З маёй камеры вялася наўпроставая відэатрансляцыя ва УУС Гродзенскага аблвыканкама. Разумееце: я жанчына, мне 51 год, я важу менш за 50 кілаграм, але такая небяспечная «экстрэмістка», што мяне трэба ўтрымліваць у адзіночнай камеры, сачыць за мной 24/7 і не даваць нічога, ні матрасаў, ні гарачай вады, ні перадач ад родных.
Беларуска ў выгнанні: «На раніцу, прачынаючыся, баюся расплюшчыць вочы, бо адразу зразумею, што я ж не ў Беларусі»
Культуролаг і музеязнаўца Рэгіна Лавор — пра «хатнюю хімію», процістаянне сістэме і барацьбу, якая не скончылася.
Культуролаг, рамесніца, стваральніца адзінага ў Беларусі музея нацыянальных культур Рэгіна Лавор — танюткая і зграбная, як парцалянавая статуэтка. І яшчэ неверагодна моцная. Мабыць, таму ў невялічкім Іўі яна працягвала хадзіць кожную нядзелю на акцыі пратэсту, нават калі гэта стала небяспечным.
У снежні 2020 года па яе прыйшлі: з вобшукам, а там і з крымінальнай справай за «абразу міліцыянтаў». У верасні 2021-га суд прызначыў два гады абмежавання волі — так званую «хатнюю хімію».
Рэгіна Лавор віну не прызнала. Пісала скаргі на парушэнні з боку сілавікоў, трымала галадоўку супраць нечалавечых умоваў утрымання ў ІЧУ і не зламалася, нават калі яе пазбавілі прафесіі і фактычна зачынілі ва ўласным доме.
У красавіку 2023-га спадарыня Рэгіна вымушана з’ехала з краіны. «Салідарнасць» пагутарыла з ёй пра асаблівасці пераследу ў маленькім горадзе, цяжкі выбар паміж «з’ехаць» ці «застацца» і мару, якая нахтняе.
«Такая небяспечная «экстрэмістка», што трэба ўтрымліваць у адзіночнай камеры»
Год таму Рэгіну Лавор улады ўнеслі ў спіс «экстрэмістаў». А вось палітзняволенай, як і іншых «хатніх хімікаў», не прызналі (хоць асуджаная яна была па палітычным артыкуле).
— Яшчэ калі знаходзілася ў Беларусі, я задавала «Вясне» гэтае пытанне: што ўмовы змяніліся, і мабыць, трэба змяніць крытэрыі. Напрыклад, ужо нейкі час таму людзей, якія праяўлялі актыўнасць, сілавікі пачалі саджаць за краты па іншых артыкулах. Так адбылося з маім сябрам: ён ездзіў па выбарчых участках, склікаў людзей на сходы са старшынямі райвыканкамаў — а яму далі зараз 6 гадоў, зразумела за якія падзеі, але артыкул «непалітычны», 426 — перавышэнне паўнамоцтваў.
У самой Рэгіны Лавор за год «хатняй хіміі» назбіралася тры парушэнні — і на наступны раз сілавікі прыгразілі ўзмацненнем пакарання, то-бок, пераводам у калонію. А з зімы 2023-га пачалі рабіць усё, каб такая падстава з’явілася.
— Трэцяе парушэнне ў мяне было ў чэрвені 2022-га, і я не зусім разумела, як яны здымаюцца. Праз суд другое і трэцяе парушэнні не атрымалася скасаваць, спрабавала ўвесь час напісаць у РАУС, ва УУС Гродзенскага аблвыканкама — а яны не тлумачылі простай мовай, а адпісваліся радком з артыкула заканадаўства. Нічога ўцямнага не казала і інспектарка Дар’я Варабей, хоць гэта быў яе прамы абавязак.
Усе гэтыя службы зацікаўленыя ў тым, каб ты менш разумеў, менш задаваў пытанняў, сядзеў і не высоўваўся. А я, наадварот, не супакойвалася; і кожны дзень ад чэрвеня 2022-га жыла, як апошні.
Даваць сілавікам карты ў рукi Рэгіна і яе сям’я не збіраліся, а таму ўсталявалі на доме камеру відэаназірання, каб было не так проста зладзіць правакацыі (кшталту «мы прыходзілі, стукалі-званілі, а грамадзянка дзверы не адчыніла»).
— Кожную пятніцу, ідучы адзначацца ў РАУС, надзявала на сябе дадатковую бялізну, брала ў заплечнік самае неабходнае, хоць і разумела: калі апынуся ў ізалятары, хутчэй за ўсё, нічога не пакінуць наогул, акрамя зубной пасты, мыла ды туалетнай паперы. Да якогасьці часу яшчэ прыносілі на ноч матрас і коўдру — але калі я сядзела апошні раз, ужо нічога гэтага не было.
І мала таго — калі былі вобшукі камеры (не як ва ўсіх «сядзельцаў», двойчы, а чатыры разы на дзень), мяне выводзілі ў кайданках з камеры…
— Можа быць, гэта ўсё — таму што вы не прынялі правілы гульні «маўчаць і не высоўвацца»?
— Магчыма. Я не думаю, па шчырасці, што мясцовыя хацелі неяк выслужыцца за мой кошт — хутчэй за ўсё, былі загады зверху, бо не атрымліваючы адказу на сваю скаргу, я ж пісала ў вышэйшыя інстанцыі.
А ад 31 студзеня пачаўся прам ціск-ціск, штодзённыя праверкі — літаральна 5-6 разоў за вечар (у сакавіку, напрыклад, сілавікі прыязджалі ў дом да Рэгіны Лавор 61 раз, таксама яе двойчы ўначы вазілі на медагляд, правяраць на наяўнасць алкаголю ў крыві, — С.).
А я з першага дня, як стала на ўлік, завяла сшытак, і кожны дзень запісвала іхныя імёны і званні — хто ў які час прыязджаў. Канешне, калі раней ты ніколі не сутыкаўся з гэтым ні па адміністрацыйных, ні па крымінальных справах — такое сабе жыццё, калі ў тваім доме фактычна жывуць супрацоўнікі органаў — Дэпартамента аховы, РАУС, участковы інспектар.
Стабільна раз на месяц прыязджаў гарадзенскі АМАП па 3-4 чалавекі, паводзілі сябе па-асобаму: «А вы ведаеце, што мы маем права прайсці ў ваш дом, паглядзець тое і тое?» — Адказвала: «Прабачце, але гэта дом, а не турма, пакаранне адбываю тут я — а ўсе астатнія проста жывуць, і вы не маеце права хадзіць па маім доме, калі няма на тое дакументальнага пацверджання».
Сярод супрацоўнікаў міліцыі, прыгадвае Рэгіна Лавор, былі як «асабліва адораныя», якія вычвараліся ў службовым імпэце, так і тыя, каму гэтыя дадатковыя абавязкі відавочна не прыносілі задавальнення.
Дарэчы, «палітычных хімікаў», акрамя яе, у раёне больш не было — мабыць таму з візітамі няветлівасці сілавікі розных катэгорый прыязджалі толькі да яе, астатнім было дастаткова адзначацца ў РАУС.
— Іўе — невялікі горад, каля 7 тысяч чалавек. Як тыя, хто катаваў, хто перавышаў паўнамоцтвы, глядзелі людзям у вочы?
— Нармальна, як нічога. Той участковы, Аляксандр Стубеда, які склаў на мяне першы і другі рапарт за парушэнні, паводзіў сябе так нахабна — надзеў мне перад машынай кайданкі, а я туды не магу залезці — гэта высокі УАЗ, — то як піхануў, я ў тое сядзенне тварам і бухнулася. І нічога, гэты мужык які мо разоў у пяць больш за мяне важыў, глядзеў мне ў вочы і казаў: «Вы не патрыёт!».
«А вам забаронена»
— Пра тое, што пратэсты «праплачаныя», размоваў ніколі не было, мо якраз таму, што ў нас невялікі горад. Але затое начальніка ізалятара вельмі хвалявала, што я не працую.
А я пасля таго, як два тыдні па-чэснаму хадзіла па горадзе і шукала працу, зразумела, што ніхто мяне не возьме, бо быў такі загад — зарэгістравалася рамеснікам. Хоць у РАУС зайшла запытацца, ці возьмуць мяне прыбіральшчыцай.
Начальнік Вадзім Шчурскі пытаецца: «Рэгіна Мечыславаўна, вы што, здзекуецеся?» — «А што такога, — адказваю, — буду ў вас пад наглядам, будзеце выхоўваць» — «Ідзіце, пакуль я з вамі па-харошаму».
Пошукі працы былі для спадарыні Рэгіны асобным здзеклівым квестам: усе ваканскіі ў культурніцкім сектары, калі яна прыходзіла, раптам «знікалі». У выніку ў райвыканкаме сабралі цэлую выхаваўчую камісію, якая абмяркоўвала ейнае працаўладкаванне.
У снежні 2022 года яна зарэгістравалася як рамесніца, заплаціла падатак на год наперад — і толькі тады яе адчапіліся. Але працаваць, па сутнасці, было няможна: з дому ў двор дазвалялася выходзіць толькі да 19, са двара — усяго на дзве гадзіны ў дзень, а ў выходныя наогул не пакідаць хаты.
— І вось я раблю вышыўку, а ў нашым горадзе не купіць нават тканіны і нітак, — уздыхае суразмоўніца «Салiдарнасцi». — Калі займаюся саломапляценнем — трэба ж у поле, каб накасіць на салому, альбо ў лес набраць матэрыялаў. Вы не ўяўляеце сабе, у што гэта вылівалася!
Пішу запыт, што мне трэба выехаць у лес, каб набыць матэрыялы — мне адказваюць, што трэба звяртацца ў лясгас, атрымаць дазвол. З лясгасу адказваюць: так, трэба прыехаць заплаціць збор, і мне пакажуць дзялянку, дзе можна збіраць шышкі ды іншыя матэрыялы, што мне там трэба. З гэтай паперай зноў пішу ў РАУС — а яны мне адпіску, што згодна артыкула такога-та КААП можа быць дазволена тое і тое, а вам — забаронена. І так кожны тыдзень!
Пад забарону трапілі самыя важныя рэчы — наведванне касцёла, паездкі да састарэлай матулі і іншых сваякоў, нават карыстанне вулічнай прыбіральняй.
Гандляваць сваімі вырабамі Рэгіне Лавор дазволілі хіба ў пятніцу на мясцовым крмашы, і начальнік ізалятару Віталь Спевак штораз пры сустрэчы здзекліва пытаўся, дзе можна купіць ейныя працы. «Так быў дастаў, што і адказала: па-першае, мае работы — не для рынку, кожная рэч — індывідуальная і непаўторная, а па-другое, вы столькі не зарабляеце, каб купіць мае працы», — усміхаецца рамесніца.
«Першы варыянт быў выбірацца праз балота»
— Як блізкія ставіліся? Не было такіх размоваў у сям’і, што, маўляў, не трэба ўдзельнічаць у пратэстах, бо ты ставіш пад пагрозу сям’ю, дзяцей — і дзеці ўжо дарослыя, і наогул неяк няма ў нас у сям’і такой завядзёнкі.
Вось ужо калі на «хатняй хіміі» назбіралася тры парушэнні, тады перагаварыла з блізкімі, каб яны разумелі небяспеку: што ў любы момант мяне могуць затрымаць, скласці рапат, даць 10 содняў, за гэты час падрыхтуюць суд, які вынясе рашэнне аб змене пакарання — і я ўжо не выйду.
Але я бачыла, што родныя не вераць у такі варыянт. З мужам некалькі разоў гаварылі, што, магчыма, прыйдзецца з’ехаць — але ўвесь гэты час, пакуль я адбывала пакаранне, мы будавалі дом…
Папраўдзе, я не збіралася з’язджаць, верыла ў тое, што дабуду гэтую «хатнюю хімію» без парушэнняў. 10 месяцаў пратрымалася, але тое, што пачалося ад студзеня, скасавала гэтыя намеры.
Чарговае парушэнне рэжыму адбыцця пакарання, распавядае спадарыня Рэгіна, сілавікі адкрыта сфабрыкавалі. Участковы Антон Варабей зрабіў выгляд, што яму не адчынілі, павярнуўся спінай і сышоў. Пабегчы за ім жанчына не магла, бо пасля 19 гадзін не мела права пакідаць дом. Камера на доме Лавор зафіксавала іхную размову, але начальнік РАУС Шчурскі на хадайніцтва аб праглядзе відэа з хатняй відэакамеры не адрэагаваў наогул, а на запісе з міліцэйскага відэарэгістратара, паводле версіі сілавікоў, не захавалася аўдыя (!). «Суд доказать обратное не смог», — заявіў суддзя.
