Женщины

Воля Дабрэй

«У мяне ваюе каханы, і я жыву з тым, што ўяўляю ягоную смерць»

Беларуска Арына Коршунава валанцёрыць ва Украіне ад самага пачатку вайны. Дзяўчына кажа, што гэта патрэбна ў першую чаргу ёй самой — каб змагацца са стрэсам і адчуваць, што робіш нешта карыснае. У шчырай размове з «Салідарнасцю» суразмоўніца расказала, чаму не хоча з’язджаць з Украіны, што дапамагае «вывозіць» эміграцыю і вайну і як жыць з адчуваннем, што кожны дзень хтосьці з блізкіх можа загінуць.

«Салідарнасць» працягвае міні-цыкл пра беларускіх валанцёраў і актывістаў, якія да гэтага часу застаюцца ва Украіне і дапамагаюць ёй падчас поўнамаштабнай вайны. Першая гісторыя тут.

Усе фоты з асабістага архіву суразмоўніцы

Арына з’ехала з Беларусі ва Украіну ўлетку 2021 года. Гэта адбылося праз пераслед КДБ. Падчас пратэстаў дзяўчына хадзіла на маршы, пісала лісты палітвязням, удзельнічала ў розных актыўнасцях. Таксама яна – у знак падтрымкі з рэпрэсаванымі студэнтамі і выкладчыкамі – на ўласнае жаданне адлічылася з 4 курса БДУ.

Ва Украіне Арына тры гады адпрацавала ў незалежным медыя, дзе навучылася ствараць відэакантэнт. Гэтыя кампетэнцыі дапамагаюць ёй і ў валанцёрскай працы. Беларуска робіць сацяльныя ролікі для ўкраінскіх фондаў, каб збіраць грошы ў падтрымку арміі.

Арына тлумачыць, што зараз склалася такая сітуацыя, калі дзяржава не можа забяспечыць усе патрэбы вайскоўцаў. Таму данаты сталі ва Украіне амаль побытавай справай:

— Гэта абсалютна нармальна — прачнуцца, выпіць каву і закінуць данат. І трэба заахвоціць чалавека на гэта [адмысловым кантэнтам]. Часам для стварэння кантэнту патрэбны толькі ноутбук, а бывае – трэба кудысьці з’ездзіць, з кімсьці пазнаёміцца. Часам гэта паездкі на фронт.

Дзяўчына дапамагае не толькі фондам, але і непасрэдна вайсковым падраздзяленням, калі трэба стварыць відэа з адснятага ў баі ці з дронаў матэрыяла. Таксама разам з сябрамі арганізуе асобныя зборы для беларускіх ваяроў — напрыклад, калі ёсць патрэба ў тэхніцы ці ў рамонце. 

«Не было іншага шляху»

Пачатак вайны Арына сустрэла ў Івана-Франкоўску — тады яна жыла ў гэтым горадзе. Адразу ж пачала дапамагаць як валанцёрка. Тры месяцы гатавала ежу для ўцекачоў. Пасля, у 2023 годзе, ездзіла на разборы завалаў у Чарнігаўскай вобласці, якую атакавалі ракетамі з Беларусі.

— Гэта было нават не пытанне маралі, а жаданне прыкласці куды-небудзь энэргію, якая стваралася праз стрэс, — тлумачыць суразмоўніца «Салідарнасці». — Не было іншага шляху. Хацелася штосьці рабіць, адчуваць сябе прынамсі небескарысна. Не было нават думак — дапамагаць ці не дапамагаць. Ну чым яшчэ займацца?

Праз валанцёрства Арына пашырыла кола знаёмых і шмат каму распавядала пра Беларусь:

— Тады мяне гэта вельмі падтрымала. Бо беларусаў ненавідзелі за страшэнны дазвол атакаваць з тэрыторыі нашай краіны. І ў мяне была неабходнасць расказваць, што ёсць яшчэ іншыя беларусы. Шмат хто з украінцаў разумеў розніцу яшчэ з 2020 года, але шмат хто не ведаў, і новая інфармацыя стала сапраўды шакуючай.

Цяпер, адзначае Арына, стаўленне ўкраінцаў да беларусаў змяняецца. Дзяўчына кажа, што бацыць акно магчымасцяў, якое адчынілася:

— Невялікае акенца — такая фортка. Бо нарэшце можна пра сябе часцей заяўляць. Канешне, у публічнай прасторы мала хто [з украінцаў] скажа, што ён добра ставіцца да беларусаў — гэта ўсё яшчэ даволі табуяваная тэма.

Але ёсць і такія людзі, якія адкрыта расказваюць, што яны супрацоўнічаюць з беларусамі, з дэмакратычнымі сіламі, актывістамі, ваярамі. Дзякуючы гэтаму наша рэпутацыя не ўпала зусім у нішто. 

Цяпер Арына жыве ў Кіеве і, акрамя стварэння кантэнту, валанцёрыць ў рэабілітацыйным цэнтры «Ланка». Яго заснавала беларуская праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская. У цэнтры праходзяць рэабілітацыю пасля раненняў замежныя ваяры, у тым ліку і беларусы. Патрымка валанцёраў патрэбная, каб камунікаваць з вайскоўцамі, дапамагаць ім у побытавых пытаннях.

Паўтара года ў псіхатэрапіі

Суразмоўніца «Салідарнасці» прызнаецца, што жыццё на мяжы з вайной адбіваецца на псіхалагічным стане. Яна апісвае свае адчуванні як размыты, фонавы страх. Часам здараюцца панічныя атакі. Праз гэта Арына апошнія паўтара года бесперарыўна ў псіхатэрапіі:

— Я не магу сказаць, што бачыла нешта страшнае. Бо ёсць вялікая колькасць людзей, якія на фронце правялі значна часу, і там сапраўды жудасныя рэчы.

Я проста пражываю, як і ўсе, такое ж гора. У мяне таксама гінуць сябры — і знаёмыя, і блізкія. Я таксама чую выбухі і трывогі. Я таксама адсочваю па навінах гора людзей.

Я бываю на могілках, бачу сцягі — а на кожным пахаванні ваяроў стаіць сцяг. І бываюць могілкі, дзе ад гэтых сцягоў не бачна неба наўпрост. 

За сваю бяспеку не баішся — баішся, што нешта здарыцца з іншымі. У мяне ваюе каханы чалавек, і я жыву з тым, што ўяўляю ягоную смерць. Бо думкі лезуць і лезуць. І мае дарагія сябры служаць — я баюся за іх жыццё і лёс. Правяраеш, ці ўсе на сувязі, пішуць — не пішуць. (Літаральна праз тры гадзіны пасля інтэрв’ю «Салідарнасці» Арына дазналася пра смерць сябра, — С.).

Дзяўчына ўзгадвае, што напачатку вайны не было страху. Была максімальная кансалідацыя, узаемападтрымка, паразуменне. Зараз нашмат больш страшна — бо не бачна перспектываў, кажа яна.

— І ёсць яшчэ не страх, а проста такі адчай. Ён паўзе вось з гэтага — з адсутнасці нейкай нармальнай будучыні. Нармалізаванай. Дзе ў мяне сям’я, дом — вось гэтага я зусім не бачу для сябе пакуль што. І сябры таксама не могуць сябе такое ўявіць. Мне хацелася б для нас лепшага жыцця, і мне вельмі шкада, што такое адбываецца. 

Я ўвесь час сабе нагадваю, што гэта ненармальныя ўмовы і мы ў іх яшчэ нармальна даем рады насамрэч. Але вось гэтае перажыванне за будучыню — за сваю, за агульную, за нашы краіны, — яно прысутнічае.

Што нас чакае? Няма ўпэўненасці, няма планаў. Ёсць кароткатэрміновы імпакт, які мы ствараем закрыццём валацерскіх задач. Мы задаволеныя з таго, што робім з дня на дзень, але абсалютна няма ніякай веры ў тое, што праз два, праз тры гады мы ўсё яшчэ будзем хаця б жыць. 

«Ёсць 140 мільёнаў людзей, якія займаюцца кепскім. Таму мне трэба старацца»

— Але я, шчыра кажучы, калі прыязджаю да знаёмых кудысьці ў Польшчу, заўжды расказваю, што ў цэлым, у балансе эмоцый, мы жывем не горш, чым яны. Проста ў нас нашмат больш жаху, і таму самыя звычайныя рэчы выклікаюць у мяне нашмат больш шчасця, чым гэта выклікае ў іх. Такія эмацыйныя арэлі атрымліваюцца.

Напрыклад, сустрэчы з сябрамі з харошай нагоды, нейкая файная падзея, падарожжа, сустрэча з каханым — вось звычайныя, здавалася б, рэчы выклікаюць такое захапленне, што яно балансуе гэтыя страх і апатыю.

Арына кажа, што падобныя адчуванні дае ёй і валанцёрская дзяйнасць:

— Напэўна, мая матывацыя ўвогуле ў гэтых гармонах шчасця, якія выплёсківаюцца ад таго, што ты штосьці зрабіў. Я не тое каб эгаістка, але разумею, што гэта менавіта мне трэба. Мне трэба штосьці зрабіць, каб адчуваць сябе нармальна. Каб укласціся ў баланс.

Ёсць кепскае ў свеце, ёсць добрае. Мне трэба падтрымаць баланс добрага. Бо кепскага і так дахалеры. І ёсць 140 мільёнаў людзей, якія займаюцца кепскім. Таму мне трэба старацца.

Без Беларусі не справілася б

Хіба не самае галоўнае, што дапамагае «вывозіць» эміграцыю і вайну — гэта сувязі з Беларуссю, са сваімі традыцыямі і культурай, кажа Арына. У эміграцыі яна намагаецца іх захоўваць і паглыбляць.

— Я нясу беларушчыну, стараюся ўсім расказваць і быць файным прыкладам. На жаль, я не зусім паспела атрымаць той культурніцкі пласт, які магла, у Беларусі. Я ўжо там пачала размаўляць па-беларуску, цікавіцца гісторыяй і культурай, ездзіць па краіне, але мне не хапіла.

Тут, ва Украіне, людзі нашмат больш занураныя ў традыцыі, асабліва пасля пачатку вайны. Нейкія з’явы нават пераўтварыліся ў поп-культуру — упрыгожванне, адзенне, традыцыйная музыка, святы. І на фоне таго, як яны моцна стаяць на ўласнай культурнай глебе, я сябе даволі бедна адчуваю. У мяне ёсць патрэба шукаць беларускае.

Дзяўчына расказвае, што слухае беларускія спевы, пляце павукоў, разам з сябрамі ладзіць святы ў народных традыцыях:

— Мы нібыта бавімся — але гэта такая патрэба: стварыць у гэтым усім украінскім сваё беларускае культурнае асяроддзе. Да нас прыходзяць сябры-украінцы, ім таксама цікава. Да таго ж у іх даволі часта не было магчымасці сустрэць носьбіта беларускай культуры. Былі русіфікаваныя беларусы ў іхнім жыцці, і таму калі ты хаця б па-беларуску пачынаеш размаўляць, то для іх гэта шок.

Насамрэч я думаю, што без гэтай сувязі з Беларуссю я б не справілася. Тут адбываюцца страшныя рэчы. Але самаідэнтыфікацыя сябе як беларускі дапамагае часам уключаць стан назіральніка. Я ёсць беларускай і ўсё ж не ёсць украінкай. Я хоць і пражываю увесь гэты жах, але ў мяне ёсць яшчэ мая краіна, ёсць аб чым падумаць. 

«Калі ехаць кудысьці чыліць — так там няма чаго рабіць»

Нягледзячы на ўсе складанасці, звязаныя з вайной, Арына кажа, што не ўяляе, што з’едзе ў іншую, больш спакойную краіну.

— Я не бачу сябе яшчэ дзесьці. Я, напэўна, ужо не змагу.  Дзякуй лёсу, я шмат падарожнічала — часта бываю ў Польшчы, бачыла поўдзень Еўропы, Амерыку. Але ў мяне зараз такі стан — усё роўна трэба дзейнічаць. Трэба хоць куды сябе прыкласці, пакуль гэты жах адбывацца. Калі ехаць кудысьці чыліць — так там няма чаго рабіць. Я выбіраю быць тут абсалютна асэнсавана. 

Я заўсёды вяртаюся ва Украіну з прыемным адчуваннем, што мне тут усё блізка. Гэта для мяне яшчэ не дом. Усё яшчэ сакральнае адчуванне дома  — у Беларусі. Але мне тут добра. Я сама будую вакол сябе такую прастору — матэрыяльную, атачэнне, працу, — каб тут было прыемна знаходзіцца.

Чалавек прывыкае. Я ўпэненая, што звонку гэта ўсё выглядае нашмат горш, чым яно ёсць насамрэч. Тое самае і на пратэстах было. Я ўсім кажу, што можна прыехаць, паваланцёрыць, паглядзець, як мы тут жывем. Тут не Асвенцым — працуюць кавярні, усё яшчэ найлепшая кухня ў свеце, вельмі шмат чаго вясёлага, класнага, падарожжы, канцэрты. Карпаты ўсё яшчэ стаяць, Адэса пляскаецца. Проста нейкая такая нітка гумара праз ўсё гэта — і журбы, незразумеласці.

І яшчэ я заўважыла такую рэч: калі ўкраінцам зараз задаць пытанне «Як ты?», то яны адкажуць больш стабільна, чым людзі з Еўропы. Таму што людзям з Еўропы больш стромна зараз, у іх яшчэ гэта не пачалося.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(11)