Махоўскі: Сустрэча з перавозчыкамі была для таго, каб прадэманстраваць Коўлу — мы адкрытыя да дыялогу

Эканамічны аглядальнік разважае пра тое, ці развяжацца канфлікт з затрыманымі ў Беларусі літоўскімі і польскімі фурамі.

Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын сустрэўся з прадстаўнікамі літоўскіх і польскіх перавозчыкаў, чые фуры ўжо больш як чатыры месяцы затрыманыя ў Беларусі.

Добрая навіна ў тым, што Мінск не збіраецца канфіскоўваць транспартныя сродкі. Дрэнная — у тым, што грошы за «стаянку» такі патрабуе, а канчатковага рашэння сітуацыі дагэтуль няма. Тады ў чым гуманізм беларускіх уладаў, якія нібыта з гэтых меркаванняў пайшлі на дыялог?

— Па-першае, перавозчыкі звярнуліся да Лукашэнкі ўжо даўно, — нагадаў эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі ў эфіры Еўрарадыё. — Але чатыры месяцы нічога не атрымлівалася, сустрэча адбылася толькі цяпер. І мая гіпотэза палягае ў тым, што хутчэй за ўсё, на гэтым тыдні будзе візіт Джона Коўла ў Беларусь.

Андрэй Махоўскі

З ім падымалася гэтае пытанне: Літва абмяркоўвала, Беларусь намагалася абмеркаваць, і мы ведаем, што Коўл сказаў, Беларусі трэба разабрацца з Літвой і вырашыць гэту праблему.

То мая гіпотэза вельмі простая: сустрэча з перавозчыкамі была для таго, каб прадэманстраваць Коўлу, вось, маўляў, мы адкрытыя да кампрамісу, да дыялогу.

Гэта Літва дрэнная, не хоча дамаўляцца, а мы — добрыя. Мы нават гатовыя абысціся без канфіскацыяў, але з кантрыбуцыямі, каб нам заплацілі за стаянку.

Разам з тым, на думку Андрэя Махоўскага, сам факт гэтай сустрэчы — ужо нейкі прагрэс. Бо раней беларускі бок патрабаваў размовы выключна на вышэйшым дыпламатычным узроўні, каб гаварыць пра «мір ва ўсім свеце», адмаўляючыся абмяркоўваць тэхнічныя пытанні.

— Беларускія ўлады, у іх уяўленні, ужо зрабілі крок наперад тым, што пагадзіліся на гэтую сустрэчу і маюць намер абысціся толькі кантрыбуцыямі. Але тут узнікае іншае пытанне, — разважае ён, — ці не прыйдзецца потым беларускім уладам плаціць кампенсацыю гэтым літоўскім перавозчыкам за тое, што іхныя фуры чатыры месяцы тут стаяць і не працуюць?

Аднак пакуль яны пускаюць пыл у вочы, дэманструюць гатоўнасць да канструктыўнага дыялогу і спадзяюцца, што Коўл не будзе ўдавацца ў дэталі: хто, каму і чаго павінен заплаціць.

Але разам з гэтай дэманстрацыяй — з Беларусі ў Літву зноў паляцелі шары з кантрабанднымі цыгарэтамі, замінаючы працы аэрапорту, і актывізаваліся спробы мігрантаў нелегальна перасячы межы Беларусі з еўрапейскімі краінамі. Супадзенне ці працяг гібрыдных атак?

— Тое, што намеснік міністра замежных спраў Ігар Секрэта заявіў, маўляў, літоўскаму боку выгадна лічыць гэта гібрыднай пагрозай, а насамрэч гаворка пра трансгранічную злачыннасць — гэта абсалютна звязана, — зазначае Андрэй Махоўскі. — Бо з гэтай заявай ён выйшаў да журналістаў акурат пасля сустрэчы з перавозчыкамі. І адназначна, гэта частка адной агульнай тэмы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)