Беларуска распавяла пра свой эксперымент у Мінску: яна пачала размаўляць па-беларуску і глядзець на рэакцыю

Беларуска распавяла ў Threads пра свой эксперымент у Мінску. Яна вырашыла размаўляць з людзьмі па-беларуску і назіраць, як яны рэагуюць на родную мову.

— Сёння я правяла эксперымент у Мінску. Як будуць рэагаваць людзі, калі я загавару з імі па-беларуску.

  • У спортзале дзяўчына мяне перапытала, але зразумела.
  • Маладая дзяўчына-барыста ў кавярні не зразумела мяне, калі я прасіла цукар і сурвэтку.
  • Жанчына-касір у Капеечцы каля дома адразу мяне зразумела, адказала на беларускай мове і усміхнулася.
  • А таксіст усе 15 хвілін размаўляў са мной на роднай мове! Аказалася, што мы з ім суседзі! — напісала дзяўчына.

Беларуска патлумачыла, што эксперымент не быў запланаваным: было жаданне перамагчы страх і загаварыць з незнаёмымі людзьмі ў рэальным жыцці, а не толькі ў Threads. Спачатку, дадае дзяўчына, было сумна, асабліва калі іншыя мінчукі не разумелі і перапытвалі.

— Мне зноў захацелася замаўчаць, але тыя дзве спробы на касе і ў таксі былі таго вартыя. Стала значна лягчэй, калі знайшла водгук. Вельмі прыемныя пачуцці з гэтага дня. Не бойцеся размаўляць па-беларуску, у гэтым ёсць нешта цёплае і патаемнае, — падвяла вынік карыстальніца сацсеткі.

Пост беларускі набраў амаль чатыры тысячы лайкаў і каля 300 каментароў. Сярод іх было шмат словаў падтрымкі ад украінцаў, якія ацанілі намаганні беларускі, рабілі кампліменты беларускай мове мове і адзначалі, што «ўсё разумеюць».

Пры гэтым некаторыя здзівіліся становішчу беларускай мовы ў Беларусі і словам дзяўчыны пра неабходнасць «пераадолець страх».

А вось што пісалі ў каментарах самі беларусы:

«Дзякуй вам, не спыняйцеся, таксама працую над сабой!».

«Вось так пакрысе будзем прывыкаць, навучымся».

«Вам дзякуй! Але становішча жудаснае: родная мова і эксперымент».

Чым больш гаворыш на беларускай мове, тым больш сустракаеш тых, хто адказвае таксама па-беларуску. Дзівосны факт, у які цяжка паверыць, пакуль сам не праверыш.

«Я пачынала размаўляць па-беларуску менавіта з незнаёмымі людзьмі, з калегамі і роднымі перайшла ў апошнюю чаргу».

«Заўважыла, што часцей рэакцыяй на беларускую мову бывае ўсмешка, але працягваюць размову на расейскай».

«Чвэрць стагоддзя размаўляю па-беларуску. Каб зберагчы сваю нервовую сістэму, настройваю сябе на абыякавасць да таго, як адрэагуюць людзі. Хаця калі рэагуюць пазітыўна, то і мне прыемна».

«Я лічу, эксперымент прайшоў паспяхова! За адзін дзень вынікі выдатныя! І вы малайчына».

«Вы смелы чалавек, які натхняе».

«Мы былі на Браслаўскіх азёрах 2 тыдні таму. Дамовіліся з экскурсаводам. Калі сустрэліся, апынулася, што ён раней працаваў настаўнікам, у тым ліку беларускай мовы. Папрасілі, і ён усе чатыры гадзіны нам распавядаў па-беларуску.

Дачцэ было трохі складана — будзем працаваць. Спытала ў яго, на якой мове ён больш размаўляе ў побыце. Адказ: «Калі сваруся з жонкай, то на расейскай, а калі патрэбна «падлізацца», то па-беларуску».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(29)