Цыганкоў: «Лукашэнка хваліць пратэстантаў – «жить захочешь, не так раскорячишься»

Палітычны аналітык пра разварот правіцеля падчас сустрэчы з амерыканскім прапаведнікам.

— Аляксандр Лукашэнка сёння ў Менску сустрэўся з вядомым амерыканскім прапаведнікам Франклінам Грэмам, прэзідэнтам і генеральным дырэктарам Евангелісцкай асацыяцыі Білі Грэма, — піша Віталь Цыганкоў.

Віталь Цыганкоў

— Вам, Франклін, хачу падзякаваць за добрае пасланне, якое мне перадаў спадар Коўл падчас свайго візіту і нашых перамоваў. І вы ж разумееце, што без прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі нам, магчыма, было б складаней усталяваць нашы адносіны, — сказаў Лукашэнка і працягваў: – Таму пры сустрэчы, я ведаю, вы ў добрых адносінах з Прэзідэнтам, перадайце яму самыя добрыя пажаданні. І скажыце яму, што ў Беларусі ў яго надзейныя сябры і прыхільнікі.

Сусветна вядомы евангелічнага прапаведніка з ЗША Франклін Грэм прыехаў у Беларусь, каб прыняць удзел у «Фэсце надзеі», які пройдзе 16-17 траўня ў Менску, на Чыжоўка-Арэне. Акрамя выступлення хору і музыкаў, калектыўных малітваў, там чакаецца ягоная пропаведзь.

У бліжэйшыя дзень-два вы сустрэнецеся з нашымі вернікамі пратэстантамі, і ўжо ў вас будзе больш уражанні аб тым, як ім тут жывецца… Гэта наш брэнд – мы ганарымся тым, што ў нас міжканфесійны мір, таму вы можаце за сваіх пратэстантаў, нашых пратэстантаў, не турбавацца.

Аляксандр Лукашэнка

Гэта зноў словы Лукашэнкі – падчас сустрэчы з Грэмам. Што называецца, хоць да раны прыкладай. Сярод іншага Лукашэнка распавядаў Грэму, як ён яшчэ з савецкіх часоў паважае пратэстантаў, і якія гэта добрыя і працавітыя людзі.

Між тым, факты кажуць пра тое, што ў Беларусі толькі Расейская праваслаўная царква мае відавочны прыярытэт, афіцыйнае спрыянне і ільготы ад улады. А пратэстанты – адна з самых дыскрымінуемых рэлігійных канфесіяў. Што не раз было засведчана, напрыклад, у справаздачах Дзярждэпартамента ЗША.

Рэжым Лукашэнкі заўсёды быў вельмі варожым да пратэстанцкіх суполак, пасля 2020 года ўлада закрыла ў Беларусі тры пратэстанцкія цэрквы, многія святары пратэстанцкіх канфесіяў зазналі палітычны пераслед.

Але — «жить захочешь, не так раскорячишься». Лукашэнку зараз як ніколі патрэбны амерыканскі трэк, і дзеля гэтага ён гатовы ў пэўнай ступені дапускаць любыя «ідэалагічныя вольнасці». Тым больш што Грэм, як вядома, з’яўляецца сябрам Джо Коўла, пасланніка прэзідэнта ЗША ў беларускім пытанні.

Дарэчы, прыезд амерыканскага прапаведніка ў Менск ужо выклікаў незадавальненне прыхільнікаў «русского міра». Прапагандыст, еўразіец, а з нядаўняга часу яшчэ і ідэйны камуніст Аляксей Дзермант у пачатку траўня, калі стала вядома пра «Фэст надзеі» ў Чыжоўка-Арэна, напісаў: «Як камуніст, ніколі не прыму прымітыўных і варожых поглядаў Грэма і Трампа да камуністычнай ідэі… Лічу, што Грэму ня месца на беларускай зямлі».

Раней прарасейскія элементы не маглі дазволіць сабе такія вольнасці, фактычна ставячы пад сумнеў дзеянні Лукашэнкі ў замежнай палітыцы. Можна канстатаваць, што так званы «амерыканскі трэк» будзе сустракаць усё больш (адкрытага ці схаванага) супраціву ў рускаміраўцаў не толькі ў Маскве, але і ў Менску.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(3)