun (Pfizer)».
Як бы вы гэта пракаментавалі?
— Па-першае, у дзяржаўных паліклініках сапраўды праводзіцца платная вакцынацыя. Спецыяльна, каб закрываць гэтыя патрэбы, у Мінску на базе дзіцячай інфекцыйнай бальніцы быў арганізаваны Гарадскі цэнтр вакцынапрафілактыкі. І там таксама ёсць платная вакцынацыя.
І ўсё ж гэтыя ўстановы не маюць бізнес-схем. Калі б была распрацавана сістэма, якая б дапамагала пры вакцынацыі зарабляць грошы, у іх была бы матывацыя. А так яны гэта ўспрымаюць як дадатковую нагрузку.
Таму ніхто асабліва не цікавіцца, ці атрымала там дзяржаўная паліклініка своечасова ліцэнзію на правядзенне гэтых паслуг, ці не. Той жа Цэнтр вакцынапрафілактыкі своечасова не прааналізаваў попыт на гэтую вакцыну і не стварыў запас.
Але не зрабілі яны гэта не таму, што не хацелі спецыяльна, каб людзі не атрымлівалі прышчэпкі.
Непрыемнасцяў хапала і з бясплатнымі абавязковымі кампаніямі. Вядома, супрацоўнікі адносіліся да іх часцяком фармальна. Колькі было выпадкаў, калі проста запаўнялі журналы для справаздачы, а вакцыну ад таго ж грыпу ці ў свой час кавіду знішчалі.
Чаму яны так рабілі? Бо адбываўся жорсткі кантроль, а па выніках маглі зняць прэмію.
З іншага боку, патрэбу маглі б закрыць прыватныя цэнтры. Але яны таксама знаходзяцца пад пастаянным кантролем. Іх кантралююць усе — санэпідслужба, мінздраў і г.д.
А вакцынацыя як раз і ёсць тая справа, дзе можна лёгка трапіць у пастку кантралюючых органаў. Вакцына мусіць замаўляцца пэўным чынам, пасля транспартавацца, захоўвацца. Увесь працэс патрабуе вялікай колькасці ручной працы.
Ёсць шмат момантаў, да якіх лёгка прычапіцца. І кантралюючыя органы гэтым карыстаюцца, бо ім трэба дэманстраваць вынікі сваёй працы і зарабляць грошы. Адпаведна, прыватным цэнтрам прасцей не ўлазіць у гэту гісторыю, а, напрыклад, адкрыць дадатковы прыём якога-небудзь спецыяліста і зарабіць тыя ж грошы.
«Прасцей завезці які-небудзь варыянт аземпіка ці віягры, якія не патрабуюць такіх складаных умоў захоўвання, як прышчэпкі»
— Яшчэ ўражваюць кошты на некаторыя вакцыны. На сайтах устаноў, напрыклад, вакцыны ад клешчавога энцэфаліту каштуюць прыкладна па 100 рублёў (кожная з трох доз). А вось кошт прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека даходзіць да 700 рублёў. Дарэчы ў Беларусі з мінулага году з'явілася дзяржаўная бясплатная вакцынацыя ад ВПЧ, але пакуль кола тых, каго прышчапляюць, вельмі абмежаванае, і вакцыну выкарыстоўваюць кітайскую, якая абараняе толькі ад двух тыпаў ВПЧ.
— Вакцыны могуць каштаваць дорага, бо ўсе залежыць ад вытворцы. Каб яны сталі даступнымі для большай колькасці людзей, у гэтым павінна быць зацікаўлена дзяржава.
Напрыклад, у Польшчы таксама зараз увялі бясплатную вакцынацыю ад ВПЧ, але толькі для ўсіх дзяцей і падлеткаў да 14 гадоў. Для астатніх кошт прышчэпкі 450-600 злотых (340-450 рублёў).
Што тычыцца дарослых, там таксама ёсць шмат праграм з рознымі зніжкамі ці бясплатных. Ёсць і розныя праграмы па прышчэпках ад вятранкі дзецям. А сталым робяць прышчэпкі ад апяразваючага герпесу. Вельмі непрыемнае захворванне, асабліва для людзей ва ўзросце.
Дарэчы, такія праграмы ёсць і ў іншых еўрапейскіх краінах. Узгадаю і прэпараты ад спінальнай мышачнай атрафіі (СМА), якія ў развітых краінах робяцца таксама за кошт дзяржавы. Гэта вялікая справа. І Польшча ў ліку такіх краін.
— Вы казалі пра асартымент прышчэпак. Чаму ў Беларусі яго няма амаль ні па якіх захворваннях?
— Ёсць, на мой погляд, прычына, якой тлумачацца ўсе праблемы з вакцынацыяй — і фармалізм супрацоўнікаў, і адсутнасць неабходных праграм, і дэфіцыт вакцын.
Калі б галоўнай мэтай сістэмы аховы здароўя ў краіне было здароўе насельніцтва, здаецца, вынікі былі б іншыя. А так у іх ёсць мэта, напрыклад, прадаць беларускія лекі, ці абавязак прадаць расійскія або кітайскія вакцыны.
Да таго ж яны больш танныя. Можна хаця б на паперы зрабіць вялікі ахоп насельніцтва меншым коштам. Бо гэта таксама адна з мэтаў — эканоміць дзяржаўныя грошы.
А вось стварыць спрыяльныя ўмовы для асобнага дзіцёнка ці мамы, якая хоча вакцынавацца лепшымі прэпаратамі, для іх зусім не прыярытэт.
Тут гаворка часта не ідзе пра тое, ці ёсць выбар, а ці пазіцыя наогул ёсць у наяўнасці. І, падкрэслю, для бюджэтных патрэбаў дакладна будуць шукаць найбольш таннае.
Ёсць жа яшчэ і другі бок — пастаўшчыкі. Яны зацікаўленыя ў тым, каб правілы ўваходу на рынак краіны, то бок рэгістрацыя, былі простымі і зразумелымі. А не гэта ўсё: абмежаванне нацэнкі, высокія кошты рэгістрацыі, потым розныя перарэгістрацыі і шмат іншых складанасцяў.
Напрыклад, для рэгістрацыі любога прэпарата ў Беларусі, нават сусветна вядомай маркі, чыноўнікаў з міністэрства трэба завезці на завод вырабніка. Зразумела, за кошт вырабніка.
Але ж у Беларусі не такі вялікі і маржынальны рынак, каб сусветна вядомыя карпарацыі за яго біліся, і наогул каб сюды рваліся пастаўшчыкі. Ім прасцей завезці які-небудзь варыянт аземпіка ці віягры, якія не патрабуюць такіх складаных умоў захоўвання, як прышчэпкі, і рынак на якія яшчэ большы.
Увогуле ў наяўнасці розных вакцын павінны быць зацікаўлены не толькі самі людзі, але і дзяржава. Бо прафілактыка інфекцый цалкам апраўдана: лепш зрабіць прышчэпку, чым пасля лячыць ад складанай хваробы ці нават плаціць дапамогу па інваліднасці.
То бок гэта прамы інтарэс дзяржавы, каб грамадзяне былі здаровыя, і яна павінна ствараць такія механізмы, якія б заахвочвалі прывозіць больш якаснае.
Не павінна быць такога: вось вам кітайскае, вось расійскае — выбар забяспечаны. Кшталту ў вас ёсць бульба альбо каша — выбірайце. А калі чалавек яшчэ хоча, напрыклад, мяса? У яго павінна быць гэтая магчымасць.
Так і з вакцынай, выбіраць хочацца лепшае, а не тое, што даюць. Трэба працаваць з запытам, а ён, відавочна, ёсць. Бо калі ў Польшчы няма такой праблемы, то яе і не ўздымаюць. Ніхто не ляціць з Лодзі ў Познань, каб зрабіць канкрэтную прышчэпку.
У Еўразвязе ўсё ж агульная прастора, таму тут новым прэпаратам прасцей трапіць з адной краіны ў другую.
— А чаму наогул сёлета такі ажыятаж на прышчэпкі? Павялічылася колькасць выпадкаў энцэфаліту можа?
— Так, пайшла такая хваля, людзі ўразіліся колькасцю кляшчоў і захацелі быць прышчэпленымі. Гэта цалкам нармальна. Не думаю, што сур’ёзна ўзрасла колькасць клешчавога энцэфаліту.
Але тут трэба праводзіць асветніцкую дзейнасць. Трэба тлумачыць людзям, каб яны не рабілі паспешлівых высноў. Па ідэі, дзяржаўная сістэма, атрымаўшы такі вялікі запыт, павінна была растлумачыць, што актуальнасць праблемы можа быць і перабольшана.
У Беларусі не такая крытычная сітуацыя з гэтымі інфекцыямі. Нават варыянт энцэфаліту, які ёсць у нашай краіне, не такі страшны, як, напрыклад, у Сібіры.
І вось асветніцкая дзейнасць, якая грае вялікую ролю ў прафілактыцы, заўсёды вялася недасканала, фармальна. Добра, што зараз з’явілася хваля маладых дактароў, актыўных у сацыяльных сетках, якія спрабуюць тлумачыць нейкія моманты.
І ўсё ж гэта функцыя міністэрства аховы здароўя. І яна ў тым ліку дапамагае гнутка рэагаваць на запыты аўдыторыі і працаваць з гэтымі запытамі.
Читайте еще
Избранное