Дракахруст: «Трамп бы хацеў, каб Лукашэнка стаў Такаевым ці Мірзіёевым. Яны ж абодва ездзяць у Маскву»
Якой можа быць «вялікая здзелка» паміж Беларуссю і ЗША?
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 11 траўня выказаўся пра нядаўні абмен зняволенымі на беларуска-польскай мяжы, падчас якога быў вызвалены ў тым ліку журналіст Анджэй Пачобут. Ён падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за «супрацоўніцтва і сяброўства». Нагадаем, абмен адбыўся яшчэ 28 красавіка.
Чаму Дональд Трамп пракаментаваў гэта толькі цяпер і якой можа быць «вялікая здзелка» паміж Беларуссю і ЗША? У эфіры Еўрарадыё пра гэта разважаў палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст.
— Самае простае тлумачэнне — рукі дайшлі. Трамп крышачку заняты, як мы бачым. Шмат чым, — кажа Дракахруст. — А другое (гэта, ведаеце, спекуляцыя) — не выключана, што дэкларацыя Коўла: «Я хутка зноў прыеду», магчыма, не спадабалася камусьці ў Маскве. Маўляў, чаму ён так часта ездзіць?
Каб ураўнаважыць нейкае незадавальненне, адпаведна быў зроблены жэст, які падтрымлівае жаданне ўсё-такі сустрэцца насуперак нечаму незадавальненню. На самым высокім узроўні было сказана, што гэта пазітыўна і ў канцы: «Дзякуй вам». Можна прыгадаць, што дзякавала Калеснікава, цяпер Трамп. Тут, канешне, можна сказаць: так ён жа іх і саджаў. Але тым не менш: тое, што саджаў — гэта кепска, а тое, што вызваліў — дзякуй.
Пасля гэтага паста Трампа хуткі візіт Коўла робіцца больш імаверным, чым калі гэтага паста не было б.
Цяпер скадана сказаць, працягвае палітычны аглядальнік, якой менавіта можа быць «вялікая здзелка» паміж ЗША і Беларуссю.
— Калі вызваленне вялікай колькасці людзей, можа нават і ўсіх, то гэта магчыма. Думаю, гэтым разам будзе вызваленне вялікай колькасці людзей. Калі казаць пра вялікую здзелку як аб стратэгічным праекце, то можна апісаць яго ідэальны контур. Гэта вызваленне ўсіх палітвязняў і спыненне рэпрэсій. Коўл у свой апошні візіт сказаў, што кепска, што мы вызваляем адных, а Лукашэнка саджае іншых.
З другога боку, амерыканскія санкцыі з большага амаль вычарпаныя. Але ёсць транзіт (беларускіх угнаенняў — С.), еўрапейскія санкцыі. Яны не залежаць ад Трампа (ён іх не ўводзіў і не адмяняе). Але калі б у межах гэтага працэсу ўдалося дамовіцца пра гэта — гэта сапраўды была бы вялікая здзелка.
Звышзадача гэтага, як многія лічаць, — дыстанцыянаваць Беларусь ад Расеі. Ня тое, каб яна і шлях забыла, і ўступіла ў НАТА, але я фармулюю гэта так: Трамп бы хацеў, каб Лукашэнка стаў Такаевым ці Мірзіёевым. Яны ж абодва ездзяць у Маскву. Але ступень залежнасці Казахстана і Мінска ад Масквы розныя. Гэта той выпадак, калі і Лукашэнка быў бы не супраць. Праўда, ён бы хацеў, каб паток грошай ад Расеі быў ранейшым.
Калі абмалёўваць контуры сапраўды вялікай здзелкі, то гэта наўрад ці будзе хутка. Але нейкія элементы гэтага магчымыя. Вызваленне соцен, а можа нават і ўсіх палітзняволеных — думаю, гэта рэальна. Вырашэнне пытання транзіта калійных угнаенняў — думаю, таксама. Прычым не выключаю, што гэта можа быць элементам пацяплення з Польшчай. Парты ёсць не толькі ў Літве, у Польшчы таксама.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное