Кобец: «Задача адцягвання Лукашэнкі ад Крамля не ставіцца»

Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра ISANS — пра перамовы ЗША з рэжымам Лукашэнкі. І ці атрымаецца ў правіцеля «перазагрузіць» адносіны з Еўропай.

— Задача адцягвання Лукашэнкі ад Крамля не ставіцца, — падкрэсліў палітычны аналітык Улад Кобец у эфіры Еўрарадыё. — Такога трэку наогул няма.

Улад Кобец

Ёсць канкрэтныя дзеянні, каб, па-першае, выкарыстаць гэты канал данясення зразумелай і яснай пазіцыі Вашынгтона да Масквы, а па-другое, самім фактам знаходжання прадстаўнікоў ЗША ў Мінску мы бачым разуменне Беларусі як краіны, якая павінна стаць часткай формулы міру.

На сёння, у цяперашняй рэчаіснасці мы не можам казаць пра пашырэнне НАТА. Аб гэтым хіба ніхто не гаворыць. Але рэальны нейтралітэт, без’ядзерны статус Беларусі, замацаваны міжнароднымі пагадненнямі — гэта быў бы добры крок на фіксаванне міру. Канешне, адначасова са спыненнем расійскай агрэсіі.

І гэта дае перспектыву беларусам як нацыі ў будучым вырашаць свае прыярытэты, куды мы ідзем і як.

Лукашэнка прызвычаіўся, што пасля кожнага пагаршэння стасункаў з Захадам рана ці позна надыходзіць пацяпленне. Тое самае ён, падобна, спрабуе рабіць і цяпер у дыялогу са Злучанымі Штатамі. Ці рэалістычны падобны сцэнар датычна еўрапейскіх краін? На думку Улада Кобеца, пра аднаўленне стасункаў казаць пакуль не выпадае:

— Перадусім сустрэчы ў Мінску значныя тым, што на волю выйшлі людзі. Аднак мы не можам казаць сёння пра аднаўленне нейкіх стратэгічных кантактаў. Хоць уся палітыка Вашынгтону скіраваная на спыненне вайны, і з гэтага гледзішча такія кантакты вельмі важныя.

Але Беларусь знаходзіцца не ў Паўночнай Амерыцы, яна ў Еўропе.

Еўрапейская сістэма каардынат нікуды не падзелася. Нельга казаць, што ў Еўропы няма зусім ніякай карэляцыі з амерыканскім бокам, але ж пазіцыя ЕС фармуецца ў Бруселю. І пытанні вырашаюцца зусім іншыя.

Тыя ж санкцыі, нібыта знятыя з «Белавія» — гэта не зняццё, а замарозка на пэўны час, тычыцца яна замены запчастак і магчымасці пакупкі білетаў, а не глабальных рэчаў, што дазволілі б выкарыстоўваць «Белавія» для паставак камплектуючых «Боінгаў» у Расію. На паперы выглядае так, што ўсё будзе кантралявацца і фіксавацца.

Але ў Еўропу беларускія самалёты не паляцелі, бо еўрапейскія санкцыі дзейнічаюць. Еўропа важная, і рашэнні, якія тут прымаюцца, будуць мець і маюць для Беларусі часам большае значэнне, чым тыя, што прымаюцца ў Вашынгтоне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)