Филин

Юлія Кот

Навошта Лукашэнка зазывае ў госці правіцеля Малайзіі?

Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч пракаментаваў Филину перспектывы збліжэння Мінска і Куала-Лумпура.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Малайзіі і вярхоўнага правіцеля гэтай краіны з нацыянальным святам — днём незалежнасці — і запрасіў султана Ібрагіма ў госці Беларусь, у любы зручны час, для «абмеркавання актуальных пытанняў двухбаковай і глабальнай павестак дня».

Султан Ібрагім. Фота: Global Look Press

Адметна, што віншавальныя тэлеграмы адпраўляюцца штогод, а вось асабістае запрашэнне было агучана ўпершыню. Правіцель не раз адзначаў, што зацікаўлены ў пашырэнні супрацоўніцтва Мінска і Куала-Лумпура. Прынамсі, у харчовай сферы, прамысловай кааперацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Маўляў, магчымасці для супрацоўніцтва ёсць, але яны не да канцы раскрытыя.

Насамрэч, фактычна ўвесь беларускі экспарт у Малайзію — гэта калій і малако (сухое і канцэнтраванае, сыроватка), адтуль у нашу краіну вязуць медычную электроніку, камп’ютары і кампаненты, пальмавае масла, какава-бабы. А ўзаемны тавараабарот зусім нязначны — прынамсі за 2024 год ён не дасягаў $50 мільёнаў.

І хоць зацікаўленасць ва ўмацаванні двухбаковых стасункаў рэгулярна пацвярджаюць абодва бакі, дамовіліся стварыць камісію па эканамічным супрацоўніцтве, але рэальна вялікіх прарываў на гэтым кірунку не назіраецца. Наколькі агулам перспектыўнае гэта партнёрства, «Филин» абмеркаваў з доктарам палітычных навук, кіраўніком інстытута «Палітычная сфера» Андрэем Казакевічам.

— Малайзія ніколі не з’яўлялася важным гандлёвым ці палітычным партнёрам для Беларусі, — нагадвае эксперт, — бо не так шмат чаго Беларусь можа туды прадаваць. У асноўным гэта даволі звычайны набор, які гандлюецца з краінамі Азіі, перадусім сыравіна.

Сапраўды, мы пакуль што не ведаем пра нейкія істотныя праекты, якімі былі б звязаныя гэтыя дзве краіны. Але ў якасці дадатковага накірунку беларускай знешняй палітыкі гэты разглядаецца даволі даўно.

А ў сувязі з тым, што кантакты з Захадам вельмі абмежаваныя і ніякіх перспектыў іх развіцця ў бліжэйшы час не назіраецца, перад уладамі Беларусі стаіць праблема паступовай дыверсіфікацыі, пошуку новых партнёраў.

Сярод краін, якія актыўна развіваюцца, Малайзія ўяўляе пэўны інтарэс — апошнія дзесяцігоддзі былі для яе вельмі паспяховымі з эканамічнага гледзішча. У тым ліку ў развіцці прамысловасці, электронікі, розных спажываецкіх тавараў. Адпаведна, у іх расце пакупніцкая здольнасць, і Беларусь можа спрабаваць уключыцца ў гэты рынак.

— Прыгадаем, што ўвесь гэты час Малайзія мае свайго пасла ў Мінску, хоць і па сумяшчальніцтве (дыпмісія ажыццяўляецца з Масквы). Ці сведчыць гэты факт аб тым, што і той бок, так бы мовіць, не супраць выйсці з фрэндзоны ў больш блізкія адносіны, ці нашая краіна хутчэй запасны варыянт для іх?

— Беларусь для іх краіна вельмі далёкая, якая не выконвае нейкай істотнай ролі ў знешняй палітыцы і эканамічных кантактах. Але, з іншага боку, кожная краіна мае сегмент накірункаў для супрацоўніцтва, дзе трэба думаць пра развіццё стасункаў, прасоўванне сваёй прадукцыі, запуск імаверных сумесных праектаў.

Пакуль што, мяркую, і Беларусь для Малайзіі, і Малайзія для Беларусі — хутчэй у такой аддаленай зоне супрацоўніцтва. Гэта кірункі не прынцыповыя, не важныя, але іх можна і варта развіваць. Бо ў сукупнасці з іншымі краінамі гэта можа мець карысць для эканамічнага супрацоўніцтва.

Што да асабістага запрашэння вярхоўнага правіцеля — сам па сабе такі візіт, як паказвае практыка, яшчэ не значыць чагосьці прарыўнога.

Трэба глядзець, якія сумесныя праекты маглі б быць у абедзвюх краін, ці ёсць істотныя інвестыцыі ў адзін ці другі бок. Пакуль што такіх крокаў мы не бачым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)