Общество

«Думаў, што расстраляюць». Гісторыя ўкраінца, які прайшоў праз беларускія турмы і апынуўся ў спісах на абмен

Гісторыя ўкраінца Іллі (імя зменена ў мэтах бяспекі) — гэта аповед пра тое, як звычайнае сямейнае жыццё ў Беларусі ператварылася ў кашмар пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, піша Вясна.

За каментары ў інтэрнэце і перадачу даных у «Беларускі Гаюн» аб перасоўванні расійскіх войсках ён прайшоў праз здзекі сілавікоў, адмову ў медыцынскай дапамозе ў СІЗА і пагрозы смяротным пакараннем. У снежні 2025 года Іллю пасярод ночы вывезлі ў лес, а затым прымусова выдварылі з Беларусі, перадаўшы ўкраінскаму боку.

Ілля распавёў «Вясне», як адгаворваў расійскіх вайскоўцаў ехаць ва Украіну, як яго спрабавалі вербаваць КДБ, а сілавікі тым часам пагражалі яго жонцы. А таксама пра раптоўную сустрэчу з Кірылам Буданавым.

Ілюстрацыйнае фота

Пераезд у Беларусь і стварэнне сям’і

Жыццё Іллі ў Беларусі пачыналася як тыповая гісторыя эміграцыі дзеля кахання. Знаёмства ў інтэрнэце ў пачатку 2010-х, пераезд з Украіны, шлюб і нараджэнне дзяцей. Пара пражыла некалькі гадоў у сталіцы, а пасля, як шматдзетная сям’я, нават атрымала дзяржаўнае жыллё ў рэгіёне. Мужчына ўладкаваўся працаваць у таксі, але вайна разбурыла яго мірны побыт.

«Пазнаёміўся і прыехаў. Сам я з Украіны, з вобласці, якая зараз знаходзіцца пад акупацыяй. Я прыехаў у Беларусь і на працягу года катаўся туды-сюды да будучай жонкі. Праз год я застаўся там канчаткова, мы распісаліся, ажаніліся, усё было нармальна.

Спачатку мы жылі ў Мінску. Пражылі ў сталіцы, можа, гадоў сем. Потым, паколькі мы шматдзетная сям’я, жонка даведалася, што можна атрымаць жыллё. Мы ўзяліся за гэта, і дзяржава дала нам дзве кватэры ў рэгіёне.

Праз год, недзе летам 2021-га, мы пераехалі туды жыць. Там я ўладкаваўся працаваць у таксі».

«Беларускі Гаюн» і першае затрыманне

У лютым 2022 года Ілля бачыў на ўласныя вочы калоны расійскай тэхнікі і вайскоўцаў, якія ехалі праз Беларусь ва Украіну. Мужчына не застаўся ўбаку. Ён пачаў здымаць перамяшчэнні войск для незалежных маніторынгавых каналаў. Дзеянні Іллі неўзабаве прыцягнулі ўвагу спецслужбаў. Яго першы арышт у 2023 годзе за каментары ў сацыяльных сетках суправаджаўся фізічным гвалтам і жорсткімі пагрозамі.

«Калі пачалася вайна ва Украіне, я працаваў у таксі. Я бачыў перамяшчэнні расійскіх войскаў. Вазіў расійскіх вайскоўцаў, размаўляў з імі — пытаўся, нахрана ім яно ўвогуле трэба. Усё гэта я фіксаваў на тэлефон і перадаваў у тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн».

Я працаваў у таксі амаль год. Потым мне прапанавалі добрую працу ў Мінску. Я ездзіў у сталіцу ў камандзіроўкі, здымаў пакой. Першы раз мяне затрымалі ў 2023 годзе. Як мне потым сказалі ў КДБ, яны ўбачылі недзе ў TikTok мой каментар, што ў мяне знаёмы ў ВСУ працуе і што «лепш рот прытрымаць». Каля шасці гадзінаў трымалі ў цэнтральным РУУС.

Каментар быў наступны. Адзін украінец напісаў пад відэа, што «мы за Беларусь, мы з беларусамі адзіны народ», але ён жыў ва Украіне і быў за Расію, за вайну. Я яму ў адказ напісаў: «Ты лепш рот прыкрый, таму што ў мяне знаёмы ў ВСУ».

Яшчэ быў каментарый у Youtube пад відэа з Лукашэнкам. Ён там нешта пра ўкраінскі народ гаварыў, а я яму як зварот напісаў: «Вы не ведаеце ўкраінскі народ, а з боку гаворыце». За гэта мне яшчэ і па галаве далі — разочак хляснулі добра так.

Тады мне далі 15 сутак на Акрэсціна. Праз тры дні па Skype адбыўся суд. Я адсядзеў, заплаціў штраф. Мяне прыпугнулі, каб не рыпаўся нікуды, і я больш нікуды не лез. Але часам пісаў каментары пра вайну ў розныя ўкраінскія тэлеграм-каналы. Але калі ў 2025 годзе ўсё ўсплыло, паднялі ўвесь мой тэлефон — там куча маіх спраў і папер была».

Крымінальная справа і ціск сілавікоў

У 2025 годзе, калі беларускія сілавікі атрымалі доступ да баз даных «Гаюна», пачалася новая хваля рэпрэсій. Іллю падманным чынам выклікалі да ўчастковага, дзе мужчыну затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК.

Пасля затрымання Ілля сутыкнуўся з псіхалагічным ціскам: яму, шматдзетнаму бацьку і адзінаму карміцелю ў сям’і, спачатку пагражалі смяротным пакараннем, а пасля змясцілі ў СІЗА.

«Другі раз мяне затрымалі недзе восенню 2025 года. На той момант я ўжо не працаваў у Мінску і жыў дома, бо жонцы адной было цяжка спраўляцца з некалькімі дзецьмі. Уладкаваўся рабіць рамонты, адкрыў самазанятасць. Мяне і да гэтага перыядычна тузалі: выклікалі ў КДБ і РАУС, праводзілі «размовы», хацелі, каб я ім дакладваў, калі нехта нешта будзе прапаноўваць.

А аднойчы ўвечары мне патэлефанаваў участковы і сказаў прыехаць заўтра ў міграцыйную службу, у панядзелак. Панядзелак быў выходным, але я не надаў гэтаму значэння і сказаў, што прыеду а 10 гадзіне. Прыязджаю — нікога няма.

Тэлефаную ўчастковаму, ён кажа: «Пачакай, зараз пад’едзем». Стаю ля машыны каля ўзбочча. Пад’ехала шэрая «Шкода» з не затаніраванымі вокнамі, у ёй два мужыкі. Потым пад’ехаў затаніраваны шэры «Джылі». Я думаў, проста машыны. Хацеў падысці да сваёй па цыгарэты. «Джылі» стаў перад маёй машынай.

Я адчыняю дзверы з пасажырскага боку, і адтуль выбягаюць чатыры губазікаўцы. Я адразу тэлефон кінуў на сядзенне і рукі падняў — зразумеў, што гэта па мяне. Вакол нікога.

Потым мне патлумачылі, што гэта за «Гаюн» у 2022-м. Я кажу: «Дык калі гэта было, ужо і забыўся пра гэта». Аказалася, раней затрымалі адміністратарку «Гаюна». І высветлілася, што даныя пра тых, хто адпраўляў інфармацыю пра тэхніку, не выдаляліся і заставаліся ў іх. У губазікаў і КДБ гэта ўсё было як на далоні — хто і адкуль адпраўляў.

У той момант я адчуў страх. Не так за сябе, як за дзяцей і за жонку, бо я адзін працаваў. Мне спачатку сказалі «годзік» дадуць, а потым аказалася ад трох да сямі гадоў зняволення — я ў шоку быў. Мяне ўзялі мякка, не білі, хоць іншыя хлопцы ў СІЗА расказвалі, што іх моцна збівалі.

Я грамадзянін Украіны, у мяне быў толькі беларускі від на жыхарства. Мяне павезлі да маладога следчага. Праціўны хлопец. Ён дапытваў, а побач сядзелі два губазікі і опер. Праз гадзіну прыйшоў дзяржаўны адвакат, які проста сказаў: «Гавары як ёсць». А следчы адразу прыпужаў: «Ты ж разумееш, што за тое, што ты зрабіў — гэта смяротнае пакаранне?». Я наогул згубіўся і ў шоку быў. Яны ж спецыяльна палохаюць.

Пасля допыту павезлі ў ІЧУ, дзе я прабыў дні тры. Выклікалі да пракурора. Пракурор — мой сусед (у мяне там і мянты, і следчыя, і пракурор — усе суседзі). Жонка да яго прыходзіла, плакала, прасіла, бо я адзін карміцель. А яму ўсё роўна.

Ён падпісаў паперу на СІЗА. Пасля мяне адправілі туды этапам. Крымінальную справу завялі паводле артыкула 361-4 ч. 1 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці)».

Жыццё ў СІЗА і стаўленне сілавікоў да палітычных зняволеных

У зняволенні Ілля пабачыў, як функцыянуе беларуская пенітэнцыярная сістэма. Як распавёў суразмоўца, палітычныя зняволеныя знаходзяцца ў СІЗА ў самым нізе іерархіі адміністрацыі — іх лічаць больш небяспечнымі за серыйных забойцаў. Здзекі, жоўтыя біркі прафуліку, пастаянныя кайданкі на этапах і татальная ізаляцыя суправаджаюцца абсалютнай абыякавасцю медыкаў.

Калі ў Іллі абвастрылася язва, турэмны лекар адказаў на яго просьбу аб дапамозе лаянкай. Тым часам следчыя працягвалі маральны ціск, тэрарызуючы яго жонку на волі.

«Калі меў быць суд — ніхто не казаў. Па чутках, судзяць праз 5-6 месяцаў пасля затрымання. У СІЗА я прабыў амаль тры месяцы. За гэты час следчы даў толькі адно спатканне з жонкай. Два разы вазілі на допыты, бо ён збіраў характарыстыкі ўсюды, дзе я працаваў і жыў. Ён вельмі здзівіўся, што ўсе характарыстыкі былі выключна пазітыўныя. Пасля гэтага стаў мякчэй размаўляць.

На мяне моцнага ціску не было, але ціснулі на жонку. Следчы патрабаваў даць дазвол глядзець камеры ў кватэры. Яна адмовіла: «Мужа забралі, навошта вам сачыць, як я з дзецьмі ўрокі раблю і ежу гатую? У мяне і камер няма». Тады ёй пагражалі: «Калі ў цябе ў тэлефоне нешта знайду, паедзеш на трое сутак».

Мяне ж пыталі, ці ёсць ва Украіне знаёмыя вайскоўцы, з СБУ ці паліцыі. З паліцыі знаёмыя ёсць, з СБУ — не. Брат у мяне ваюе, але я пра гэта не казаў, слава Богу, яны гэтага не ведаюць.

Увогуле ў СІЗА ўсе, нават забойцы і махляры, уражаныя тым, як ставяцца да палітычных.

Палітычныя прыраўноўваюцца да маньякаў — асабліва небяспечныя людзі, на этапах заўсёды ў кайданках, размаўляць шмат з кім нельга, рот затыкаюць. У камеру могуць падсадзіць «шасцёрку», які працуе на опера, каб слухаў. У палітычных на дзвярах вісяць жоўтыя карткі — прафілактычны ўлік. Спаць палітычным можна толькі на верхніх ложках пад самай камерай назірання, каб было відаць.

Аднойчы я выклікаў лекара — у мяне язва, два тыдні так круціла, што ледзь вытрымаў. Прасіў лекі. А ён прыйшоў і сказаў: «Ідзі ты нах*р, бля*зь, не пі*дзі, што ў цябе нешта тут баліць». Нічога не даў.

Сам я не трапляў пад фізічныя здзекі, але хлопцы расказвалі, што часам людзі ў масках і з палкамі забягаюць у камеры, усіх выкідваюць на расцяжкі, робяць ператрусы».

Памілаванне і новае жыццё

Ноччу ў снежні 2025 года Іллю вывелі з камеры і ў кайданках павезлі ў невядомым кірунку. Апынуўшыся ў зімовым лесе сярод узброеных сілавікоў, ён развітаўся з жыццём, думаючы, што яго вязуць на расстрэл. Аднак замест гэтага Іллю разам з іншымі палітвязнямі перадалі ўкраінскаму боку. Сёння Ілля знаходзіцца ў бяспецы ў Еўропе, працуе і збірае грошы, каб як мага хутчэй выцягнуць сваю сям’ю з Беларусі.

«Да суда я так і не дасядзеў. Пра тое, што буду на волі, ніхто не папярэджваў. Я зразумеў гэта, толькі калі ўбачыў Кірыла Буданава і трапіў на тэрыторыю Украіны.

Гэты дзень, 13 снежня 2025 года, пачаўся каля 4-й гадзіны ночы. Зайшлі з сабакамі, канваіры кажуць: «З рэчамі на выхад». Да гэтага мы чулі па радыё навіны пра візіт Джона Коўла, пацаны яшчэ жартавалі: «О, зараз паедзеш дадому».

Выклікалі мяне ў распранальню, там стаяла жанчына і два мужыкі, адзін у балаклаве — я зразумеў, што гэта КДБ. Далі падпісаць нейкую паперу, аддалі пашпарт і апошнія 20 рублёў. Кажуць: «Бяры сумку, праходзь за намі». Я спытаў куды, а мне ў адказ: «Закрый рот нахрэн і не вякай».

Выходжу — стаіць бусік, чалавек сем кдбшнікаў, сабакі. Было вельмі страшна. Мяне пасадзілі ўніз бусіка, нахілілі ракам і прыкавалі кайданкамі да нейкай жалязякі.

Мы ездзілі па горадзе, каталіся. Потым яшчэ кагосьці забралі. Нас завезлі ў лес і поле. Я рэальна перапужаўся, думаў, што заб’юць і расстраляюць. Была куча машын, людзі ў масках са зброяй. Затым нас пачалі пераводзіць у аўтобусы.

Да лесу везлі ў масках, потым знялі, потым зноў надзелі. На рукі наляпілі скотч. Рэчы мае аддалі, акрамя ўкраінскага пасведчання аб нараджэнні.

Я пачаў здагадвацца пра абмен, але не разумеў, куды мы едзем: у Польшчу, Літву ці Украіну. Калі пад’язджалі, я змог крыху падгледзець праз маску. Пабачыў ўкраінскіх вайскоўцаў. Бусік спыняецца, дзверы адчыняюцца, з нас здымаюць мяшкі і скотч. Выходжу — стаіць Кірыл Буданаў, куча журналістаў і дактароў. Я зразумеў, што я дома. Ад рэзкай радасці і перажыванняў моцна разбалелася галава, нават дактароў выклікалі.

Я сказаў Буданаву, што ў мяне ў Беларусі засталася сям’я — жонка і дзеці. Ён перадаў інфармацыю. Мне сказалі, што Украіна можа дапамагчы, але на гэта сыдзе вельмі шмат часу. Таму я пачаў шукаць магчымасці самастойна.

Зараз я ў адной з еўрапейскіх краінаў, атрымаў статус часовай абароны. Адразу знайшоў працу. Зарплата маленькая, але трэба нешта зарабляць. Грошы аддаю на ежу, за кватэру, астатняе перасылаю жонцы. Яна засталася адна. А трэба карміць дзяцей, плаціць за дзве кватэры і садок. Мая галоўная мэта — хутчэй іх вывезці.

Спрабую рабіць дакументы — трэба апастыляваць 7 дакументаў, кожны каштуе па 500 рублёў. Дапамогі не хапае, збор праз фонды закрыць цалкам не ўдалося, чакаю нейкіх іншых магчымасцяў. Але вельмі спадзяюся, што хутка мы зноў будзем разам».