Женщины

Лера Ракіцкая

Ганна Любакова: «Мы – сведкі гістарычнага моманту. Мушу выкарыстаць гэты час і магчымасці, каб распавядаць свету пра Беларусь»

Журналістка, палітаналітык, старэйшая запрошаная супрацоўніца Atlantic Council Ганна Любакова распавяла «Салідарнасці» пра шлях з мастацтвазнаўства ў палітыку, гонар за беларусаў, барацьбу са стомленасцю ад цяжкіх навін і кавалачак радзімы, які заўжды з сабой.

— Даследніца, тэлевядучая, пісьменніца, актывістка, старэйшая запрошаная  супрацоўніца Атлантычнай Рады. Калі вы прэзентуеце сябе, якое азначэнне паставілі б першым?

— Беларуска. А калі прафесійная іпастась — то журналістка, бо гэта тое, што праходзіць праз усю маю працу, уключна з даследчыцкай, пісьменніцкай і аналітычнай.

— Дарэчы, фемінітывы — важныя?

— Для мяне безумоўна. Гэта не настолькі прынцыповы момант, што сыйду з размовы, калі назавуць «журналістам» — але ж такім чынам мова прыгажэйшая і багацейшая.

— Дарэчы, якім быў шлях ад бакалаўра мастацтваў да палітычнай, міжнароднай журналістыкі? Усё ж такі ад Канскага фестывалю да Варшаўскага саміту, дзе вы працавалі — вялікая адлегласць, маю на ўвазе не толькі геаграфію.

— Удакладню: ступень бакалаўра мастацтваў я атрымала ў Кракаве, у Ягелонскім універсітэце, магістратуру сканчала ўжо ў Лондане па міжнароднай журналістыцы. 

Рэч у тым, што я з дзяцінства цікавілася, і дасюль цікаўлюся мастацтвам, хацела яго вывучаць. Выбар Кракава, дзе калісьці навучаўся Францыск Скарына, таксама стаўся досыць сімвалічным. 

Жывапіс, архітэктура, скульптура — тое, чым займалася першыя некалькі год сваёй прафесійнай дзейнасці: я працавала ў мастацкай галерэі, вяла міжнародныя праекты. Да прыкладу, была куратаркай беларускага мастака Сяргея Шабохіна на міжнародным фестывалі ArtBoom у Кракаве. Цяпер гэта збольшага хобі, натуральна. Але мастацтва застаецца важнай часткай майго жыцця.

А потым адбыўся 2010 год. Добра памятаю цягнік студэнтаў-«каліноўцаў», якія вярталіся ў Беларусь у снежні, на калядныя вакацыі ва ўніверсітэце. І акурат трапілі на сфальсіфікаваныя выбары і на пратэсты. 

Тады была пэўная адліга, альтэрнатыўныя кандыдаты выступалі па тэлебачанні, было шмат надзеі, што нешта зменіцца. Мы ішлі праспектам і падавалася: зараз пераможам, будзе вольная Беларусь, можна будзе вярнуцца ў краіну і займацца тут мастацкай дзейнасцю. Але не. Усіх разагналі, многіх білі, у тым ліку журналістаў. І я зразумела, наколькі гэта важная прафесія. Вырашыла, што таксама хачу ёй займацца.

Праз час пераехала ў Варшаву, падалася на стажыроўку на «Белсат» без аніякага журналісцкага досведу — а праз два тыдні мне прапанавалі палову стаўкі. З гэтага пачалася мая журналісцкая кар’ера, вельмі ўдзячная Аляксею Дзікавіцкаму за той шанец.

Каб развівацца ў прафесіі, я атрымала стыпендыю Вацлава Гаўла на «Радыё Свабода», потым падалася на стыпендыю Еўракамісіі, атрымала яе — і паступіла ва ўніверсітэт у Лондане, пакуль Брытанія яшчэ была ў Еўразвязе. 

Адмыслова абірала менавіта Брытанію, бо гэта ж  ВВС, SkyNews, самыя вядомыя міжнародныя выданні. У чэрвені 2016-га прайшоў рэферэндум па выхадзе з ЕЗ, аднак мне пашчасціла ўсё ж давучыцца па той праграме, што называецца, ускочыла ў апошні вагон. Гэтае навучанне шмат што паказала і пра журналістыку, і пра этыку працы, і пра тое, як прысутнічаць у міжнароднай прасторы ў нашай сферы.

2017 год, Лондан, выпуск з універсітэта. Тут і далей — здымкі з асабістага архіву Ганны Любаковай.

«Спакавала валізку, куды паклала летнія рэчы. І з таго часу не была ў Беларусі»

— Помню, як неўзабаве пасля 9 жніўня, калі былі і жорсткія разгоны, але і працягваліся акцыі салідарнасці — людзі выходзілі на дарогі, пляскалі ў далоні, машыны сігналілі «Жыве Беларусь». Я распавядала пра гэтыя падзеі ў міжнародных СМІ. 

Адна маладая жанчына, убачыўшы мяне ў камізэльцы «Прэса», падышла сказаць: «Дзякуй, мы так шануем вашую прафесію!» — і падарыла белую кветку. Гэта вельмі расчуліла. Не ведаю, хто яна і дзе цяпер. Але захаваўся той здымак, які нагадвае пра ўзровень даверу, салідарнасці, і прафесійнай, і жаночай, і агульнабеларускай. Да сёння паказваю гэтае фота на розных канферэнцыях і згадваю тую атмасферу.

Альбо яшчэ адзін яскравы выпадак: герой аднаго з маіх інтэрв’ю, яго самога затрымлівалі сілавікі, даведаўся, што я працую на пратэстах у горадзе пад Менскам — і прыехаў з машынай мяне забраць, каб не «заграблі». Мы сябруем дасюль. І гэта адзін з такіх кранальных выпадкаў, які вяртае ў тыя падзеі і нагадвае пра ўзровень даверу, узаемадапамогі беларусаў.

Мінск, плошча Бангалор, 30 ліпеня 2020 года. У мэтах бяспекі мы не паказваем твары прысутных людзей.

— У адным з інтэрв’ю вы распавядалі, што ў жніўні 2020-га з’ехалі не таму, што былі прамыя пагрозы, а міжнародныя арганізацыі папярэдзілі: не варта чакаць званоў. Ці праўда, што ў пэўны перыяд хацелі вярнуцца, і калі стала зразумела, што зваротнага шляху няма?

—  Тады яшчэ прамых пагроз не было — хоць пра пэўныя рэчы трэба было дбаць, але пра ўласную бяспеку неяк мала задумвалася. Аднак наступіў момант, калі мае сябры з замежжа пачалі казаць: ты стала вельмі бачнай.

Я была адной з ужо нешматлікіх ангельскамоўных выступоўцаў, якія распавядалі на замежную аўдыторыю, але заставаліся ў Беларусі. Каго з блогераў і твітэр-інфлюэнсераў ужо арыштавалі, хто з’ехаў за мяжу… І мне таксама параілі з’ехаць.

Паехала ў Кіеў, бо не мела ніякай візы. Хацела была ўзяць толькі заплечнік, бо лічыла: хутка вярнуся. Але ў авіяквіток быў уключаны багаж — то спакавала таксама валізку, куды паклала летнія рэчы. І з таго часу не была ў Беларусі.

Ганна далучылася да аналітычнага цэнтру Atlantic Council у 2020 годзе — а неўзабаве прапагандысты апублікавалі пасквіль пра «марыянетку НАТА» (цэтлікі «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» сталі ляпіць пазней). І стала зразумела, што вяртацца дамоў не варта.

— Прайшло шэсць год пасля пратэстаў, а рэжым Лукашэнкі трыгерыць дагэтуль: рэпрэсіі не сканчаюцца, старонка не перагорнутая. Разам з тым, бачым і як змяняецца стаўленне міжнароднай супольнасці да беларускага пытання. Як гэта адчувалася ў аналітычных колах, і наколькі складана распавядаць пра Беларусь на Захадзе сёння?

— Так, у 2020 годзе пра Беларусь ведаў увесь свет, запыты на інтэрв’ю прыходзілі ад ЗША да Аўстраліі, Лацінскай Амерыкі, Японіі. Да пратэстаў была вялікая цікавасць, бо гэта тое, што лёгка паказаць — мы як журналісты можам даць карцінку. 

Потым пратэсты здушылі, але Лукашэнка «дапамагаў» нам трымаць увагу да Беларусі. У 2021-м годзе адбылася гісторыя з Ryanair, пачаўся міграцыйны крызіс, адбываліся іншыя падзеі, з-за якіх наша краіна заставалася ў фокусе, хоць і з негатыўнага боку. Але ж дзе негатыў, там можна ўключыць у павестку гісторыі, што выразна паказваюць рэпрэсіі.

Калі пачалася паўнамаштабная вайна супраць Украіны, гэта натуральна змяніла парадак дня. Але я лічу, што Беларусь нікуды не знікла. Так, праца стала больш складанай. 

Нам важна тлумачыць, што архітэктура бяспекі Еўропы звязаная з беларускай тэмай, што без вольнай дэмакратычнай Беларусі не будзе ані бяспечнай Еўропы, ані Украіны — і мы не на задворках, мы ў цэнтры гэтага змагання.

З другога боку, важна казаць, што беларусы — не роўна рэжым Лукашэнкі, што беларускае грамадства не падтрымала гвалт, тысячы людзей прайшлі праз турмы, і рэпрэсіі працягваюцца.

Часта кажуць, што гэта барацьба за ўвагу. Але як на мяне, гэта барацьба супраць стомленасці, супраць народжанага ёй цынізму. І яна цяжэйшая, чым раней, але і цікавейшая таксама.

«Згадваю ліцэй Якуба Коласа, які зачынілі. Гэта мне, цінэйджару, патлумачыла ўжо тады, што такое дыктатура»

— За мінулыя гады вы атрымалі шэраг узнагарод: «Журналістка году» ад One Yоung World, увайшлі ў шорт-ліст еўрапейскую прэмію прэсы, амерыканскую. І сёлета — віншую з яшчэ адной, Amnesty International Chair 2026 (яе ўручаць 1 кастрычніка ў Бельгіі). Наколькі важная для вас гэтая ўзнагарода, і аб чым плануеце распавесці на лекцыі ў Генцкім універсітэце?

— Для мяне гэтыя ўзнагароды сапраўды вялікі гонар. Успрымаю іх як узнагароды для ўсіх нас: журналістаў, беларусак і беларусаў, якія змагаюцца, былых і сённяшніх палітвязняў. Гэта — голас Беларусі. І хто-кольвек атрымлівае прэміі — заўсёды тое радасна, бо гэта магчымасць «прапушыць» нашу павестку, пагаварыць пра Беларусь і звярнуць увагу, што ў нас адбываецца.

Што да лекцыі — хачу распавесці пра тое, як нараджаюцца і ўмацоўваюцца дыктатуры, пра рост аўтарытарызму ў свеце, і дзе месца чалавека. 

Мы часта забываемся на тое, што грамадства — таксама актар. Гаворым пра дыктатараў, пра санкцыі, механізмы і інструменты. А дзе ў гэтым людзі? Дзе тыя, хто супраць? Што ўплывае на настроі ўнутры рэжыму і, уласна, цісне на рэжым знутры? Тое, што думаюць людзі — надзвычай важна, таму мы змагаемся за розумы.

Прэмія «Журналістка года» ад One Young World, 2023. На экране нельга было паказаць сцяг, і Ганна прыдумала падняць бранзалетку, распавядаючы, што людзей у Беларусі затрымліваюць за белыя і чырвоныя колеры.

І мне хочацца распавесці пра нашыя ўрокі, але таксама, быць можа, даць і надзею і матывацыю. Каб людзі цікавіліся палітыкай, усведамлялі, што ад іх залежыць, адрознівалі папулізм, прапановы «лёгкіх рашэнняў», ад доўгіх і нудных, нават бюракратычных, што паляпшаюць сітуацыю. Так бы мовіць, make it sexy again (смяецца).

— Ведаю, што пішаце кнігу, але без падрабязнасцяў. На якой мове, аб чым яна будзе? Магчыма, ёсць назва і нейкая пэўнасць па тэрмінах?

— Назва тая, якую прапанавала выдавецтва Bloomsbury Academic яшчэ некалькі год таму — «Revolution in Red and White». Можа яшчэ зменіцца, бо гэта працоўны варыянт. Пішу адразу па-ангельску, таму што пераклад адчуваецца, і ўплывае на ўспрыманне.

Кніга не пра пратэсты, яна пра рэвалюцыю. І я лічу, што рэвалюцыя яшчэ працягваецца. Бо гэта не толькі пра людзей, хто выходзіць на вуліцы, а таксама пра змены, пра адчуванне і нараджэнне палітычнай нацыі.

Я пішу не пра герояў, а пра людзей: тых, хто прайшлі праз турмы, хто і сёння ў Беларусі (з імі гутару ананімна), тых, з кім я сама сустракалася ў краіне, прычым не толькі ў 2020-м, але і задоўга да таго часу. Каб паказаць перадумовы, як у нас усё складвалася і чаму развівалася так, а не іначай.

Зразумела, я не гісторык, таму не пішу гістарычнай кнігі. Гэта таксама не толькі аналітыка. Гэта рэпартаж з моцным фокусам на чалавеку. Хочацца патлумачыць замежнай аўдыторыі, што такое нашая краіна і чаму мы апынуліся там, дзе мы ёсць.

Таму, напрыклад, я згадваю ліцэй Якуба Коласа, які зачынілі ў той самы год, калі я туды паступіла. Гэта мне, цінэйджару, патлумачыла ўжо тады, што такое дыктатура, і ружовыя акуляры зніклі вельмі хутка.

Далейшыя падзеі толькі пацвердзілі, што сама прырода лукашэнкаўскага рэжыму не пакідае шмат месца для ілюзій наконт яго рэфармавання: гэта сістэма, якая захоўвае сябе праз кантроль, рэпрэсіі і абмежаванне любых незалежных прастораў. 

…Кніга Ганны Любаковай убачыць свет прынамсі не раней 2027-га — бо нават калі адправіць рукапіс літаральна зараз, выдавецкія працэсы зоймуць яшчэ мінімум 9 месяцаў.

— Тым часам стомленасць назапашваецца ўсё болей. І не толькі ў чытачоў кніг і медыя, але і людзей, якія працуюць у сферы. Ці бывае ў вас жаданне змяніць прафесію — і калі так, то што матывуе не апускаць рукі?

— Зразумела, стомленасць ёсць. Калі ўвесь час пішаш пра рэпрэсіі, калі знаёмыя і сябры, калегі і каляжанкі трапляюць у турмы, гэта ўплывае і на цябе. 

Але разам з тым — ёсць пэўная адказнасць за людзей, якія там, якія не могуць выказвацца. Я не лічу сябе іхным голасам, хто мае права казаць ад іх імя. Але перакананая, што мушу выкарыстаць гэты час і магчымасці, каб распавядаць свету пра Беларусь. Казаць, пісаць, выступаць, распавядаць — мая праца і мой спосаб падтрымкі.

Мы сведкі гістарычнага моманту. Маятнік гісторыі можа зрушыцца ў розныя бакі. Калі бачыш павелічэнне ўплыву Расеі ў нашай краіне, русіфікацыю, пагрозы ўступлення Беларусі ў вайну — хочацца вярнуцца ў Беларусь, якой яна ёсць сёння, а не ў краіну, якая, крый божа, страціла сваю незалежнасць і стала часткай РФ. Тады нам проста не будзе куды вяртацца, таго дому, які мы ведаем, ужо не будзе. 

Мабыць, вось гэтая адказнасць, страх за сваю краіну і матывуе працягваць рабіць тое, што можаш, каб прыцягваць увагу да Беларусі.

Зрэшты, захоўваць сябе самога ў гэтым марафоне таксама вельмі важная штука, пагаджаецца з намі Ганна. Таму тэрапія, ёга, медытацыя, спорт, падарожжы, любімае мастацтва — усё гэта ў яе жыцці прысутнічае і дае сілы, каб рушыць далей.

Альпы, Швейцарыя, прыкладна 2015.

— Што мяне неверагодна расчульвае, — дадае суразмоўніца «Салідарнасці», — калі людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі, знаходзяць магчымасць напісаць, што бачаць нашыя высілкі, просяць выказвацца, таму што самі не могуць — і дзякуюць. Гэта вялікая ўзнагарода. Значыць, тое, што робіш — важна. 

І вельмі хочацца сказаць людзям унутры краіны: многім беларусаў па-за межамі краіны не трэба нічога тлумачыць. Важна, каб не было паміж намі штучнага падзелу, а была вялікая эмпатыя да таго, што адбываецца, асабліва ўнутры краіны. Людзі — тое, што дае найвялікшы спадзеў на лепшае.

«Любы прагноз будучыні не сканчаецца на Лукашэнку. Беларусь мае большы маштаб»

— У вашым выпадку эміграцыя — гэта не прыехаць у адну краіну і будаваць новае жыццё, а працэс пераездаў: Польшча, Украіна, Літва. Ці атрымліваецца ў гэтых варунках адаптавацца, ці пэўнасці і адчування другога дому няма дагэтуль?

— Дом адзін, другога няма. Канешне, я з’ехала яшчэ ў 18 год на вучобу, таму ведаю, як гэта цяжка, але шоку ад пераезду ў мяне не было. То бок я праз гэта праходзіла ў свае 18 гадоў. У гэтым сэнсе мне прасцей, чым сотням тысяч беларусаў, якія з’ехалі пасля 2020-га. З іншага боку, цяпер — я дакладна не магу вярнуцца праз пераслед.

Шэсць год — вялікі прамежак часу, і нават калі мы вернемся (калі б маглі вярнуцца) сёння, то мусілі б прызвычайвацца наноў да жыцця ў Беларусі. І людзі ўнутры вымушаныя адаптавацца да новых умоў, і ўсе, хто ў выгнанні. То-бок, адаптацыя такі бесперапынны працэс, якому напэўна ніколі не будзе канца.

Што мяне ратуе — гэта цікавыя для мяне рэчы, як падарожжы, знаёмства з новымі культурамі, менталітэтамі, мовамі. Цяпер вучу французскую, дарэчы.

Фота: Ritzau Scanpix

Але ж бракуе дома. Адрасы — ёсць, а дома няма. Гэта як страта каранёў, месца, дзе не трэба тлумачыць, хто ты.

— Вы сказалі добрую фразу: «калі мы вернемся». Ці насмельваецеся будаваць планы? І якой бачыце будучыню — сваю і нашу агульную?

— Дзякуй богу, у мяне ўжо мінуў момант, калі думала, што ніколі не вярнуся ў Беларусь. Быў такі перыяд пасля першых трох гадоў ва ўніверсітэце ў Кракаве, што вось інтэгравалася ў Польшчы, мову вывучыла, агулам мне няблага — але тое адчуванне прайшло. Усё адно найбольш цікава вяртацца дадому.

Беларусь — мой фокус, які не змяняецца ўсю прафесійную кар’еру, ці то ў журналістыцы, ці ў аналітыцы, ці ў мастацтвазнаўстве. Таму зразумела, што я вярнуся. Асабліва, калі будзе шанец дапамагаць будаваць вольную краіну.

Рабіць прагнозы з аналітычнага гледзішча можна, але ж мы цяпер не пра гэта.

У сваіх выступах я заўжды імкнуся паказаць, што нашу краіну не трэба тлумачыць выключна праз лукашэнкаўскі рэжым. Лукашэнка не роўна Беларусь, ён не вызначае ані нашае гісторыі, ані нашае культуры, ані грамадства.

Краіна нашмат цікавейшая і глыбейшая за тое, што робіць рэжым. Таму любы прагноз не сканчаецца на ім. 

Беларусь мае большы маштаб. І будучыня Беларусі не вызначаецца рэжымам назаўсёды. Я спадзяюся ўсё ж убачыць краіну, у якую людзі, якія былі за мяжой, прыўносяць атрыманы досвед, а сведкі ўсіх гэтых падзей унутры краіны таксама працуюць у розных кірунках дзеля аднаўлення краіны.

Сваю задачу бачу ў тым, каб працягваць займацца тым, што раблю сёння. І калі гісторыя пойдзе шляхам, на якім мы здолеем перамагчы гэты рэжым і вярнуцца — працаваць на карысць Беларусі ўнутры краіны.

— Хтосьці вязе ў эміграцыю ўлюбёныя кнігі, нацыянальныя строі, хтосьці падтрымлівае і слухае музыкаў, хтосьці абавязкова гатуе дранікі або святкуе Купалле. Ці ёсць у вас частка Беларусі, якая заўжды з сабой?

— Сто адсоткаў мова. Вельмі радая, што ў ліцэі перайшла на беларускую. Для мяне мая мова — гэта мая краіна.

Дакладна — белыя і чырвоныя колеры, часта стараюся паказваць іх падчас розных выступаў, каб людзі бачылі. Па-першае, гэта прыгожа, па-другое, гэта сімвал іншай Беларусі.

Дранікі, бульбачка — канешне! Заўжды кажу замежнікам, што мы крутыя, мы ўмеем рабіць тысячу страў з бульбы — такі «піяр», які дапамагае паказаць нас у пазітыўным ключы.

Безумоўна, беларуская гісторыя: пераклад Бібліі, Францішак Скарына, іншыя рэчы, якія нас яднаюць з Еўропай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(21)