Филин

Юлія Кот

Тышкевіч: «Гэта рулетка, да першай ахвяры альбо да першых істотных руйнаванняў»

Аналітык пракаментаваў Филину, чым небяспечнае павелічэнне колькасці расійскіх дронаў у беларускай паветранай прасторы і колькі ва ўладаў атрымаецца захоўваць ілюзію мірнага неба.

У Беларусь зноў актыўна залятаюць расійскія БПЛА. Як піша Флагшток са спасылкай на ўкраінскія тэлеграм-каналы, што манітораць сітуацыю, толькі ў ноч на 10 ліпеня над тэрыторыяй Гомельскай вобласці праляталі больш за 20 дронаў. Пры гэтым за ўвесь папярэдні месяц, чэрвень, было зафіксавана толькі 17 выпадкаў залётаў беспілотнікаў, адзін з іх упаў блізу населенага пункта.

Як змянялася колькасць расійскіх дронаў у паветранай прасторы Беларусі з пачатку года. Інфаграфіка https://flagshtok.info.

Жыхары Гомеля распавялі, што чулі ўначы «мапедны» гул ударных дронаў, а таксама глухі гук, падобны да выбуху. Мясцовыя ўлады і дзяржаўныя СМІ традыцыйна робяць выгляд, што нічога такога не адбываецца і ніяк не каментуюць небяспеку пралёту расійскіх дронаў над Гомельшчынай. Сілавікі яшчэ раней прыгразілі адказнасцю за «распаўсюд ілжывых звестак». Але ці доўга атрымаецца захоўваць ілюзію нармальнасці, ці ўлады вымушаныя будуць рэагаваць?

— Наколькі я разумею, ужо рэагуюць — БПЛА ціхенька збіваюць ужо зараз, — адзначае аналітык Ігар Тышкевіч у каментары Филину. — Але іх колькасць будзе павялічвацца з павелічэннем інтэнсіўнасці атак РФ.

Ігар Тышкевіч

Колькі атрымаецца рабіць выгляд, што нічога не адбываецца? Станам на сёння — гэта рулетка, да першай ахвяры альбо да першых істотных руйнаванняў.

— Ці можа ў гэтых варунках нешта зрабіць Лукашэнка? Пасля скандалаў з бульбай і іншымі прадуктамі апошняе, што ён «прадае» электарату, — беларускае мірнае неба. А яно ўжо, атрымліваецца, не такое і мірнае.

— У дадзеным выпадку дзяржава спрабуе рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, а супрацьпаветраная абарона на гэта ўсё рэагуе. У горшым раскладзе, калі нешта здарыцца, Лукашэнка, верагодней за ўсё, выйдзе і скажа: беспілотнікі мы збівалі і працягнем збіваць. Але ад гэтага, паўтаруся, іх колькасць не зменшыцца.

Бо пытанне ў тым, што, па-першае, Расія не адчувае для сябе небяспекі ў тым, каб пракладаць маршруты праз тэрыторыі Беларусі, а па-другое, сродкі радыёэлектроннай барацьбы дзейнічаюць і частка беспілотнікаў банальна збіваецца з курсу, што таксама натуральна. Адпаведна, гэта будзе проста паўтарацца.

Пакуль Расія атакуе, максімум, што могуць беларускія вайскоўцы — актыўна збіваць гэтыя дроны, у тым ліку падымаць авіяцыю. Але ж пад’ём самалёта, верталёта на разавую цэль — гэта досыць дарагія механізмы барацьбы. Таму — плаціць і збіваць.

Рана ці позна, мяркуе Ігар Тышкевіч, пэўныя руйнаванні і разбурэнні на беларускай тэрыторыі непазбежныя, нават калі абыдзецца без чалавечых ахвяр. Бо колькасна Расія нарошчвае інтэнсіўнасць атак — і па часе, і па колькасці выкарыстаных БПЛА (толькі ў ноч на 10 ліпеня, паводле падлікаў ВСУ, былі выпушчаныя амаль 400 дронаў і 18 ракет).

— Адзін з маршрутаў абыходу кіеўскай сістэмы супрацьпаветранай абароны, калі расіяне не атакуюць мэтанакіравана Кіеў, якраз пралягае ўздоўж беларускай мяжы. Там працуе і сістэма РЭБ, і самі беспілотнікі, некаторыя з якіх ужо абсталяваныя камерамі, могуць сыходзіць ад удараў украінскай СПА на тэрыторыю Беларусі, — зазначае аналітык.

Нават калі ўмоўна лічыць, што толькі 5% беспілотнікаў перасякаюць беларуска-ўкраінскую мяжу, — чым больш маштабныя атакі, тым больш дронаў будуць уваходзіць у гэтыя 5%.

— Адзін з вашых папярэдніх прагнозаў быў пра тое, што летняя кампанія шмат што значыць для ходу вайны. Тое, што мы зараз бачым узмацненне атак — гэта ўжо момант Х, ці падрыхтоўка да яго?

— Летняя кампанія пачалася з траўня, а скончыцца яна з восеньскімі дажджамі, недзе ў кастрычніку. У гэты час Расія працягвае спрабаваць наступаць — глядзім, да чаго гэта прывядзе.

— Вучэнні «Захад-2025» могуць адыграць ролю ў падвышэнні небяспекі?

— Я не думаю. Таму што афіцыйны Мінск пабойваецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(9)