Карней: «Ніхто не марыў пра будаўнічыя перспектывы, так склаўся лёс, хрусь – і папалам»
Экс-палітвязень расказаў, як змяніў прафесію журналіста і стаў будаўніком на Азорах.
— Атрымаў заданьне мімікрыраваць. Пакуль усё па класіцы: як добраахвотная, так і вымушаная міграцыя не пакідаюць асаблівага выбару персанальным капрызам, сваё месца ў новых рэаліях даводзіцца ацэньваць абсалютна цьвяроза, — піша Ігар Карней. — Так што буду сыходзіць са старога савецкага штампу –— журналіст атрымаў заданьне пераўвасобіцца. У маім выпадку — у будаўніка.
Пакуль без уцямнага разуменьня, адкруціцца штосьці назад, або каска і малаток выкрасьляць з памяці асадку і дыктафон. Бо нават ратавальныя творчыя стыпендыі маюць уласьцівасьць заканчвацца, а патрэба ў існаваньні, як ні круці, застаецца. Ну і давялося пастрыгчыся, аблокі канцэнтраванага пылу ўсё ж прасьцей змахнуць з лысіны, чым бясконца вымываць.
Амаль месяц спасьцігаю азы занятку, які дагэтуль быў аматарствам. Замяшаў і перацягаў тоны цэменту, дэмантаваў кіламетры пліткі і гіпсакартону, разьдзяўбаў перфаратарам акамянеласьці утрамбаваных падлогаў, нарэшце, асвоіў інструмент, пра існаваньне якога меў самыя аддаленыя ўяўленьні. Прынамсі тое, што давядзецца займацца сваркай, – дакладна ў планах ня значылася. Як кажуць, захочаш жыць – ня так раскарачышся.
Канешне, не без наступстваў. Усё ж не самы лепшы ўзрост для радыкальных нагрузак. Ну і пару гадоў вымушанага прастою без вітамінаў/бялкоў і ва ўмовах стрэсавых адзіночак калі да чаго і прывялі, дык гэта да атрафіраваньня мышцаў. Таму ўжо пасьля першага тыдня падсела сьпіна, якая не адпускае дагэтуль. Зрэшты, разьлік на тое, што ўрэшце замазоліцца.
Ну і вонкавы антураж мусіць спрыяць хуткаму аднаўленьню: практычна кожная будоўля – з пяцізоркавым відам на смагардавы акіян і адвесныя скалы.
Наогул ніколі не цураўся фізічнай працы, вёска так ці інакш прымушае трымацца ў тонусе. Праўда, самым значным персанальным «аб’ектам дойлідзтва» заставаўся «жылы комплекс» з сілікатных блокаў у выглядзе хлява з куратнікам, які вывеў ад падмурку да даху. Здарылася гэта адразу пасьля вяртаньня з войска, калі гаспадарка маці перастала зьмяшчацца ў старых катухах.
І наўрад ці мог тады нават нафантазіраваць, што мясіць бетон буду на кагосьці іншага, за заробак. Але хай так, усё ж апасярэдавана некаму карысьць.
Будаўнічая індустрыя на Азорах – такая ж антыглабалісцкая, як і ўсё ў астраўным вымярэньні. Перадусім гэта рэнавацыя старых дамоў, да якіх нарэшце дабраліся нашчадкі.
Якраз наткнуўся на статыстыку, што на тэрыторыі Партугаліі блізу трохсот тысяч занядбаных «руінаў», якія перайшлі ў спадчыну і з розных прычынаў працягваюць разбурацца. Як правіла, або спадчынныя спрэчкі, або агульная абыякавасьць абарыгенаў. Лепш задаволіцца мінімалісцкім спакоем, чым упрагацца ў непазьбежныя немалыя траты. А прага да гігантызму відавочная: калі ўжо і замахваюцца, то дом на 300 метраў – гэта мінімальны стандарт.
Дык вось паколькі закінутыя будынкі не задзейнічаныя ў жылым фондзе, цэньнікі на любую прыдатную нерухомасьць завоблачныя — як набыць, так і арэндаваць. Свой унёсак робяць і багатыя інвестары — найперш бразільцы, амерыканцы, канадцы, немцы, стымулюючы і без таго пераацэнены рынак.
Хтосьці будуе з нуля, каб пераехаць дажываць з відамі на акіянічныя заходы, а нехта скупляе развалюхі, каб аднавіць ужо паводле ўласных праектаў. На двух з трох аб’ектаў, якія давялося вахтавым метадам абскакаць за гэты час, замоўнікі якраз дыстанцыйныя – брытанка, якая будуе «базу» для збору раскіданых па ўсім сьвеце сваякоў, і немка, тая ўжо з іншай крайнасьцю – стварыць парадайз для катоў. І яшчэ маладая сям’я, якраз якасна абнаўляе дзедаўскія апартаменты.
Наша брыгада — узор таго, як можна і трэба суіснаваць у ідэальным грамадзтве. Украінец, малдаванін, беларус, рускі. Балазе, усе з адэкватным успрыяцьцем рэальнасьці. Толькі адзін шмат маладзейшы, астатнія — старой закваскі. Ніхто не марыў пра будаўнічыя перспектывы, так склаўся лёс, хрусь – і папалам.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное