Заканчваецца тэрмін даўніны па народным пратэсным артыкуле. Больш нікога не пасадзяць?
Сотні беларусаў ужо трапілі за краты па «народным» артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. Затрыманні за ўдзел у пратэстах працягваюцца дагэтуль, але хутка заканчваецца тэрмін даўніны па гэтым артыкуле, які складае пяць гадоў. Што гэта значыць?
Беларускі адвакат, які займаўся абаронай палітвязняў (яго імя не называецца ў мэтах бяспекі), патлумачыў Нашай Ніве, што зменіцца для ўдзельнікаў пратэстаў з заканчэннем пяцігадовага тэрміну даўніны.
Ёсць дэманстрант, які ўдзельнічаў у акцыі пратэсту 16 жніўня 2020 года (тут можна падстаўляць і любую іншую дату). Што яму пагражае цяпер і што будзе пагражаць далей?
Калі чалавека ўжо асудзілі па артыкуле 342 і ён трапіў у калонію ці на хімію, то заканчэнне тэрміну даўніны ніяк не паўплывае на яго лёс.
Калі чалавека нядаўна арыштавалі — напрыклад, адзін-два месяцы назад, — то ёсць вялікая розніца, ці паспеюць яго асудзіць да 16 жніўня 2025 года.
Прычым важны не дзень суда, а дата, калі прысуд набудзе моц. Калі асуджаны ў першасным судзе не піша апеляцыйную скаргу, то гэта адбываецца праз 10 дзён пасля вынясення прысуду. А калі асуджаны падае на апеляцыю, то ў дзень апеляцыйнага разгляду.
Адпаведна, калі прысуд па артыкуле 342 не ўступіў у сілу да пятай гадавіны «злачынства», справа мусіць быць спыненая. Суддзя павінен спытаць у абвінавачанага, ці згодны ён на спыненне справы ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўніны. І калі атрымае згоду, на гэтым крыміналка будзе скончаная.
З іншага боку, і калі абвінавачаны скажа «не», справа ўсё адно мусіць быць спыненая, толькі з іншымі фармулёўкамі. Яшчэ адзін варыянт — абвінавачанаму выносяць прысуд, але вызваляюць яго ад пакарання праз заканчэнне тэрміну даўніны.
Адвакат тлумачыць, што гэтая логіка працуе і ў выпадках, калі б тэрмін даўніны скончыўся да падачы на апеляцыю ці да яе разгляду. У такім выпадку менавіта апеляцыйны суд мусіць спыніць справу.
Гэта значыць, што калі чалавека арыштоўваюць па 342-м артыкуле зараз, то ёсць вялікія шанцы, што пакаранне абмяжуецца чаканнем суда ў СІЗА. Бо нават калі пасадзілі за марш, які адбыўся ў кастрычніку 2020 года, пакуль справа пройдзе ўсе інстанцыі, то ўжо наступіць кастрычнік 2025 года — і чалавека давядзецца адпускаць.
Але ёсць некалькі важных нюансаў.
Можа быць так, што на пратэстоўца яшчэ раней завялі крыміналку па народным артыкуле, але чалавек здолеў перабрацца за мяжу. Тэрмін даўніны і ў такім выпадку заканчваецца праз пяць гадоў ад «злачынства», але ёсць адно выключэнне.
Калі чалавека абвясцілі ў вышук па артыкуле 342, яго асабісты тэрмін даўніны павялічваецца з 5 да 15 гадоў. Гэта датычыць і сітуацый, калі чалавек хаваецца ўнутры краіны.
Прычым няма спосабу аддалена праверыць са стопрацэнтнай дакладнасцю, абвешчаны ў вышук ці не.
Іншы важны момант — ці вы не здзейснілі за гэтыя пяць гадоў тэрміну даўніны нешта яшчэ, што дзяржава можа кваліфікаваць як крымінальнае злачынства. Напрыклад, напісалі нейкі рэзкі каментар, які ў вас знойдуць падчас агляду мабільніка пры ператрусе.
У такім выпадку тэрмін даўніны па артыкуле 342 адлічваюць нанава з даты здзяйснення новага «злачынства». Напрыклад, калі вы ўдзельнічалі ў пратэстах 9 жніўня 2020-га і напісалі каментар або зрабілі данат у жніўні 2021-га, ваш тэрмін даўніны па артыкуле 342 скончыцца ў жніўні 2026-га.
Эксперт тлумачыць:
— Нават калі такі каментар пакінуць 8 жніўня 2025-га, тэрмін даўніны па артыкуле 342 пачне ісці нанава з гэтага дня, хаця і прайшло амаль пяць гадоў. Лічыцца па апошнім злачынстве.
Юрыст нагадвае: магчыма, цягам гэтых пяці гадоў чалавек пабыў у нейкім чаце, пазней прызнаным экстрэмісцкім, ці рэпосціў нешта забароненае. Таму і праз пяць гадоў пасля пратэстаў ніякіх гарантый для яго няма.
Больш за тое, нават калі тэрмін даўніны сышоў і беларус ні ў чым новым за гэты час не ўдзельнічаў, яго могуць затрымаць:
— Каб спыніць справу, па якой скончыўся тэрмін даўніны, трэба згода абвінавачанага. Магчыма, ён хоча рэабілітавацца і таму не жадае сканчваць справу, хоча пайсці ў суд і там даказаць, што ён невінаваты. У такім выпадку справу павінны разглядаць.
Адпаведна, гэтыя справы застаюцца ў вытворчасці органаў. І калі тэрмін даўніны скончыўся, гэтыя справы ўсё адно могуць выкарыстоўваць, каб затрымліваць людзей, знаходзіць у іх нешта новае і асуджаць за гэта — напрыклад, за каментары ці нейкія кантакты з «экстрэмістамі».
Суразмоўца лічыць, што калі быў факт удзелу ў пратэсце і пра гэта ведаюць сілавікі, нельга лічыць, што пратэстовец будзе ў бяспецы праз пяць гадоў пасля акцыі. Проста ў такім выпадку, калі на яго не знайшлі нічога іншага, яго не могуць адправіць у калонію па артыкуле 342.
Читайте еще
Избранное