Вынік — дзесяць содняў штрафнога ізалятару, плюс цэлы камплект здзекаў: распрананне дагала перад камерамі, адзіночная камера без ацяплення (забудзьцеся на матрас), прагулак і перадач, з чатырохразовымі вобшукамі і начнымі паверкамі штодня. 22 красавіка, выходзячы з ізалятару, яна ўжо ведала, што гэты раз — дакладна апошні.
— Я зразумела: калі застануся да канца, то атрымаю ў плечы калонію. З аднаго боку, тэрмін заставаўся ўсяго 7 месяцаў.
Думала, мо калі збяру ўсе сілы ў кулак, то прайду і гэта. Але было б вельмі складана эмацыйна вытрымаць той ціск, бо я ж проста не змагу маўчаць. А калі не маўчаць — гэта «непадпарадкаванне адміністрацыі».
Не баялася, калонія там, ШІЗА ці карцар, а вось што адміністрацыя накіне яшчэ год, і яшчэ, як Паліна (Шарэнда-Панасюк — С.) сядзіць, і што я папросту не выйду ніколі.
Да таго ж субота, не было магчымасці пракансультавацца з юрыстам — ведала, што ўжо выпісаныя наступныя содні, нібыта за 0,210 праміле алкаголю ў крыві (медык сказаў, можа быць ад лекаў), і не разумела, як дзейнічае сістэма, ці залічаць 7 месяцаў «хатняй хіміі» як 3,5 месяцы ў калоніі, ці як?
— Чула, што з’язджалі вы літаральна басанож. Ці быў нейкі план, дзе можна прытуліцца, ці толькі адчай і жаданне выбрацца?
— Я ніколі не разглядала пытанне, як з’язджаць, не рыхтавалася: у нядзелю хаатычна, у нейкім шаленстве шукала, хто можа дапамагчы. Напісала на BYSOL, яшчэ аднаму свайму віртуальнаму сябру — і першы варыянт увогуле быў выбірацца праз балота. Была згодная і на яго, бо ўжо ў аўторак мяне маглі забраць на «суткі», а ў сераду — суд, і ўсё, змена пакарання.
У панядзелак служба эвакуацыі прапанавала маршрут. Часу на зборы наогул не было, і гэта выходны перад Радаўніцай, білеты раскупленыя — пакідала ў заплечнік шкарпэткі, спартыўны касцюм, нешта яшчэ, ужо не памятаю нават…
Не магу распавядаць падрабязнасці, але шлях склаў цэлы тыдзень. У Мінску я ўжо шла і пад камерамі, і ў метро спакойна, бо ведала, што ўначы мяне не будзе ў краіне.
Але зусім не ведала, якім чынам — калі запыталі, дзе хацела б апынуцца, адказала, што ў Польшчы, бо тут ёсць карані, спадзявалася знайсці сваякоў. Атрымалася вандроўка, у якой было адчуванне, што назіраю за ўсім, і за сабой у тым ліку, як бы зверху ці збоку, як у кіно.
У адзін момант падумала: вось блін, мне 51 год, я ўсё жыццё жыву ў Беларусі, працую на дабрабыт гэтай краіны, столькі ўсякіх розных спраў зрабіла, культуру прасоўвала — а зараз пінком выкінутая са сваёй краіны, і не магу зразумець, за што. Ні дома, ні маёмасці, ні блізкіх, ні сяброў, ні грошай — нічога!
Калі б ведала, як складзецца шлях, невядома, ці пагадзілася б на такую авантуру, прызнаецца спадарыня Рэгіна. Не ведала нават, дзе яна апынецца праз гадзіну — на тэлефон проста прыходзіла паведамленне, што рабіць далей і куды ісці. Але разам з тым яна вельмі ўдзячная службе эвакуацыі:
— Ці спаў той хлопец, які мяне вёў? Таксоўкі, начлег, квіткі і пераезды — усё было прадумана. І калі я чула расповеды людзей, што ў іх прасілі нейкія грошы за эвакуацыю — у маім выпадку гэтае пытанне нават не ўздымалася. Штосьці я аплочвала са сваіх грошай, штосьці ўжо было аплочана, але ў любым выпадку арганізацыя на вышыні.
На мяжы самае цяжкае аказалася — сказаць памежнікам, што я такая-та, грамадзянка Беларусі, і я прашу прытулку. У Польшчу прыехала ўначы, не было магчымасці купіць сімку, мела толькі адрас Беларускага дома — за таксоўку заплаціў украінскі хлопец-валанцёр, які жыў у доме.
«Жыву толькі надзеяй, што вярнуся ў Беларусь»
— Калі прыйшло адчуванне, што вось цяпер вы ў бяспецы, і што можна спакойна заснуць?
— Само адчуванне бяспекі прыйшло яшчэ на мяжы, калі скончыла пацэдуру афармлення з памежнікамі і мытняй. Выйшла на мост — і крычала крыкам. І ад адчування, што я на волі, і ад роспачы — за што гэта ўсё?! Падышла да нейкіх людзей запытацца, дзе набыць квіткі на аўтобус, а мужыкі дачапіліся, маўляў, дай адзін еўра (відавочна на апахмел), і ажно смешна стала: у каго якія праблемы.
Сон, каб нармальны, спакойны — напэўна, не прыйшоў да гэтага часу. Я вельмі рэагавала на ўсякія грукі, дзе што стукне, дзверцы машыны ляпнуць — бяжыш да вакна, бо асацыяцыя, што прыехалі з праверкай.
Зараз іншая рэч: сплю, як трызню, і ў сне адчуваю трывогу, быццам штосьці не зроблена, а ўцяміць, што — не магу. Вечарам лягаю спаць і прашу толькі адно: Божа, дапамажы нам вярнуцца дадому. На раніцу, прачынаючыся, баюся расплюшчыць вочы, бо адразу зразумею, што я ж не ў Беларусі.
Удзень збольшага нармальна, вельмі шмат справаў — то якіясьці грамадскія клопаты, то афармленне дакументаў, то беларускія акцыі, то курсы адны, другія, то трэба дапамога людзям, якія выехалі і іх кудысьці неабходна скіраваць. Штосьці я дапамагаю, штосьці мне, стараюся па магчымасці загрузіць сябе, каб адмяжоўвацца ад змрочных думак.
Але асноўныя пытанні ўсё яшчэ адкрытыя. Працы афіцыйнай пакуль няма, статус яшчэ не атрымала ніякі — ні ўцекача, ні дадатковай аховы, — усё гэта вырашаецца, але вельмі павольна.
А з другога боку, я разумею, што не хачу ні карты часовага побыту, ні курсаў, толькі дадому. Муж цяпер прыехаў да мяне, кажа: забудзься, мы ўжо ніколі ня вернемся. А ў мяне ў галаве гэта ніяк не ўкладваецца — жыву толькі надзеяй, што вярнуся ў Беларусь.
Акрамя жытла і ежы над галавой, каб проста перабыць нейкі час, усё іншае страціла сэнс — я таму не абрастаю рэчамі. Калі больш за месяц жыла ў Беластоку і трэба было купіць лёгкія рэчы на сезон — магла пайсці ў краму, нешта пераварушыць — і нічога не купіць, бо нашто мне гэта ўсё, калі неўзабаве паеду дадому? І так жыве вельмі шмат людзей, асабліва сталага веку, — у чаканні таго, каб хутчэй вярнуцца дадому.
— А як ваша здароўе? Усё ж ні галадоўка, ні ШІЗА нікому сіл не дадаюць…
— Мабыць, у мяне вельмі моцныя генетычныя карані, — матуля, якой ужо 86 гадоў, яшчэ да нядаўняга часу ўдзельнічала ў спаборніцтвах па лыжах, і мне, падобна, гэты патэнцыял перадаўся ад бацькоў. Ну і сама ўвесь час падтрымлівала фізічную форму, таму асаблівых праблем няма. Хіба, канешне, пасля апошніх «содняў» абвастрылася і гінекалогія, і шэраг іншых рэчаў, бо было вельмі зімна, ацяпленне адключылі, а спала ж на голых дошках.
Праўда, быў адзін паставы, які даваў на ноч дзве бутэлькі вады гарачай, пад сваю адказнасць, і я з тымі бутэлькамі ў абдымку спала. Цеплыні прыблізна да 3 гадзін хапала, потым яшчэ крыху, калі прыкласці бутэлькі да голага цела. А далей ужо уставала, адціскалася, адбівала нагамі рытм «Жыве Беларусь», і трансляцыю вяла для УУС.
Бо відэакамера ж працуе, а мне дзесяць дзён адной у камеры — такое сабе, хоць з мышамі размаўляй; ну вось завочна з супрацоўнікамі УУС размаўляла, распавядала, які ціск ажыццяўляюць іхнія падначаленыя ў Іўі.
А вось з зубамі, дадае Рэгіна Лавор, «выйшла трагедыя»: у Беларусі яна пачала рабіць імпланты па пратэз, але паставіць яго ў Лідзе ўжо не паспела. Цяпер гэтае пытанне даводзіцца вырашаць у Польшчы.
— Таксама ўвесь час, што была на «хатняй хіміі», я працавала з псіхолагам. Удзячная гэтаму чалавеку, што была магчымасць расказваць, дзяліцца сваімі перажываннямі, атрымала карысныя парады, якія дапамаглі ў некаторых момантах. Бо ведаеце, калі заводзяць у пакой і кажуць раздзецца дагала, унутрасны пратэст — як выбух, можа дайсці да таго, што карціць пабіць супрацоўніка…
І вобшукі, якія прыйшлося прайсці, і содні — пакуль не з’явіліся першыя парады ад праваабаронцаў, карысныя гайды — хто ж з нас ведаў, як сябе паводзіць?
— У такім ціску, у змрочных навінах, у чаканні новых правакацый — што дапамагала не апусціць рукі?
— Калі сядзела ў ізалятары, думала пра тых людзей, каму больш складана, чым мне, хто знаходзіцца ў турмах, у калоніях. Я ж вельмі шмат лістоў і паштовак, зробленых сваімі рукамі, дасылала, пісала людзям, гісторыі якіх убачыла на сайце «Вясны» — на жаль, адказаў не атрымала, толькі ад Марфы Рабковай прыйшоў адзін раз ліст.
І мяне, дарэчы, таксама вельмі шмат людзей падтрымалі: прыходзілі дадому, дапамагалі матэрыяльна і маральна. А яшчэ дапамагалі думкі пра сям’ю, родных, якія заўжды клапаціліся пра мяне, і ім, мабыць, было нават больш складана — сястра суткамі стаяла каля РАУС.
Цяпер Рэгіна Лавор працягвае — вышываць, падказваць сакрэты вышыўкі іншым зацікаўленым, распаўсюджваць беларускія традыцыі.
— Мабыць, мая адукацыя паўплывала — лічу, што новай Беларусі не будзе без мовы, без культуры, без традыцый, і гэта трэба прасоўваць. Натхняе тое, што калі я сама перайшла ў сацсетках на родную мову, убачыла неверагодную колькасць беларусаў, асабліва моладзі, якія вандруюць па Беларусі, паказваюць прыгажосць нашай краіны, спрабуюць навучаць сябе і дзетак на мове, альбо проста вядуць блог па-беларуску…
Даўней, калі я працавала ў культуры, ставілася да гэтага проста: праца і праца, выкананне службовых абавязкаў. Але калі ўжо дакранулася да рамёстваў, пачала бліжэй знаёміцца з традыцыямі, то захацелася ўсё гэта больш расшукваць, захоўваць, перадаваць — так яно і працуе.
І я вельмі ўдзячная тым, хто сёння, знаходзячыся ў Беларусі, шукае розныя магчымасці, каб прасоўваць мову нашу мову і культуру — гэта таксама барацьба.
— А мара адзець усіх беларусаў у вышыванкі захавалася?
— Так, канешне, — ад душы смяецца спадарыня Рэгіна. — І колькасць гэтых людзей толькі павялічваецца. На сваёй старонцы я выкладваю канкрэтныя заняткі; людзі пішуць, хтосьці таксама спрабуе заняцца вышыўкай. І гэта яшчэ больш нахтняе і матывуе, бо проста адзець беларусаў у вышыванкі — цудоўна, а даць магчымасць самім навучыцца, захоўваць і перадаваць майстэрства — наогул ідэальна.
Читайте еще
Избранное