Навумчык: «Калі вынікі перамогі ў саміх пераможцаў, як кажа Быкаў, адабраў Сталін – дык сёньня мы можам канстатаваць, што ў нас, у нашчадкаў пераможцаў іх адабраў Лукашэнка»

Палітычны аглядальнік — да 80-годдзя завярэння вялікай вайны.

— Інтэрпрэтацыі цяперашнім прэзыдэнтам Амэрыкі ролі нацый у дасягненьні перамогі над Гітлерам даюць падставу для развагаў у дні, калі чалавецтва адзначае завяршэньне самай на памяці цывілізацыі крывапралітнай вайны, — піша Сяргей Навумчык.

У словах гаспадара Белага дому праўдзіва тое, што без дапамогі Злучаных Штатаў вайна, найхутчэй, была б саюзьнікамі прайграная.

Калі б у канцы 1941-га Амэрыка не ўступіла б у вайну ўсёй сваёй гіганцкай эканамічнай магутнасьцю, не пастаўляла б саюзьнікам тысячы і тысячы самалётаў, танкаў, розных відаў зброі — дык ужо ў 1942 годзе Рэйх мог бы акупаваць Вялікабрытанію, як ён гэта зрабіў з краінамі матэрыковай Эўропы.

Тым самым, дзясяткі дывізій і тэхніка былі б перакінутыя на Усходні фронт, і ў 1943-м (калі не раней) Гітлер сапраўды мог дайсьці да Уралу. На гэтым (перамогай нацызму) вайна была б завершаная.

Наступны этап, праз гады, меў бы ўжо ядзерны характар (нагадаю, што ў рэальным 1945-м Гітлеру зусім няшмат не хапіла да стварэньня атамнай зброі, а сродкі дастаўкі на сотні кілямэтраў у яго ўжо былі — ФАУ-2).

Значнасьць амэрыканскай дапамогі прызнаваў напрыканцы вайны і Сталін. Але неўзабаве пра ролю ЗША, увогуле саюзьнікаў, у СССР пастараліся надзейна і надоўга забыцца.

Не кажу пра тое, што замоўчвалася роля СССР і пэрсанальна Сталіна ў разьвязваньні Другой сусьветнай вайны, тая эканамічная дапамога (найперш сыравінай), якую Крэмль аказваў Рэйху з 1939-га і аж да 22 чэрвеня 1941 (па сутнасьці, СССР быў рэальным саюзьнікам Гітлера ў значна большай ступені, чым некаторыя бутафорскія рэжымы Эўропы).

Але мы, савецкія школьнікі, амаль нічога ня ведалі і пра баявыя дзеяньні ў Паўночнай Афрыцы, дзе войскі саюзьнікаў перамалолі нямецкую тэхніку, якая ў іншым выпадку ўмацавала б Усходні фронт. Ці пра бітвы амэрыканскага марскога флёту ў Ціхім акіяне.

Ледзь-ледзь прыгадвалі і пра харчовую дапамогу, якая дапамагала выжываць і байцам Чырвонай арміі, і тым, хто знаходзіўся ў савецкім тыле. Адзінымі, хто ня бачыў амэрыканскай прадуктовай дапамогі, былі жыхары акупаваных тэрыторыяй.

Ёсьць вялікая розьніца ў акупацыі Трэцім Рэйхам тэрыторыяў сучасных Беларусі і Расеі. Бо калі немцамі быў акупаваны толькі 1 (адзін) працэнт тэрыторыі цяперашняй Расейскай Фэдэрацыі, дык Беларусі — 100%. Гэта, пагадзіцеся, гіганцкая розьніца.

У СССР была табуяваная тэма тэма адказнасьці камуністычнага кіраўніцтва СССР за тых, хто апынуўся на акупаваных тэрыторыях. Застаецца яна такой і ў лукашэнкаўскай Беларусі.

Замоўчваецца, што ўжо летам 1941-га Сталін аддаў загад пры адступленьні вывозіць на ўсход ня толькі абсталяваньне заводаў, аўтамабільную тэхніку, але і зерне, скаціну, хлеб, а тое, што немагчыма вывезьці — зьнішчаць. «Ни одного колоска врагу!».

Як будуць выжываць пакінутыя на міласьць захопнікаў мільёны мірных жыхароў — Сталіна не хвалявала. Яго хвалявала арганізацыя партызанскіх дзеяньняў. Пры гэтым усе тры гады акупацыі за падрывы чыгуначных эшэлонаў ды дывэрсіі супраць Вермахту расплочаваліся мірныя беларусы, расстраляныя на плошчах ды спаленыя ў вёсках.

Ці бралі ў разьлік арганізатары партызанскіх апэрацый гэтыя непазьбежныя будучыя ахвяры? Цэнтральны штаб партызанскага руху знаходзіўся ў Маскве, акцыі распрацоўваліся непасрэдна НКВД. Чалавечыя жыцьці — ня тое, што цанілася (і цяпер не цэняцца) у чэкістаў...

Вяртаючыся ж да тэмы ролі нацый у перамозе, мы павінны разумець, што ваююць, найперш, ня танкі, гарматы ды самалёты, а — людзі. Магчыма, у будучай вайне будуць змагацца паміж сабой робаты (сёньня гэта ўжо не выглядае фантастычным) зь мінімумам чалавечых ахвяраў ці нават увогуле бяз іх, а татальнае адключэньне энэргетычных сыстэмаў праціўніка на доўгі тэрмін і будзе азначаць канчатковую перамогу.

Але восем дзесяцігодзьдзяў таму ваявалі людзі. У акопах, за прыцэламі гарматаў, за штурваламі зьнішчальнікаў гінулі людзі.

Таму кошт той вайны і той перамогі павінен вымяраецца чалавечымі жыцьцямі, а ня колькасьцю самалётаў ды танкаў. І калі нават ня браць у разьлік ахвяры сярод мірнага насельніцтва, а гаварыць толькі пра тых, хто гінуў са зброяй у руках, — народы былога СССР, асабліва беларусы, рускія, украінцы заплацілі самы вялікі кошт за перамогу.

Ну а далей — па Васілю Быкаву: «Я лічу, што перамогу сапраўды адабралі. І ў беларусаў, і ў расейцаў, і ня толькі. Гэтае адбіраньне адбылося адразу пасьля перамогі. І адабраў яе вялікі кумір гэтых народаў — Сталін.

Кожныя пераможцы разьлічваюць нешта здабыць у выніку перамогі, асабліва пасьля такой крывавай вайны. І гэта было правільна, заканамерна. Але што ў выніку яны атрымалі — што атрымалі народы Савецкага Саюзу? Зноў жа тую камуністычную кабалу, тую заняволенасьць і галечу».

Як, увогуле, гэта выглядае ў гістарычнай рэтраспэктыве? Зьнішчыўшы ў 1918 годзе БНР і захапіўшы Беларусь, бальшавікі ў 1941-м здалі беларускі народ нацысцкім акупантам, каб у 1944-м ізноў усталяваць ужо камуністычнцую акупацыю — вось прыблізна гэтак будзе напісана ў падручніках гісторыі гадоў праз дзьвесьце (калі Беларусь застанецца на карце сьвету).

... Калі вынікі перамогі ў саміх пераможцаў, як кажа Быкаў, адабраў Сталін — дык сёньня мы можам канстатаваць, што ў нас, у нашчадкаў пераможцаў іх адабраў Лукашэнка.

Падмануўшы ў пачатку свайго прэзыдэнцтва старое пакаленьне вяртаньнем «сьцяга Перамогі» (і адначасна вызначыўшы ідэал «моцнай дзяржавы» мадэльлю Гітлера), ён умацоўвае свой рэжым «русскомировским» заганным «победобесием».

Тым самым, які сёньня падсілкоўвае злачынную вайну супраць Украіны. Плоцяць за гэта цяперашнія пакаленьні беларусаў — у акрэсьціных і ў эміграцыі. А будучыя пакаленьні будуць плаціць зьнішчанымі сёньня магчымасьцямі.

Што ж, нічога новага няма ў гэтым сьвеце ад ягонага стварэньня, і ахвяры дзядоў ня вучаць унукаў. Вечная Памяць героям і ахвярам той вайны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(19)