Нямецкі дэпутат выклікаў паліцыю на журналістаў і былога вязня, які працаваў на яго беларускім прадпрыемстве
Журналісты тэлекампаніі ARD падрыхтавалі рэпартаж «АдГ і Беларусь — сумнеўныя запыты», частка якога прысвечаная наведванню імі дома Дорнаў разам з былым беларускім вязнем Сяргеем Чарняком, які падчас адміністрацыйнага арышту ў лютым 2024 года працаваў на «Цыбульку-Бел», заўважыў Позірк.
«Мы хацелі запытацца ў Дорнаў, чаму ён у Беларусі прымушаў працаваць на сябе палітычных вязняў», — патлумачыў голас за кадрам.
На відэазапісы бачна, як журналістаў і Чарняка выганяе са двара рускамоўная жанчына, якая здымае тое, што адбываецца, на тэлефон, а потым плюе ў журналіста праз шчыліну ў браме і трохі пазней кажа на адрас Чарняка: «Вы там не працавалі». Неўзабаве прыязджае сам Дорнаў, які раз’юшана патрабуе спыніць здымкі, пакінуць тэрыторыю перад домам, якую лічыць сваёй, і б’е рукой па камеры аператара.

Відэасюжэт: ARD / стоп-кадр: «Позірк»
«На той момант у межах падрыхтоўкі рэпартажу журналісты ўжо сустрэліся з беларускімі выгнанцамі і прадстаўніком офіса Святланы Ціханоўскай Аляксандрам Дабравольскім. Яны прапанавалі мне сустрэцца з Дорнаў, і мы без запрашэння паехалі да яго дахаты. Прыехалі пад Лейпцыг у суботу (16 жніўня. — «Позірк».). «Рызыковыя, — кажу, — яго ж не будзе на месцы», — распавёў Чарняк.
Паводле яго слоў, дэпутата сапраўды спачатку дома не было.
«Ягоны дом — гэта старая ферма ў рамонце, раней кароўнік. Мяне гэта моцна ўразіла, таму што на гэтай ферме маглі падчас Другой сусветнай вайны працаваць мае землякі. Знаёмы ў Лідзе дзіцём гадаваўся ў такім хляве. І зараз яны, атрымліваецца, не супраць выкарыстоўваць арыштантаў у сваёй працы», — выказаў меркаванне Чарняк.
Яго і журналістаў сустрэў «дзядок каля 80 год, падобны на бацьку Дорнаў» (самому дэпутату-бізнесмену 55 гадоў), запрасіў зайсці ў двор. Журналіст запытаўся ў яго, ці ў хаце дэпутат, і адзначыў, што Чарняк у яго працаваў і прыехаў пагаварыць.
«Але выляцела рускамоўная жанчына, пачала крычаць. Так энергічна паказвала дарогу, у адной руцэ тэлефон, а другой... Я думаў, будзе пхаць у плечы, але не дакранулася. Босая выскачыла», — прыгадаў Чарняк.
Калі ён з журналістамі вышаў на дарогу, яна, абуўшыся, выскачыла з тэлефонам іх здымаць.
«Журналісты пытаюцца: «А дзе ваш муж?» І мы вярнуліся, калі яна сказала, што ён прыедзе. І тут на «Мерседэсе» белым раз’юшаны ляціць Дорнаў, ён ажно нас падразае на хуткасці. «Вон адсюль!» — крычыць, аператару камеру закрывае: «Не здымай!» — апісаў далейшыя падзеі Чарняк.
Дорнаў, паводле слоў суразмоўцы, заявіў, што яны не мелі права нават да ягонай каліткі падысці.
«Я памахаў яму рукой, калі ён выскачыў з машыны. Ён, што называецца, наваліўся на аператара. Калі я пабачыў рускамоўную жанчыну, неяк яго стаўленне да Лукашэнкі стала мне больш зразумелым. У Германіі нельга хваліць Гітлера, але можна Лукашэнку, а Лукашэнка хваліў Гітлера», — адзначыў былы арыштант.
Пасля прыехала паліцыя, якая запісала іх звесткі, а для афармлення давялося паехаць у Лейпцыг.
«Ведаю, што журналісты адмовіліся ад паказанняў, вырашылі без адваката не размаўляць. Трошкі Дорнаў пашкодзіў камеру аператару. Калі ён падае ў суд на іх, то яны тады на яго», — паведаміў Чарняк.

Ён прызнаўся, што змяніў стаўленне да Дорнаў пасля гэтай сустрэчы: «Я яго трымаў за чалавека, які не разбіраецца ў палітыцы. Я быў здзіўлены, што ён палітык, бо ў Беларусі фермеры пазбягаюць палітыкі, гэта небяспечна. Добра ставіўся, бо ён самотны, думаў, што ён хацеў змяніць месца жыцця. А гэта была палітычнае. Адчуваў сябе, як на вайне, калі прыляцеў Дорнаў, а гэтую здымачную групу — як у акопе».
«Яму прыехаць у Беларусь можна, а мне прыехаць з ім пагаварыць няможна. У яго асабістае жыццё, маё жыццё яго не цікавіць. У яго ёсць асабістае жыццё, падла, ты ж дэпутат. Выйдзі, скажы. Вось такі народны нямецкі дэпутат, які хоча лукашэнкаўскую альтэрнатыву для сваёй краіны.
Без гэтай паездкі адчуваеш, што мірнае жыццё ў Еўропе. А яно не так, бо вайна ідзе: адныя падтрымліваюць Украіну, другія — агрэсара і яго памочніка. Вайна ідзе, а ваеннапалонныя сядзяць у Беларусі, бо яны любяць сваю Радзіму, а не ўладу», — сказаў Чарняк.
Ён адзначыў, што мае пытанні да нямецкага дэпутата, якія не змог паставіць: «Ён стаў супрацоўнічаць з узурпатарам, якога не прызнала Еўропа, а Дорнаў прызнаў. Ён прыехаў не проста як фермер, а як прадстаўнік партыі, сустракаўся з кіраўніком [Гродзенскай] вобласці [Уладзімірам Каранікам]. А той без дазволу Лукашэнкі не прыняў бы фермера. Крыўдаў да яго асабіста няма, але як да палітыка ў мяне пытанні: «Якой альтэрнатывы ён чакае для Германіі і чаму ўпадабаў дыктатуру?»
Сам рэпартаж ARD, на думку Чарняка, носіць прабеларускі характар. «Я ўдзячны, што тэма Беларусі трымаецца», — сказаў ён.
Як Чарняк на Дорнаў працаваў
Аб працы на нямецкага гаспадара «Цыбулькі-Бел» Чарняк распавядаў у інтэрв’ю «Позірку» сёлета ўвесну:
— З 2023 года пачалі «тунеядцы», «прастытуткі», «наркаманы» не проста сядзець, але яшчэ і працаваць. Пачалося гэта з гарадской звалкі, потым «зафрахтаваў» нас гэты самы немец з «Цыбулька-Бел», які чамусьці ў сваёй дэкларацыі, будучы палітычнай асобай ў Нямеччыне, не згадаў сваё прадпрыемства, праз што меў непрыемнасці.
Ён адзін раз прыязджаў да нас, я бачыў — ну не да нас, а ў сваю гаспадарку. Мы там цыбулю перабіралі. Мы там сядзелі ў лютым і сакавіку яшчэ. Гэта добра, таму што праца — гэта цудоўна. Можна выехаць, свежым паветрам дыхнуць, на неба паглядзець, выйсці з гэтага душнага памяшкання, дзе неба не відно, а толькі відно, ці дзень, ці ноч — праз дзірачкі, у жалезе пракручаныя. На людзей паглядзець, на алкашоў, якія абавязаныя працаваць і забяспечваць тым сваіх дзяцей.
Алкашы таксама за нас. Дарэчы, на «Цыбульцы» я адзначыў Міжнародны дзень роднай мовы: спяваў гучна беларускія песні, за што былі пакараныя я і мае паплечнікі па спевах, бо брыгадзірша вырашыла, што я напіўся, таму і спяваю (смяецца). Ёй жа ж няўцям, што можна і цвярозым спяваць.
Простыя людзі, ну што зробіш. Быў скандал, нас не пускалі на працу. Але я ж не мог не спяваць, бо тут, у Лідзе, столькі дыктовак напісалі, тысячы людзей у лютым кожны год пісалі. Па школах, па бібліятэках. Мо 18 гадоў запар. Таму ў гэты дзень я ўжо не мог стрымацца, хоць і не аб’яўляў, чаго спяваю.
Пра што яшчэ сюжэт ARD
У перадачы распавядаецца пра тое, што, нягледзячы на невызнанне Еўрапейскім саюзам афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе і Лукашэнкі як законнага прэзідэнта, «Альтэрнатыва для Германіі» ўжо доўгі час «падтрымлівае кантакты з беларускай дзяржавай».
Як прыклад прыводзіцца візіт у Мінск сёлета ў красавіку дэпутата ландтага Баварыі ад «АдГ» Ульрыха Зінгера на запрашэнне праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Прадстаўнікі «АдГ» «выступаюць на дзяржаўным тэлебачанні, крытыкуюць Захад і прэзентуюцца як назіральнікі на выбарах».
Акрамя таго, фракцыя «АдГ» у Бундэстагу са снежня 2024 года накіравала ва ўрад ужо тры дэпутацкія запыты, якія тычацца фінансавання беларускіх дэмакратычных структур у выгнанні і сфармуляваныя ў стылістыцы запытаў спецслужб.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное