«Час змяніўся, і нам таксама трэба вылечвацца ад ужывання гвалту рознай формы»
Што адбываецца, калі «за кратамі» ўся краіна? Псіхолаг распавядае «Салідарнасці» пра тое, як і чаму агрэсія становіцца нормай, і ці можа беларускае грамадства даць рады.
Беларусы, якія выходзяць з-за кратаў, распавядаюць пра жорсткае абыходжанне і нават катаванні. Падчас масавых пратэстаў, калі стала вядома пра жорсткасць з боку сілавікоў, многія нават не маглі паверыць, што гэта робяць свае ж суграмадзяне. Улады ж апраўдвалі гвалт, і дагэтуль ніводнай справы супраць сілавікоў за гэта ў Беларусі не заведзена. Ці рэч толькі ў тым, што «часам не да законаў»?
Як у Беларусі ўнармавалі агрэсію, да якіх наступстваў тое прывяло і як грамадству лекавацца, «Салідарнасць» абмеркавала з псіхолагам, прадстаўніцай арганізацыі «Урачы за праўду і справядлівасць» Вольгай Вялічкай.
Фота з асабістага архіву суразмоўніцы
— Беларускія сілавікі нярэдка сыходзяць з жыцця ў маладым узросце, падаецца, пасля 2020 года гэтых выпадкаў паболела. Ёсць меркаванне, што не апошнюю ролю тут адыгрываюць згрызоты сумлення з-за выканання несправядлівых загадаў і перавышэння паўнамоцтваў.
— Я б не надта ўвязвала заўчасныя смерці і, так скажам, маральныя пакуты.
Пачнем з таго, што не кожны чалавек здольны працаваць у сістэме МУС. Сярод матываў, каб туды пайсці, ёсць не толькі пазоў — служыць грамадству, рабіць усё, каб быў парадак, менш злачынстваў, словам, тое, дзеля чаго гэтая структура і была створаная. Але ж ёсць другі матыў. Дзяржава ў сённяшнім выглядзе выдае сілавікам дужа шмат матэрыяльных «плюшак».
І калі людзі ідуць «органы» без высокай матывацыі, а з матэрыяльнага інтарэсу — спадзявацца на тое, што яны будуць рэфлексаваць па 2020 году, я б не стала. Большасць іх і да 2020-га жылі статыстыкай.
Ва ўсіх дзяржаўных інстытуцыях Беларусі якасць аказання паслуг пагоршылася. Не думаю, што гэта абмінула МУС. Наадварот, мы маем пачкамі сведчанні, якім чынам падробліваюцца справы, людзей падпісваюць на «экстрэмісцкія» каналы.
Другі важны момант: за 30 год кіравання Лукашэнкі значная частка нашага грамадства не мае дастаткова крытычнага мыслення, гэта наўмысна выбівалася з беларусаў.
Людзі без індывідуальнасці, без крытычнага мыслення натуральна імкнуцца да «моцнай рукі», «крэпкага хазяйственніка». У сілавых структурах гэта праяўляецца відавочна: загад аддалі — яны выканалі, падпарадкоўваючыся больш моцнаму.
На гэтым бяздумным падпарадкаванні збудаваныя ўсе дыктатуры.
Вольга распавядае: да яе пару разоў звярталіся былыя сілавікі, дзецям якіх была патрэбная дапамога. Гэтыя людзі ў 2020-м удзельнічалі ў здушэнні пратэсту — «таму што мы выконвалі загады».
Нават пасля звальнення індывідуальнай алказнасці за свае дзеянні яны не прынялі, дадае псіхолаг. Сумневы пачаліся, толькі калі іх асабіста прыцягнулі да ілжэсведчанняў, а звесткі пра тое з’яўляліся ў публічнай прасторы.
— Я лічу, гэта абумоўлена 30-гадовым вынішчэннем магчымасці думаць, быць індывідуальнасцю. Паглядзіце, як працуе цяпер сістэма адукацыі ў Беларусі: адзін у адзін, усе мусяць хадзіцьпад шорстку, і чым больш расце дзіця — тым больш кантролю і патрабаванняў ад дзяржавы. А калі ў школе так, то ў сілавых структурах — у дзесяць разоў так.
— Але ж адна справа — падпарадкоўвацца, другая — праяўляць залішнюю жорсткасць самому. Прычым шмат сведчанняў, што жанчыны, якія працуюць у карнай сістэме, нават больш жорсткія за мужчын. Чым гэта тлумачыцца?
— Таму што прырода жаночая больш жорсткая, чым мужчынская. Міф пра тое, што жанчына — маці, таму апрыёры мяккая і лагодная — менавіта што міф. Калі паставіць побач сярэднестатыстычную жанчыну з нізкай рэфлексіўнай здольнасцю і такога ж сярэднестатычстычнага мужчыну — жанчына будзе больш жорсткай, бо ў ёй закладзены біялагічна напрамак на выжыванне.
Менавіта таму ў жаночых калектывах больш канфліктаў, чым у мужчынскіх. Таму адчужэнне, страта індывідуальнасці ў жаночай калоніі працуе, а ў мужчынскай — на гэта заплюшчваюцца вочы.
Дадам яшчэ адзін чыннік. Усплёск гвалту, які мы бачылі ў 2020-м, а насамрэч ён існуе даўно, тлумачыцца адчуваннем беспакаранасці — калі публічна ўлады прамовілі, што часам не да законаў, супрацоўнікі сілавых структур зразумелі, што ў іх няма межаў, усё дазволена.
Архіўныя фота Беларусі 2020 года, якія абляцелі свет. Паказаць «збітую міліцыю» ўлады не змаглі. Фота: Мсціслаў Чарноў, AP Photo, і Радыё Свабода
І тая ж турма — яна змяняе не толькі вязняў, якія сядзяць за кратамі, але і людзей, якія іх пільнуюць. Унутраных «стопаў» у турэмшчыкаў, сілавікоў значна менш, чым у людзей, хто працуе ў цыфільнай сферы.
Не можа быць, што сістэма каштоўнасцяў у іх на працы адна, а дома — іншая. Не, яны аднолькавыя. І калі чалавек адчувае, што можа беспакарана прыціскаць, прыніжаць, збіваць, падстаўляць іншых дарослых, а нярэдка і старэйшых за сябе, людзей, і за гэта нічога не будзе — канешне, гэта пераносіцца дадому, на выхаванне дзяцей, стасункі з жонкай і сям’ёй.
У сукупнасці гэта немалая частка грамадства.
— У Беларусі так і няма закону аб хатнім гвалце (прыгадаем, яго «затармазіў» асабіста Лукашэнка), маральных «стопаў», як вы згадалі, у сілавікоў таксама няма, сістэмны гвалт ужо ўспрымаецца як норма. Чым гэта адгукнецца ў будучыні — ці ўжо адгукаецца — беларускаму грамадству?
— Гэта ўжо прывяло да таго, што гвалт узаконены.
Трэба канстатаваць: гвалт, схаваны альбо адкрыты, ёсць у кожным беларусе. У кожным з нас. Бо мы выйшлі з гэтай сістэмы, і не можам быць не кранутыя яе сімптомамі.
Таму гэта ў нас ёсць, нават у дэмакратычных сілах: чапляцца за ўладу, рабіць нешта непразрыста, не прызнаваць памылкі.
У Беларусі ж на выйшэйшым узроўні гэткае адчуванне беспакаранасці дэманструе Лукашэнка.
Нядаўна амерыканскі журналіст нагадаў у інтэрв’ю Лукашэнку пра Нюрнбергскі працэс, а той адказаў, маўляў, ніхто пра той Нюрнберг ужо не памятае, у людзей кароткая памяць. Яны на тое і спадзяюцца.
Таму вельмі важна гаварыць пра злачынствы рэжыму, фіксаваць іх — каб насамрэч так не адбылося.
…На маю думку, два нядаўнія кейсы, якія адбыліся ў грамадскім сектары — Андрэя Стрыжака і Барыса Гарэцкага з БАЖ — гэта дужа паказальна і дужа вылечвальна для той сісітэмы, у якой мы знаходзімся. Бо людзі прызналі свае памылкі, іх арганізацыі пачалі ўнутраныя разбіральніцтвы.
— То-бок, адзін са спосабаў барацьбы — публічнасць, не маўчаць пра будзь-які гвалт?
— Абсалютова так. Мяркую, адзіны механізм, які можа панізіць узровень гвалту ў нашым грамадстве — прызнаваць праблему і гаварыць пра яе, выхоўваць сваіх дзяцей у іншых падыходах. Бо калі захоўваецца рэакцыя «а што такога» і «заб’юць, тады прыходзьце», ніякая сацыяльная служба, ніякая сацыяльная сфера не зможа нічога зрабіць.
Нам патрэбны і закон аб хатнім гвалце, і практыка яго прымянення. І публічнасць мусіць быць — без яе, на маю думку, мы да гэтага закону не прыйдзем. Бо дагэтуль для вельмі многіх у нашым грамадстве даць дзіцёнку кухталь — гэта норма, накрычаць, прынізіць — таксама норма.
Падобнае стаўленне заўсёды было з намі, яно вырошчвалася і захоўвалася доўгі час. У мінулым стагоддзі яно было падмацаванае наступствамі Другой сусветнай вайны, калі з яе вярнуліся мужчыны моцна траўматызаваныя, многія да таго ж былі рэпрэсаваныя савецкай уладай. Яны шмат пілі, але пра гэта мала хто гаварыў. І дзеці, якія выраслі ў гэтых сем’ях, панеслі гэтую мадэль далей па жыцці.
Але час змяніўся, і нам таксама трэба вылечвацца ад ужывання гвалту рознай формы. Таму, паўтаруся, у двух згаданых кейсах я бачу шмат плюсаў: працэс ідзе, і наступнага разу шмат хто падумае, перш чым зрабіць альбо сказаць нешта.
Безумоўна, гэта не аднамомантны працэс, пакрокавы і комплексны. Трэба агучваць тыя праблемы, якія ёсць зараз, ствараць інстытут рэпутацыі і выхоўваць дзяцей (і саміх сябе) падыходам без гвалту.