Навумчык: «Нават карумпаванае атачэньне Кебіча было куды менш небясьпечным для Незалежнасьці і дэмакратыі»
Публіцыст — пра тое, як магла павярнуцца гісторыя, калі б Лукашэнка не прыйшоў да ўлады.
— Летась на фэстывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» у Празе ў мяне запыталіся: а калі б у 1994 перамог не Лукашэнка, а Кебіч – ці было б лепей? — піша Сяргей Навумчык. — Пытаньні такога кшталту патрабуюць грунтоўных адказаў. Але калі каротка – так, лепей.
Нават карумпаванае атачэньне Кебіча было куды менш небясьпечным для Незалежнасьці і дэмакратыі, чым тая шваль з маладых і ня вельмі маладых «ваўкоў», якія прыйшлі з Лукашэнкам.
Найхутчэй, Кебіч працягваў бы тое, што ён пачаў у 1993 далучэньнем Беларусі да АДКБ і падпісаньнем сумнеўных дамоваў з Масквой. Але нацыянальнае Адраджэньне не было б гвалтоўна спыненае, яно б ішло, хай і ня ў зручных умовах (нагадаю, што ў 1993 80% першакласьнікаў пайшлі ў беларускія клясы не таму, што гэтага вельмі хацеў Кебіч, а таму, што мы патрабавалі выкананьня Закону аб мовах. А Лукашэнка пачаў з закрыцьця беларускіх школаў).
Адназначна, Кебіч ня стаў бы пазбаўляць беларускую мову статусу адзінай дзяржаўнай, не скасоўваў «Пагоню» і Бел-Чырвона-Беклы Сьцяг у якасьці дзяржаўных сымбаляў, абсалютна выключана, што ён даў бы загад зьбіваць дэпутатаў БНФ у залі парлямэнта.
Вялікай дэмакраты не было б, але ў 1995-м БНФ адназначна меў бы фракцыю ў ВС (хаця б 20-30 дэпутатаў, як і ў ВС-12). Не было б шальмаваньня па БТ Васіля Быкава і, як вынік, ягонай фактычнай эміграцыі. Не было б забойства Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, у гэтым я не сумняюся (кажу пра адзін 5-гадовы электаральны тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў – (1994-1999) – Завадзкага забілі ў 2000-м).
Думаю, мы б мелі 5 гадоў на нацыянальнае разьвіцьцё (зь вялікімі нашымі высілкамі, натуральна).
Пры гэтым я а ні ў якім разе не здымаю віны Кебіча за тое, што адбылося ў 1994 (не адказнасьці – адказнасьць у той ці іншай ступені нясе кожны палітык ці грамадзкі дзеяч, і нават звычайны выбаршчык, а вось віну нясе той, хто мае ўладу).
Кебіч наўрад ці пайшоў бы на другі тэрмін. А вось хто б перамог у 1999-м, і што было б пасьля – прадказаць не бяруся.
Читайте еще
Избранное