Праблема не толькі беларусаў, але й шматлікіх іншых народаў, якія сутыкаліся з падобнымі рэжымамі, у тым, што дыктатура далёка не заўжды ад самога ганку крычыць: «Прэвед! Я прыйшла прыгнятаць вас і пазбаўляць правоў!» Дыктатуры могуць напаўзаць паступова, крок за крокам.
«Так драпежнік крадзецца да сваёй ахвяры, якая нічога не падазрае»
Час з 1994 па 2020 часцяком выкарыстоўваецца як крыніца падставаў для папрокаў у адрас беларусаў: не тое рабілі, не так галасавалі, не тое абралі, не туды пайшлі. Гісторык Яўген Красулін разважае для «Салідарнасці», наколькі гэтыя папрокі з’яўляюцца справядлівымі. Спойлер: перабольшаныя.
Па выніку некаторымі робіцца выснова, што беларусы ўяўляюць сабой нейкую ўнікальную з’яву ў гісторыі чалавецтва – нацыю, непрыдатную да самастойнага жыцця, не здольную мець уласную дзяржаву. Зразумела, што гэта – далёка не небяспечная думка; яна можа мець разбуральныя наступствы для нашай будучыні.
Таму варта зірнуць на кантэкст, у якім беларусы дзейнічалі ў той час, каб убачыць, наколькі гэтыя папрокі з’яўляюцца справядлівымі.
Не шляхам незалежнасці
Шанец на пабудову незалежнай краіны ў выніку распаду СССР быў досыць зманлівы – праз існаванне побач з нашай краінай моцнага фактару імперскай Расіі, якая, падобна планеце-гіганту, трымала ў сваім гравітацыйным полі суседнія, менш масіўныя планеты.
Калі зірнуць на сітуацыю з краінамі постсавецкай прасторы (за выключэннем краін Балтыі), дык можна заўважыць, што ўсе яны ў той ці іншай ступені да другой паловы 90-х былі ўцягнутымі ў расійскую арбіту. Дзеля гэтага ўтвараліся міжнародныя арганізацыі – ад шырокага і дастаткова аморфнага СНД да больш канкрэтнай і пагрозлівай Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы.
Набор інструментаў уплыву на суседнія краіны ў Расіі быў досыць разнастайным. Па-першае, гэта былі наменклатурныя сувязі, якія існавалі яшчэ з савецкіх часоў. Тагачасныя прэзідэнты такіх краін, як Узбекістан, Кыргызстан, Грузія, Азербайджан мелі шчыльныя стасункі з Масквой яшчэ за савецкім часам, у тым ліку, уваходзячы ў склад Палітбюро ЦК КПСС – фактычна, галоўнага цэнтра прыняцця палітычных рашэнняў у СССР.
Ну і канечне не варта скідываць з рахунку эканамічны фактар. Ва ўмовах прасядання эканомік постсавецкіх краін Расія з’яўлялася істотнай крыніцай фінансаў, што давала ёй дадатковы ўплыў.
Усё гэта дазваляла Расіі захоўваць кантроль па-над постсавецкай прасторай і не дазваляць новым незалежным дзяржавам здзяйсняць надта далёкі дрэйф у бок ад былой метраполіі. Сам працэс па недапушчэнні незваротнага адыходу ад Масквы зваўся «інтэграцыяй» і займаў адно з вядучых месцаў у тагачасных палітычных наратывах. Процістаяць гэткай «інтэграцыі» у той час не было рэсурсаў у аніводнай нацыі, якія трапілі ў арбіту Крамля.
Пры гэтым у большасці краін постсавецкай прасторы ўсталяваліся рэжымы, далёкія ад дэмакратычных нормаў. Гэта здымала для Масквы праблему пошуку падыходаў да новых палітычных элітаў, якія маглі прыйсці да ўлады ў выніку выбараў. Дастаткова было не замінаць аўтарытарным рэжымам аднаўляць сваю ўладу праз імітацыю дэмакратычных працэсаў.
У тых краінах, дзе выбары праводзіліся на больш дэмакратычных падмурках, варта было сачыць, каб перамагалі прарасійскія сілы. Рэсурсы для гэтага ў Масквы меліся. Напрыклад, у Малдове на пасаду прэзідэнта запар абіралі прадстаўнікоў былой савецкай наменклатуры Пятра Лучынскага (1997-2001) і Уладзіміра Вароніна (2001-2009), а потым Ігара Дадона (2016-2020), палітыка з падкрэслена прарасійскай пазіцыяй.
На гэтым усім фоне тое, што адбывалася ў Беларусі ў той час, не моцна б і выдзялялася. Калі б не адмысловае стаўленне да «інтэграцыі» чалавека, які ў 1994-м заняў прэзідэнцкую пасаду. За кароткі прамежак часу ён зрабіўся чэмпіёнам постсавецкай прасторы па «інтэграцыйных пытаннях», зацята павёўшы свой народ у абдымкі Расіі.
Гэта – яшчэ адзін папулярны папрок беларусам: маўляў, абралі прэзідэнтам таго, хто відавочна збіраўся здаць суверэнітэт суседняй дзяржаве. Але калі зірнуць на тагачасную сітуацыю не з вяршыні цяперашняга досведу, дык (як цяпер любяць гаварыць) не ўсё так адназначна.
Дыктатура як драпежнік
Лукашэнка ў 1994-м быў не столькі «інтэгратарам», колькі чэленджэрам – чалавекам, які кінуў выклік уладзе старой наменклатуры. Пры гэтым той наменклатуры, якая сама прэтэндавала на лідэрства ў справе «інтэграцыі» .
Лідэр «наменклятурнай клясы» тагачасны прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч у той час плённа працаваў над вяртанне Беларусі ў расійскую рублёвую зону. Для Масквы ён (прынамсі, вонкава) быў «сваім чалавекам». Лукашэнка на ягоным фоне, хоць і казаў пра неабходнасць аднаўлення і ўмацавання сувязяў, перш за ўсё, паміж Беларуссю, Украінай і Расіяй, выглядаў не так шматабяцальна.
Лукашэнка бліскуча адыгрываў ролю папуліста, для якой у яго былі ўсе дадзеныя: прыродная харызма, уменне ціснуць на эмоцыі, атаесамленне сябе з народам і супрацьпастаўленне карумпаванаму палітычнаму істэблішменту.
Плюс – адмова ад палітыкі радыкальных рэформаў і абяцанне «запусціць заводы»; карацей, «чтобы с этих пор по новому, оставалось всё по старому». Мала які электарат у гэтым свеце ўстаіць перад такой грымучай сумессю. Нядаўнія выбары ў куды больш дэмакратычных краінах – таму пацверджанне.
Актыўнасць Лукашэнкі на «інтэграцыйным полі» ўжо меней чым праз год паставіла суверэнітэт і незалежнасць Беларусі пад вялікае пытанне. Цырымонія падпісання дамовы аб стварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі 2 красавіка 1996-га выклікала шок у беларусаў, для якіх Незалежнасць была каштоўнасцю.
У той жа дзень у Менску адбылася масавая акцыя пратэсту супраць «Супольнасці», у якой прынялі ўдзел да 30 тыс. чалавек. У шэсці на гадавіну Чарнобыльскай катастрофы выйла ўжо ўдвая болей людзей, адбыліся жорсткія сутыкненні з міліцыяй.
Тым ня менш, трэк на пабудову адзінай палітычнай, вайсковай, мытнай, эканамічнай, грашовай, культурнай, інфармацыйнай прасторай застаўся. У той час даволі часта гучала меркаванне, што Лукашэнка нацэліўся на месца кіраўніка Расіі.
Ён сам сваімі дзеяннямі актыўна падтрымліваў гэтую ідэю: праз паездкі па расійскіх рэгіёнах, сустрэчы з расійскімі журналістамі і актыўную «інтэграцыйную» рыторыку, якая добра заходзіла ў вушы расіянаў, якія марылі аб аднаўленні Імперыі.
Варта прызнаць, што гэтая версія добра тлумачыць высілкі Лукашэнкі. Варта толькі дадаць, на мой погляд, яшчэ адзін аспект. Для Лукашэнкі, бадай, адзіным вядомым прыкладам арганізацыі дзяржавы быў Савецкі Саюз. Адпаведна, ён заўжды імкнуўся да аднаўлення гэтай мадэлі, для якой існуе цэнтр – Масква, дзе сядзяць галоўныя вырашальнікі лёсаў, якіх баяцца і паважаюць ва ўсім свеце.
Масква, акрамя таго, з’яўляецца крыніцай рэсурсаў, за каторымі трэба ездзіць і «выбіваць» іх у тамтэйшага начальства. Чым, уласна, Лукашэнка й займаўся, па тым жа прынцыпе. Зрабіўшы беларускую эканамічную мадэль такой жа нямоглай (праз свае савецкія ж уяўленні пра функцыянаванне эканомікі), ён толькі ў Маскве і яе рэсурсах бачыў крыніцу існавання сваёй улады.
Захад з ягонымі дэмакратыяй і рынкавай эканомікай заставаўся для Лукашэнкі такім жа «пудзілам» , якім ён падаваўся ў савецкіх наратывах. І разуменне, што такое Захад, на якіх прынцыпах ён існуе, для кіраўніка Беларусі так і засталося таямніцай.
Таму ў пачатку любых спробаў «лібералізацыі» можна было смела прадказваць іх крах: што такое «лібералізацыя» Лукашэнка ведае не болей, чым сярэднявечная фея Маргана з вядомага рамана Марка Твэна ведала пра тое, што такое «фатаграфаваць». Ды й супярэчыць гэта ягоным поглядам і падыходам. І ўся гісторыя ягонай 31-гадовай дзейнасці на вышэйшай пасадзе не дае шанцаў западозрыць хоць нейкую здольнасць Лукашэнкі да пераменаў.
Так драпежнік крадзецца да сваёй ахвяры, якая нічога не падазрае, пакуль не апынецца ў яго лапах. Наступ на беларусаў таксама йшоў паступова, і толькі самыя чулыя людзі маглі заўважыць небяспеку, якая насоўвалася на нацыю.
Нават ва ўмовах дэмакратыі выбар грамадства можа здзіўляць. Калі браць у якасці прыклада Украіну, якая шмат для якіх беларусаў служыць эталонам грамадскай адказнасці, дык яна якраз можа служыць ілюстрацыяй. Як мы памятаем, спроба фальсіфікацыі выбараў 2004-га з боку каманды Віктара Януковіча (якога падтрымлівала Расія) прывяла да масавых пратэстаў («Памаранчавай рэвалюцыі»).
У выніку быў праведзены трэці тур галасавання, які аддаў перамогу празаходняму Віктару Юшчанку. Але ўсяго праз шэсць год украінцы галасуюць за Януковіча і абіраюць яго прэзідэнтам. Ведаючы яго пазіцыі, у тым ліку ў дачыненні Расіі.
Сюды ж можна аднесці і сітуацыю ў Грузіі. Грузінскае грамадства мела досвед і расійскай агрэсіі, і паспяховай барацьбы супраць аўтарытарызму. Але гэта не перашкодзіла яму падтрымаць прарасійскіх палітыкаў – ужо пасля пачатку паўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны. Што сведчыць аб адным: рэсурсу Расіі пакуль хапае, каб утрымліваць у сваёй арбіце некаторыя дзяржавы і прэтэндаваць на іншыя.
Што далей?
У адной з сацыялагічных апытанак было зададзена пытанне: «Калі б Вы ведалі чалавека, які мог бы паспяхова канкураваць з А. Лукашэнка на наступных прэзідэнцкіх выбарах, дык прагаласавалі б за яго ці за Лукашэнка?» Па выніках, Лукашэнка праіграў цалкам: у такой сітуацыі яго б падтрымалі толькі 21,7%, за ягонага апанента – 44,6%.
Адказ, якім беларусы бачылі гэтага гіпатэтычнага апанента, будзем шукаць у наступным артыкуле.
Читайте еще
Избранное