«Не абараняюць мараль, а стымулююць нянавісць». Праваабаронцы выступілі супраць праекту закона па ЛГБТ+

Адкрытай атакай на правы чалавека і асабістыя свабоды назвалі праваабаронцы змены ў закон, якія прадугледжваюцца артыкулам 19.16 «Прапаганда гомасэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці, педафіліі». На днях яго праект урад унёс на разгляд у Палату прадстаўнікоў.

Улады прапануюць адміністратыўна караць за распаўсюджванне «ў любой форме» інфармацыі, якая будзе спрыяць «уяўленням аб прывабнасці гомасэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці або дапушчальнасці педафіліі».

З гэтай нагоды прадстаўнікі беларускай правабарончай супольнасці выступілі з заявай, у якой рашуча асудзілі праект.

— Мы разглядаем гэтую заканадаўчую ініцыятыву як адкрытую атаку на правы чалавека і асабістыя свабоды, у тым ліку на свабоду выказвання, права на недыскрымінацыю і права на асабістае жыццё, — адзначаецца ў заяве.

Праваабаронцы лічаць, што запланаваныя змены не толькі супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, але і міжнародным абавязальніцтвам дзяржавы ў галіне правоў чалавека, уключаючы Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.

— Забарона на «фарміраванне ўяўленняў аб прывабнасці» пэўных аспектаў асабістага жыцця (сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасці, рэпрадуктыўнага выбару) ускосна канстатуе іх няправільнасць, і фактычна незаконнасць, — указваюць праваабаронцы.

Асаблівую іх занепакоенасць выклікае тое, што пад катэгорыю «прапаганды» пры адвольнай трактоўцы могуць трапляць:

  • публічныя праяўленні сваёй ідэнтычнасці ЛГБТК+ асобамі або нават іх публічнае існаванне,
  • любыя выказванні ў падтрымку роўнасці,
  • асветніцкія матэрыялы, мастацкія творы, прысвечаныя праблемам дыскрымінацыі і прасоўванню роўнасці.

— Гэта стварае глебу для масавай цэнзуры, пераследу незалежных СМІ, актывістаў і цэлых супольнасцяў, уключаючы іх асобных прадстаўнікоў і прадстаўніц, — адзначаюць праваабаронцы. — Акрамя таго, уключэнне педафіліі ў адзін шэраг з гомасэксуальнасцю, трансгендэрнасцю і бяздзетнасцю – гэта відавочная спроба дыскрэдытацыі і дэманізацыі цэлых сацыяльных груп, што недапушчальна ў прававой дзяржаве.

Праваабаронцы звяртаюць увагу Палаты прадстаўнікоў, а таксама міжнароднай супольнасці на недапушчальнасць прыняцця падобных законаў і патрабуюць адклікаць праект артыкула і спыніць практыку прыняцця заканадаўства, што абмяжоўвае свабоду слова і падзяляе грамадзян па прыкметах належнасці да розных груп.

— Яны не абараняюць грамадскую мараль, а, наадварот, стымулююць у грамадстве нянавісць, варожасць і рэпрэсіі ў дачыненні да меншасцяў.

Заяву падпісалі : Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Беларускі ПЭН, Lawtrend, Human Constanta, Прававая ініцыятыва, Respect-Protect-Fulfill, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)