Ірына Кашталян: «Гісторыя не адназначная, не чорна-белая»
Гісторык распавяла «Салідарнасці» пра тое, ці ёсць аналогіі ў сучаснасці з рэпрэсіўных практык савецкіх часоў. І пра калектыўныя траўмы беларусаў, з якімі абавязкова трэба працаваць, каб кепскія падзеі мінулага не паўтарыліся і можна было мець больш упэўненую пазітыўную будучыню.
«Салідарнасць» працягвае абмяркоўваць з прадстаўнікамі грамадскасці, на які ўзровень выйшлі рэпрэсіі ў Беларусі, ці слушныя параўнанні са сталінскімі часамі і што можа стаць калектыўнай прышчэпкай ад таталітарызму.
Сёння наша суразмоўца — гісторык Ірына Кашталян. У сферы яе даследчых інтарэсаў — культура памяці, вусная гісторыя, у тым ліку памяць пра ахвяр сталінізму і нацызму.
Ірына Кашталян. Фота: Maximilian Glas
— Гісторыя не адназначная, не чорна-белая — яна мае мноства адценняў. На мой погляд, знак «роўна» паміж нашай сучаснасцю і сталінскім перыядам ставіць не пасуе, бо кантэксты зусім розныя, — зазначае Ірына Кашталян. — Можна знаходзіць нейкія аналогіі, пэўныя метады і практыкі выглядаюць падобнымі, але прыраўноўваць тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, да сталінізму, як і да нацызму, нельга.
Суразмоўца «Салідарнасці» дадае, што сёння ў Беларусі да парярэдніх глабальных траўмаў грамадства ад рэжымаў ХХ стагоддзя дадалася траўма ад дзеянняў цяперашняга. Апошняя нават пачынае засланяць ранейшыя, бо яна свяжэйшая і больш баліць.
Часта тыя, хто патрапіў зараз пад рэпрэсіі, ведаюць пра сталінскія рэпрэсіі хіба ў пераказах сваякоў, праз пакаленне. Архівы ж у нашай краіне дагэтуль не адкрытыя, многія тэмы, звязаныя з гісторыяй 1930-1950-х гадоў, не былі дастаткова даследаваны.
— Пры асэнсаванні трагічных падзей трэба разумець, што гэта не толькі пра мінулае і пра краіны нашага рэгіёну. На жаль, злачынствы супраць чалавечнасці, супраць уласнага насельніцтва, знішчэнне «няправільных груп» здараліся і працягваюць адбывацца ў розных кутках свету.
Вывучэнне розных вопытаў наступнага пераадолення траўмы грамадствам можа дапамагчы ў будучыні знайсці для нашага лепшыя шляхі як жыць далей.
Калі мы кажам пра 1937-ы — уяўляем сабе такі «крывавы танэль смерці», самыя страшныя практыкі катаванняў і забойстваў з боку сілавых структур, якія паказвалі, да чаго можа разагнацца дзяржаўная рэпрэсіўная машына і як пад уплывам страху змяняецца грамадства.
Дзякуй Богу, мы не ва ўмовах масавых расстрэлаў «ворагаў народу», хаця ў цяперашнія часы цяжка знайсці сем’і, якія б зусім не пацярпелі ад сучасных форм пераследу.
Калі абстрагавацца ад кантэкстаў, дыяпазон выбраных людзьмі стратэгій існавання ў грамадстве праз гады можа ўяўляцца падобным. Хтосьці з людзей будзе моўчкі пазбягаць саўдзелу ў непасрэдных злачынствах рэжыму, можа нават будзе таемна супраціўляцца праз нейкія хаця маленькія крокі.
Хтосьці патрапіць з-за сваёй прынцыповай пазіцыі ў засценкі. А хтосьці абярэ кар’еру, дабрабыт і зойме нішу, якая вызвалілася ад тых, хто апынуўся ў выгнанні ці ў турме.
Спадарыня Ірына дадае, што прагнозаў на будучыню ў яе няма:
— Мне вельмі хочацца здзівіцца раптоўнай перспектыве паляпшэння сітуацыі, каб з’явіўся г.зв. «чорны лебедзь» і ўся гэтая рэпрэсіўная сістэма паламалася, каб была адноўленая справядлівасць, адчуванне, што законы працуюць для ўсіх і правы чалавека паважаюцца. Аднак пакуль немагчыма прадказаць калі і ці гэта будзе.
Махавік рэпрэсій толькі разганяецца, а глабальная геапалітычная сітуацыя развязвае рукі рэжыму рабіць любыя эксперыменты з тымі грамадзянамі, якія яшчэ засталіся ў зоне іх уздзеяння. У свеце глабальна пануе забыццё пра тых, хто застаўся пад пагрозай у Беларусі, бо сітуацыя прыкрытая саўдзелам рэжыму ў агрэсіі супраць Украіны. Таму згадваецца класічнае: «Выратаванне тапельцаў у руках саміх тапельцаў».
Эфект здранцвення
— Ёсць меркаванне, што рэжым Лукашэнкі не ператвараецца ў сталінскі, бо ўмовы для гэтага неспрыяльныя: падвысіўся кошт чалавечага жыцця, лічбавізацыя абганяе цэнзуру, міжнародная ўвага да правоў чалавека большая. Ці пагодзіцеся?
— Глабальна — так, цяпер свет іншы. Пасля Другой сусветнай вайны, калі былі асуджаныя злачынствы супраць чалавечнасці, вызначанае паняцце генацыду, змяніліся падыходы да таго, што такое гуманнасць, чалавечае жыццё нашмат больш стала цаніцца.
Да гэтага дадаецца факт, што ў лічбавую эру інфармацыю пра рэпрэсіі схаваць значна больш складана. Гэта ў чымсьці дапамагае сённяшнім пераследуемым лягчэй ратавацца. Напрыклад, мяжу, хоць паўзакрытую, можна спрабаваць пераадолець.
Пры тым усё ж мы чуем пра практыкі хавання дадзеных пра тое, што адбываецца з чалавекам у турме. І гэта абуджае памяць пра мінулы трагічны гістарычны вопыт, актывізуе ўяўленне пра магчымыя найгоршыя сцэнары. Турма ў Беларусі працягвае заставацца месцам, якое не выпраўляе, але можа забіць праз створаныя там нялюдскія ўмовы.
Пакуль вельмі цяжка — і спадзяюся, гэтага не адбудзецца ў рэальнасці — уявіць, што Беларусь зусім выпадзе з інфармацыйнай прасторы: умоўна, цалкам і надоўга будзе адключаны інтэрнет, адбудзецца поўная блакіроўка межаў, і тады ўлады ўціхую зробяць з людзьмі ўсё, што захочуць.
Сёння ня тыя часы. У тым ліку гэта звязана з эканамічнымі механізмамі: калі зачыніцца, дзейны рэжым проста ня зможа выжыць. І гэта трохі дае надзею. Разам з тым бачна, што махавік рэпрэсій раскручваецца. І як снежны ком набірае інэрцыю гвалту.
Унутры Беларусі ў людзей назапашваецца эфект, так бы мовіць, здранцвення — паніжаецца планка адчувальнасці да гвалту. Тое, што раней уяўлялася немагчымым, цяпер успрымаецца як норма, што было чырвонымі лініямі цяпер ніхто не згадвае.
Людзі слаба рэагуюць на новыя прыклады пераследу, калі тыя становяцца публічнымі. І гэта вялікае пытанне для будучыні: як будзе ачышчацца грамадства ад назапашанага негатыву ў накірунку пазітыўнай веры ў лепшае?
«Універсальнай прышчэпкі ад дыктатуры няма»
— А праўда, як? Мы спадзяваліся, пасля Другой сусветнай вайна ніколі не паўторыцца. Сёння яна — літаральна за парогам. А ў краінах, якія нацярпеліся ад сталінізму, узмацняюцца новыя дыктатуры. Ці магчыма зрабіць калектыўную прышчэпку грамадству, вывучыць урокі гісторыі, каб усё ж такі — ніколі зноў?
— Няма такой універсальнай прышчэпкі, каб не паўстала наноў дыктатура і не пачалася вайна. Толькі пастаянная праца па прафілактыцы будзе трымаць баланс.
Адна з нашых праблем — тое, што мы не прапрацавалі сваю папярэднюю траўму ад сталінізму, які хоць і быў асуджаны, але не было фактычна, акрамя як у вузкіх колах, асуджэння дзеянняў канкрэтных прадстаўнікоў улады таго часу, УСІХ задзейнічаных у злачынствах, якія па-за законам вырашалі, хто будзе жыць, а хто не.
Таму зараз з узмацненнем рэпрэсіўных практык страх пацярпець ад наступстваў сказанага, зробленага не ў межах дазволенага, зноўку вярнуўся. Людзі так і не паспелі паверыць, што злачынцы ад улады будуць абавязкова пакараныя, таму давер да яе дзеянняў так і не ўмацаваўся.
Пры гэтым, зазначае гісторык, відавочна змянілася ў горшы бок і так слабая публічная палітыка памяці пра сталінскія рэпрэсіі: знішчаныя многія помнікі ахвяр, некаторыя месцы забойстваў упісваюць ужо ў тэму «генацыду беларускага народу», які здзейснілі нацысты, у падручніках апраўдваюць правядзенне рэпрэсій неабходнасцю абароны ад ворагаў.
Хаця маем і трохі адрозненне ад Расіі: у нас не «растуць як грыбы» новыя помнікі Сталіну і Дзяржынскаму, гэтыя вобразы пакуль не атрымоўваюць народнай падтрымкі.
— Думаю, пакуль мы не прагаворым перажытае, пакуль не будзе шырокай дыскусіі, прызнання віны і адказнасці адпаведных структур,— разважае Ірына Кашталян, — у грамадстве будзе заставацца адчуванне, што падобнае можа паўтарыцца.
Злачынствы і злачынцы павінны быць асуджаныя. Каб адчуць сябе рэальна свабоднымі, каб адбылося грамадскае прымірэнне, мусіць не быць забароненых тэм, нават калі яны прадстаўляюць нязручныя старонкі гісторыі.
У той жа Нямеччыне сёння ёсць адкрыты доступ да архіваў службы дзяржбяспекі ГДР, вядомай як Штазі.
Спадзяюся, і ў Беларусі архівы перажывуць цяперашнія нялёгкія часы, і з імі змогуць працаваць ня толькі спецыялісты, але ўсе ахвочыя. Каб зразумець, якой жа ўсё ж была гэтая эпоха, супастаўляючы гісторыю краіны з індывідуальным сямейным вопытам, каб крытычна асэнсаваць і знайсці адказы на любыя свае пытанні.