Многія не трапляюць у поле зроку грамадзянскай супольнасці менавіта таму, што няма магчымасці атрымаць пацверджаную інфармацыю.
Зазулінская: «Напамін пра наш агульны абавязак — змагацца за вызваленне кожнага і кожнай, хто знаходзіцца за кратамі па палітычных матывах»
Прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская распавяла «Салідарнасці» пра тое, чаму вызваленне палітзняволеных не ёсць «жэст добрай волі» ўладаў. І што можа зрабіць кожны ў падтрымку вязняў.
21 траўня — Дзень салідарнасці з палітвязнямі Беларусі. Гэтую дату праваабаронцы прысвячаюць памяці актывіста Вітольда Ашурка, які памёр у шклоўскай калоніі 21 траўня 2021 года. На волю Вітольд мусіў выйсці сёлета, аднак гэтага не адбудзецца.
На вялікі жаль, спіс ахвяр рэжыму няўмольна расце. З таго часу за кратамі памерлі яшчэ шасцёра чалавек. Несправядліва асуджанымі ў вязніцах застаюцца каля 1200 беларусаў.
Аднак нават пасля вызвалення, па «памілаванні» ці цалкам адбыўшы свае тэрміны, палітзняволеныя застаюцца ў зоне рызыкі. Бо вельмі часта з-за жорсткага абыходжання турэмшчыкаў і неаказання медыцынскай дапамогі з-за кратаў яны выходзяць у моцна прыгнечаным маральным стане, з вострымі і хранічнымі хваробамі, якіх да зняволення не было.
Такім чынам рэжым фактычна парушае неад’емнае, гарантаванае Канстытуцыяй права кожнага чалавека на ахову здароўя — і гэта таксама злачынства.
Нядаўна стала вядома: усяго праз некалькі месяцаў на волі пайшлі з жыцця былыя палітзняволеныя Ганна Кандраценка і Тамара Каравай. У Ганны была анкалогія, але яе не лячылі належным чынам. У Тамары, паводле сяброў, не вытрымала сэрца.
«Калі гэта не генацыд, то што?!» — эмацыйна пішуць беларусы ў сацсетках.
«Я сама прайшла праз усе гэтыя катаванні цягам чатырох гад, бачыла на свае вочы і адчула, калі рэжым фактычна здаровых людзей мэтанакіравана, паслядоўна альбо проста зжывае са свету, альбо ператварае іх у інвалідаў», — гаворыць актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк.
«Выпусціць чалавека, калі яго арганізм ужо зломлены — гэта не памілаванне, гэта хаванне доказаў забойства, — адрэагавала Святлана Ціханоўская. — І, на вялікі жаль, наўрад ці ў гэтым спісе пастаўленая кропка».
Ці шмат выпадкаў, калі палітвязням неадкладна патрэбная дапамога, мы яшчэ не ведаем, якія магчымасці дапамогі зараз ёсць і што можа зрабіць абсалютна кожны беларус, каб выказаць салідарнасць з палітзняволенымі — гэтыя пытанні напярэдадні «Салідарнасць» задала кіраўнічцы фонду «Краіна для жыцця», прадстаўніцы АПК у сацыяльнай палітыцы Вользе Зазулінскай.
— Навіны пра смерці былых палітвязынак Ганны Кандраценкі і Тамары Каравай выклікалі ў беларусаў вялікі боль і абурэнне, і нават пачуццё віны, нібыта гэта мы ўсе недаглядзелі... Ці ўваходзілі гэтыя жанчыны ў так званы гуманітарны спіс, складзены праваабаронцамі?
— Мне не хацелася б апярэджваць ацэнкі праваабарончай супольнасці, бо менавіта яны вядуць сістэмную працу па складанні такіх спісаў і маюць дакладную інфармацыю. Але з таго, што вядома публічна, стан здароўя гэтых жанчын сапраўды пагоршыўся падчас зняволення.
Гэта яшчэ раз падкрэслівае, як важна разглядаць вызваленне ўразлівых асобаў не як «жэст добрай волі», а як неадкладную неабходнасць, якая можа выратаваць чалавечае жыццё.
— На вашу думку, наколькі шырэйшым можа быць спіс тых, каму медычная дапамога патрэбная неадкладна? І ці ёсць прыкметы гатоўнасці рэжыму вызваляць такіх людзей?
— Па ацэнках праваабаронцаў і медычных экспертаў, колькасць людзей, што маюць цяжкія, у тым ліку хранічныя захворванні, значна большая, чым мы можам сабе ўявіць.
Што да гатоўнасці вызваляць — кожны выпадак вызвалення, асабліва асобаў з інваліднасцю або сур’ёзнымі дыягназамі, мы сустракаем з надзеяй, але і з сумам ад разумення, што многія павінны былі быць на волі яшчэ ўчора.
— Што рэальна можна зрабіць, каб падтрымаць тых, пра каго нават няма інфармацыі ў публічным полі?
— Гэта вельмі далікатнае пытанне. Мы паважаем і разумеем страх людзей унутры краіны. Але важна, каб нават ананімная інфармацыя даходзіла да праваабарончых арганізацый — праз блізкіх, праз сяброў, праз тых, хто мае кантакт.
Гэта можа стаць ключом да дапамогі: юрыдычнай, медычнай, псіхалагічнай. За межамі Беларусі таксама важна падтрымліваць ініцыятывы, што працуюць з сем’ямі палітвязняў, і пашыраць магчымасці для аказання гуманітарнай падтрымкі тым, хто вызваліўся.
— Дарэчы, пра магчымасці дапамогі экс-палітвязням і іх родным: якія спосабы ёсць на сёння і што можа з’явіцца ў перспектыве?
— Сёння ёсць некалькі ініцыятыў і фондаў, якія прапануюць першую падтрымку пасля вызвалення — з неабходнымі рэчамі, кансультацыямі, юрыдычнай і псіхалагічнай дапамогай (я маю на ўвазе BYSOL, By_Help, праваабарончы цэнтр «Вясна», ініцыятывы «Вольныя» і DissidentBy, асацыяцыі былых палітзняволеных).
Але з ростам колькасці тых, хто выходзіць на волю, гэтая сістэма мае быць пашырана і структуравана. Мы таксама працуем над тым, каб развіваць камунікацыю паміж ініцыятывамі, каб дапамога не дублявалася, але закрывала максімальна шырокі спектр патрэбаў: ад рэабілітацыі да інтэграцыі ў грамадства.
— Таксама трэба нагадаць пра Дзень салідарнасці з палітвязнямі — сёлета гэта фактычна тыдзень і некалькі дзясяткаў мерапрыемстваў, зладжаных у Польшчы, Літве, Латвіі, Бельгіі, Італіі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі. Калі патлумачыць у некалькіх словах: чаму гэта важна, і як захаваць ланцужок салідарнасці надалей?

— Дзень салідарнасці з палітвязнямі — гэта не толькі магчымасць успомніць пра боль і несправядлівасць, але і напамін пра наш агульны абавязак — змагацца за вызваленне кожнага і кожнай, хто знаходзіцца за кратамі па палітычных матывах.
Асаблівую ўвагу мы сёлета звяртаем на тых, каму жыццёва неабходна тэрміновае вызваленне — людзей з інваліднасцю, з цяжкімі захворваннямі, з хранічнымі станамі, што пагаршаюцца ў няволі. Мы ведаем пра сотні такіх выпадкаў і працягваем патрабаваць да іх асаблівага стаўлення, бо гаворка ідзе пра чалавечыя жыцці.
Салідарнасць не мае межаў — геаграфічных, моўных, прафесійных. Таму мы заклікаем усіх, хто падзяляе каштоўнасці свабоды і годнасці, далучацца да акцый 21 траўня ва ўсім свеце. Разам мы можам узмацніць голас тых, каго хочуць прымусіць маўчаць.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное