Шмаціна: «Думаю, у Лукашэнкі ёсць інсайды, якія могуць цікавіць адміністрацыю Трампа»

Экспертка па міжнароднай бяспецы патлумачыла, чаму Вашынгтону можа быць цікавы Лукашэнка. І ці заўважылі ў ЗША, што ён адмовіўся прыязджаць на першае пасяджэнне «Рады міру».

— Я не думаю, што ў Лукашэнкі ёсць нейкая суб’ектнасць і што ён можа вырашаць пытанне перамоў па ўкраінскім мірным працэсе, якое б супярэчыла інтарэсам Масквы. Але дапускаю, што на пляцоўцы ў Мінску ёсць прадстаўнікі расійскага боку, якія вядуць перамовы з Коўлам, — кажа Кацярына Шмаціна ў эфіры Еўрарадыё.

Кацярына Шмаціна

Мая гіпотэза: (у Лукашэнкі — С.) ёсць інсайды, якія могуць цікавіць адміністрацыю Трампа. Напрыклад, па Венесуэле. <…> Нагадаю, што Лукашэнка мае доўгую гісторыю адносін з Чавесам і Мадура. Беларускі бок наладжваў ваенную супрацу з Каракасам, у тым ліку ў сферы сістэм ПВА. Беларусь — адна з нешматлікіх краін, якія мелі рэгулярную тэхнічна-ваенную супрацу і ажыццяўлялі візіты ў Каракас.

Калі выказаць здагадку, што найвялікшае жаданне Лукашэнкі — аднавіць адносіны з Вашынгтонам, то ён бачыць, што Мадура — карабель, які ідзе на дно. Не абавязкова нават прадаваць нейкую канфідэнцыйную інфармацыю, але можна дзяліцца інстытуцыйным досведам, інсайдамі, якія мелі тэхнічныя дэлегацыі.

Экспертка па міжнароднай бяспецы таксама распавяла, што, па яе назіраннях, у амерыканскай экспертнай супольнасці ніхто не заўважыў, што Лукашэнка адмовіўся прыязджаць на першае пасяджэнне «Рады міру».

— Але я бачыла здзіўленне, якім чынам гэты аўтакрат трапіў у спіс заснавальнікаў Рады.

Калі казаць, чаму ён вырашыў не ехаць, то, на маю думку, ён можа не адчуваць сябе ў бяспецы ў ЗША. І хаця Пуцін ездзіў у ЗША, гэта могуць быць асабістыя перасцярогі. Другая версія — Пуцін не пусціў, каб не было спробаў весці самастойныя перамовы з Вашынгтонам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(3)