Алексіевіч: «Статкевіч робіць на мяне ўражаньне чалавека, які здагадваецца пра будучыя часы»
Нобэлеўская ляўрэатка інтэрвію для Радыё Свабода пракаментавала папярэджаньне Міколы Статкевіча пра тое, што Расея можа нанесьці ядзерны ўдар з тэрыторыі Беларусі і ўзгадала сустрэчу з ім.
— Мікола Статкевіч, які прабыў каля 6 гадоў за кратамі, які адмовіўся быць вывезеным зь Беларусі, які потым праз інсульт, праз цяжкую хваробу дамогся вяртаньня дадому, завёў свой Telegram-канал і ў адным зь першых тэкстаў напісаў: магчыма, я выжыў, каб сказаць беларусам пра вялікую пагрозу таго, што Расея разьмяшчае ядзерную зброю ў Беларусі і можа нанесьці з тэрыторыі Беларусі ўдар па Эўропе. А Беларусь можа стаць мішэньню для ўдару ў адказ.
Як вы ацэньваеце пагрозу, пра якую папярэджвае Мікола Статкевіч?
— Статкевіч робіць на мяне ўражаньне чалавека, які здагадваецца пра будучыя часы. Памятаю, як у 2019 годзе, яшчэ ўсё было спакойна, ён прыйшоў да мяне і сказаў: «Сьвятлана, гэта апошняя, па-мойму, вясна, якую мы жывём на волі. Хутка будуць зусім іншыя часы». І я яму не паверыла.
Недзе менш чым праз паўгода адбылося тое, пра што ён прадказваў. І цяпер, думаю, ён вельмі дакладна прадказвае новыя небясьпекі. Гэта так. Мы становімся такім выпрабавальным пляцдармам. Расея адсоўвае небясьпекі магчымай Трэцяй усясьветнай вайны на нашу тэрыторыю, каб гэта было спачатку з намі. Так, ён мае рацыю. Думаю, што такая небясьпека існуе.
— Я памятаю, Мікола Статкевіч быў у Празе пасьля вызваленьня ў 2016 годзе, і вы таксама ў гэты ж час былі ў Празе на запрашэньне чэскіх арганізацыяў і выступалі з лекцыяй у адным з будынкаў Нацыянальнага тэатру Чэхіі. Тады Мікола Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч сядзелі ў залі, а вы былі на сцэне. Адказваючы на адно з пытаньняў, вы назвалі Міколу Статкевіча рамантыкам. А як бы вы цяпер назвалі яго?
— Так, я назвала яго рамантыкам у тым пляне, што ў мяне было адчуваньне, што насоўваецца нейкая цемра, якую проста так перамагчы з тых пазыцыяў, пра якія казаў Мікола, было немагчыма. Я ведала, вывучала чалавека дзясяткі гадоў, зыходзячы зь яго псыхалёгіі, і разумела, што мы ня здольныя гэта перамагчы.
Дакладна гэтаксама, як я размаўляла з Хадаркоўскім, калі ён выйшаў з турмы. І ён таксама думаў, што ў яго вялікія грошы, ён робіць газэты, ён робіць нейкія арганізацыі і пераможа Пуціна. Я таксама сказала: вы рамантык. Гэта немагчыма.
Гэта зноў пачалося нешта, як было ў 1917 годзе, калі інтэлігенцыя разгубілася, як і сёньня. Вы ж бачыце, інтэлігенцыю не чуваць. Ані нашай эліты, ані расейскай не чуваць. Таму што разгубіліся, таму што няма новых ідэяў.
Тое самае цяпер. Ёсьць час цемры. Вось яна ідзе, і ўсе бясьсільныя. Але гэта ня значыць, што яна будзе заўсёды.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное