Леся Руднік больш не дырэктарка Цэнтра новых ідэй
З арганізацыі сыходзіць сацыёлаг Генадзь Коршунаў.
Даследчы Цэнтр новых ідэй (ЦНІ) сустракае Новы год з істотнымі зменамі: з пасады дырэктаркі цэнтра сыходзіць Леся Руднік, установу таксама пакідае старшы даследчык, сацыёлаг Генадзь Коршунаў, піша Наша Ніва.
У каментары выданню Леся Руднік распавяла, што ідзе з пасады дырэктаркі цэнтра і адыходзіць ад аперацыйнага кіравання ўстановай. Пры гэтым яна застаецца ў складзе рады ЦНІ, куды, акрамя яе, уваходзяць Рыгор Астапеня і Антон Раднянкоў.
«Такое рашэнне я прыняла, бо хачу больш часу прысвячаць акадэмічнай кар’еры ў Швецыі. Пасля абароны сваёй доктарскай і атрымання ступені PhD па паліталогіі ў верасні 2025 я вырашыла рухацца далей па акадэмічным шляху», — расказвае Леся Руднік.
Разам з тым яе гісторыя з Цэнтрам новых ідэй не завяршаецца. Яна будзе ўдзельнічаць у стратэгічным развіцці арганізацыі, застаецца кіраўніцай праекта CNI women fellowship і перыядычна будзе далучацца да даследчай працы каманды.
Кіраванне ЦНІ зараз будзе адбывацца па крыху іншай унутранай схеме, аднак новага чалавека на пасаду дырэктара не прызначаць. Асноўныя твары цэнтра ў большасці застануцца тымі ж, некалькі новых людзей стануць больш публічнымі.
Былы дырэктар Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук Беларусі Генадзь Коршунаў расказаў НН, што скончыўся праект, над якім эксперт працаваў апошні год, і разам з ім — этап яго шчыльнай супрацы з ЦНІ.
«Але маю спадзеў, што тое не канчатковы вырак і пры нагодзе з ЦНІ мы яшчэ не раз пасупрацоўнічаем», — падкрэсліў ён.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное