100 год з дня нараджэння Аляксандра Надсана. 10 фактаў пра выбітнага асветніка і святара
Пераклаў Псалтыр, заснаваў скарынаўскую бібіятэку ў Лондане.
Аляксандр Надсан
8 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага асветніка і святара Аляксандра Надсана. Прыгадваем цікавыя факты з жыцця выбітнага беларуса.
Быў Бочкам, а стаў Надсанам. Ягоны бацька Антон Бочка, настаўнік, у 1920-м быў у штабе Слуцкага збройнага чыну. Ужо ў эміграцыі Аляксандр узяў сабе прозвішча Надсан (з націскам на першы склад).
У 18 год апынуўся ў эміграцыі. Народжаны ў 1926-м, Аляксандр Надсан заспеў Другую сусветную вайну ў Беларусі. Пад акупацыяй атрымаў адукацыю ў настаўніцкай семінарыі ў Нявіжы.
Скончыў курсы кіраўнікоў Саюзу беларускай моладзі, у чэрвені 1944-га стаў курсантам мінскай афіцэрскай школы Беларускай краёвай абароны.
З СС у Рух супраціўлення. Летам 1944-га Надсан быў накіраваны ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію войскаў пры СС, але перайшоў на бок саюзнікаў.
Удзельнічаў у Руху Супраціўлення ў Францыі, ваяваў у 2-м Польскім корпусе генерала Андэрса ў Італіі, меў раненні.
Айцец паваеннай эміграцыі ў Вялікабрытаніі. З 1946-га і да самай смерці ў 2015-м Надсан пражыў у Вялікабрытаніі.
Фота: skaryna.org
Ён быў стваральнікам і кіраўніком Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, а таксама шэрагу эмігранцкіх арганізацый, у тым ліку Беларускага незалежніцкага народна-хрысціянскага руху.
Ведаў 9 моў. Аляксандр Надсан меў рознабаковую адукацыю. Скончыў матэматычны факультэт Лонданскага ўніверсітэта, быў магістрам багаслоўя рымскай грэчаскай калегіі, з’яўляўся ганаровым доктарам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
Выкладаў матэматыку і быў святаром. Ад 1986-га быў апостальскім візітатарам для беларусаў-каталікоў у замежжы.
Вазіў еўрапейскую дапамогу дзецям Чарнобыля. З 1989-га айцец Надсан займаў пасаду старшыні Беларускага камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі.
Фота: skaryna.org
Асабіста прывозіў у Беларусь гуманітарную дапамогу на патрыманым мікрааўтобусе. Аднойчы той аўтобус абрабавалі.
Ён не пабаяўся і сам паехаў у тыя забруджаныя мясьціны. Размаўляў там зь людзьмі і казаў праўду пра Беларусь на Захадзе. Шмат сяброў з Ірляндыі і Ангельшчыны прымалі нашых дзяцей у сваіх сем’ях.
Айцец Аляксандр сам сустракаў дзяцей у аэрапорце, заўсёды выяжджаў у шпіталь, калі трэба была дапамога, і сам размаўляў з доктарам наконт здароўя беларускага хлопчыка ці дзяўчынкі.
Марыя Міцкевіч, старшыня дзіцячага фонду «Сакавік»
Пераклаў Псалтыр на родную мову. Справай апошніх гадоў жыцця для Аляксандра Надсана стаў пераклад Псалтыра. Кніга выйшла па-беларуску праз год пасля яго смерці.
А яшчэ ён падаў ідэю перавыдаць па-беларуску кулінарны энцыклапедычны бестселер 1854 года — «Літоўскую кухарку».
50-годдзе святарскай дзейнасці адзначыў у Чырвоным касцёле. Гэта быў 2008 год, павіншаваць айца Надсана прыйшлі Генадзь Бураўкін, Алег Трусаў, Адам Мальдзіс, Кася Камоцкая ды многія іншыя — у канцэртнай залі касцёла не было дзе яблыку ўпасці.
Сто аўтараў напісалі кнігу пра яго. У кастрычніку 2010-га айца Надсана з захапленнем вітала поўная зала бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук у Мінску. Гэта была прэзентацыя прысвечанай яму кнігі «Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца».
Выданне, якое выйшла на беларускай і англійскай мовах, аб’яднала артыкулы 100 аўтараў з чатырнаццаці краінаў свету.
Хочаце падтрымаць тое, што мы робім? Далучайцеся да
Клуба Салідарнасці
на Patreon, калі для вас гэта бяспечна. Пры ўваходзе з Беларусі карыстайцеся VPN.