Мікола Бугай: «Спакойны, інтэлігентны палітычны стыль Мілінкевіча кантраставаў з папулізмам, уласцівым шматлікім постсавецкім палітыкам»
Ён пакінуў у спадчыну пасля сябе канцэпцыю, якая застаецца жыццяздольнай і актуальнай. Піша Мікола Бугай на Нашай Ніве.
Спакойны, інтэлігентны палітычны стыль Мілінкевіча кантраставаў з папулізмам, уласцівым шматлікім постсавецкім палітыкам.
У спадчыну ад Мілінкевіча застаецца і жыццяздольная палітычная канцэпцыя. Ён імкнуўся пасеяць грыбніцу, з якой, здавалася яму, пры спрыяльным клімаце самі сабой вырастуць грыбы.
Палітыка — гэта мастацтва магчымага. Мілінкевічу-палітыку выпаў нялёгкі перыяд. Ісці на выбары 2006 года патрэбная была ўжо не проста смеласць, а мужнасць. Гэта было пасля эміграцыі Пазняка, пасля ўстанаўлення дыктатуры і пасля забойства апазіцыйных палітыкаў. І, галоўнае, пасля таго як у Расіі да ўлады прыйшла група Пуціна і Масква ўзяла курс на адбудову імперыі.
Перамога Майдану ў 2004 годзе дала людзям надзею, але і паказала прыхватызатарам Беларусі, што можа здарыцца, калі даць нацыі волю.
У 2006 годзе Мілінкевіч бачыў сваю задачу ў тым, каб абудзіць грамадства, натхніць моладзь на дзейнасць і пры гэтым пазбегнуць праліцця крыві, не справакаваць рэпрэсій.
Ён быў прыхільнікам паступовасці — у духу Антона Луцкевіча ў гэтым сэнсе.
Ён быў не схільны да карцінных заяў. Спакойны, інтэлігентны палітычны стыль Мілінкевіча кантраставаў з папулізмам, уласцівым шматлікім постсавецкім палітыкам. Пры гэтым яму ўдалося стварыць прывабную персанальную альтэрнатыву аўтакрату.
«Выбары 2006 года былі адзінымі, на якіх я сімвалічна галасаваў не проста за альтэрнатыву Лукашэнку, а за чалавека, які цалкам адпавядаў ідэальнаму для мяне вобразу кіраўніка Беларусі. І хацелася, каб гэты кіраўнік быў менавіта такі», — напісаў гісторык Аляксандр Пашкевіч.
Мілінкевіч гадамі матаўся па краіне на сваім, помніцца, старэнькім двухсотым «Мерседэсе», выбудоўваючы сетку грамадскіх і культурных асяродкаў — сеючы грыбніцу, з якой, здавалася яму, пры спрыяльным клімаце самі сабой вырастуць грыбы.
Не такія, як там камусьці трэба ці хацелася б, а такія, якія дазволіць клімат і прыродныя ўмовы. З грыбніцай цяжка змагацца — нават калі валяць лес, яна застаецца.
Карані Мілінкевіча — з Берштаў, якія ён бязмерна любіў і дзе б хацеў дажываць, але ў выніку быў пазбаўлены гэтага. Ён быў палітык кансерватыўны, закаханы ў сваю зямлю, мову, незалежнік, які бачыў сваю мэту ў тым, каб вывесці свой народ з расійскай няволі. Але паступова.
«Лінія Мілінкевіча» — асцярожнасць у тактыцы пры цвёрдай арыентацыі на Захад і веры ў самаарганізацыю грамадства — застаецца жыццяздольнаю і актуальнаю.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное