Заснавальнікі палка Каліноўскага ўпершыню расказалі, як ствараўся падразьдзел
На фоне канфліктаў і падзелаў паміж беларускімі добраахвотнікамі Радыё Свабода ўспамінае, як пачынаўся створаны для абароны Ўкраіны і вызваленьня Беларусі падразьдзел.
Беларусы ў пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне стварылі сваё падразьдзяленьне, якое абараняла Кіеў, Ірпень, Бучу, Мікалаеўскую і Херсонскую вобласьці, Севераданецк, Лісічанск, Бахмут і іншыя гарачыя кірункі.
Заявак на ўступленьне ў яго хутка стала столькі, што стала ясна: можна ствараць ня толькі роту, але і батальён, які потым перерасьце ў полк. Настрой у многіх быў узьнёслы. Сыходзілі адзінкі. Спалі шчыльна ў калідорах на падлозе. Мыліся ў школьнай прыбіральні. І шмат паміралі.
Добраахвотнікі зь першага складу тады яшчэ батальёну Каліноўскага расказалі Свабодзе, як і чаму яго стварылі. Некалькі чалавек з той самай першай групы цяпер у расейскім палоне, хтосьці ў беларускай турме, а камусьці з ключавых асобаў мы ўжо ніколі ня зможам задаць пытаньні.
Аповеды байцоў пэрыядычна перарываюць фразы «Літвін тады яшчэ быў жывы» або «Волат ужо там загінуў». Яны часьцей называюць пазыўныя, а ня пашпартныя імёны. У беларускую гаворку прарываюцца ўкраінскія словы. На пытаньне, якія падзеі былі важнымі ў першы пэрыяд дзейнасьці батальёну Каліноўскага, адзін з суразмоўцаў задумваецца на момант і адказвае: «Я магу толькі пра сьмерці казаць».
Сёньня полк Каліноўскага адышоў у цень. Паводле адных вэрсіяў, яго больш не існуе, паводле іншых — каліноўцы займаюцца ня толькі адміністрацыйнымі справамі, але і выяжджаюць на баявыя. Падобна, полк паменшыўся колькасна. Пра беларускіх добраахвотнікаў стала часьцей чуваць у сувязі з канфліктамі.
Напрыклад, калі былога «каліноўца» Аляксандра Наўковіча прымусілі пагаліць галаву, вусы і бараду і запісаць «пакаяльнае» відэа за абразу. Пасьля шэрагу канфліктаў і крызісаў з ПКК пасыходзілі людзі — некаторыя перавяліся ў іншыя падразьдзелы, хтосьці зусім зьехаў з вайны.
Успамінаем, якім быў пачатак гісторыі палку Кастуся Каліноўскага вачыма ягоных стваральнікаў і ўдзельнікаў.
Асобны батальён
Дзявятага сакавіка 2022 году. Ужо ясна, што расейцы не ўзялі Кіеў за тры дні, а прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі не ўцякае з Украіны. Ужо прагучала фраза пра «рускі ваенны карабель». Расейскія вайскоўцы занялі Запароскую АЭС, пайшлі чуткі пра паўтор Чарнобылю. Нападнікі атачылі Марыюпаль і ўдарылі па радзільні, але яшчэ не зруйнавалі драматычны тэатар зь людзьмі ў падвале.
Яшчэ невядома пра жорсткасьць у Бучы. У гэты час зьяўляецца відэа: беларусы ствараюць асобны батальён, каб абараняць Кіеў.
— Мы, беларуская рота, — незалежнае вайсковае фармаваньне беларусаў, якое сёньня выконвае задачу абароны Кіева. Імклівы рост у нашых шэрагах дазваляе нам сказаць сёньня ўсім беларусам, што мы фармуем асобны батальён імя Кастуся Каліноўскага, — адрывіста абвяшчае каржакаваты вайсковец з густой барадой.
Гэта Іван Марчук «Брэст». Яму няпоўныя 28. Праз тры з паловай месяцы «Брэст» загіне. Дагэтуль яго называюць адной з найяскравейшых асобаў палку Каліноўскага.
— Усе вайсковыя групы, дзе ёсьць беларусы, выказалі згоду прыяднацца да фармаваньня батальёну. Беларусы, гатовыя абараняць Кіеў, мы чакаем на вас! — завяршае зварот «Брэст».
Відэа запісвалі ў двары базы тэрытарыяльнай абароны «Азоў» у Кіеве, дзе тады месьціліся беларускія добраахвотнікі. Яшчэ не сышоў сьнег. У вокнах відаць абарончыя мяшкі з пяском. У кадры больш за тры дзясяткі вайскоўцаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Большасьць з закрытымі тварамі. На форме беларускія і ўкраінскія сьцягі, гербы Пагоня і Трызуб. Яшчэ няма нашывак з гербам падразьдзелу зь мячом і касой.
— Выдалі зброю і рыштунак. Трэнуемся. Пакуль не стралялі. Бронікі і каскі абяцаюць крыху пазьней. Часам гучыць паветраная трывога і пару разоў стрэлы супрацьпаветранай абароны. Сёньня запісалі відэа, што беларуская рота сфармаваная. Ёсьць ахвотныя ўступіць у шэрагі, і паступае рыштунак, таму прынялі рашэньне фармаваць беларускі батальён імя Каліноўскага, — такое паведамленьне даслаў у гэты дзень сваёй дзяўчыне былы чыгуначнік, навабранец Аляксандар Клачко «Кусь».
Сярод добраахвотнікаў на відэа таксама — Дзяніс Прохараў «Кіт», які стане камандзірам палку, Ян Мельнікаў «Білорус», які ваяваў за Ўкраіну з 2014 году, Сяргей Пальчэўскі «Ваяр», які прыкаваў сябе кайданкамі да грузавіка пры абароне Курапатаў, Вадзім Кабанчук «Ігар», які пазьней пяройдзе ў Аб’яднаны пераходны кабінэт, Ян Дзюрбейка «Тромблі», які трапіць у расейскі палон, Васіль Верамейчык «Пацук», якога КДБ выцягне зь Віетнаму ў беларускую турму.
На гэтых кадрах ужо няма Ільлі Хрэнава «Літвіна», бо ён загінуў тыдзень таму ў Бучы.
Перамовы ў пабе
Ідэя стварыць беларускую адзінку зьявілася да таго, як расейскія войскі рушылі на Кіеў праз тэрыторыю Беларусі. Беларусы ў Кіеве разумелі: поўнамаштабная вайна будзе. Рыхтавацца да яе пачалі яшчэ ў кастрычніку–лістападзе 2021 году, расказвае Свабодзе Ян Мельнікаў «Білорус».
— Мы пачалі зьбірацца ў беларускім пабе «Торвальд» у Кіеве, дзе абгаворвалі, што трэба будзе ўсім, хто зараз не на кантракце, не ваюе, хто займаецца выхаваўчай працай, браць у рукі зброю, — дзеліцца ўспамінам Ян.
Ян Мельнікаў з прафэсіі будаўнік. Ваяваў за Ўкраіну з 2014 па 2018 год. Падкрэсьлівае, што абраў пазыўны «Білорус» менавіта на ўкраінскай мове. З восені 2021 году ўдзельнічаў у праекце для цывільных і тэрытарыяльнай абароны, дзе вучыў тактыцы, мэдыцыне, мінна-выбуховым справам. Незадоўга да поўнамаштабнай вайны яго запрасілі на базу «Азову» ў Кіеве, каб працаваць з рэкрутамі. Дзень 24 лютага 2022 году ён сустрэў там жа.
Паб «Торвальд» месьціўся ў бамбасховішчы. Стварэньне беларускага падразьдзелу абмяркоўвалі за гарбатай, некаторыя маглі сабе дазволіць куфаль піва, удакладняе «Білорус». Частка будучых «каліноўцаў» належалі да субкультуры стрэйтэйджэраў (straight edge з ангельскай — «роўны край») і цалкам адмовіліся ад алькаголю, цыгарэтаў і рэчываў, якія зьмяняюць сьвядомасьць.
Як будзе выглядаць беларускае аб’яднаньне, тады яшчэ ня вырашылі. У абмеркаваньнях, з словаў Мельнікава, бралі ўдзел зь дзясятак чалавек, акрамя самога «Білоруса» — Арцём Войніч «Ваніш», Дзяніс «Кіт», Іван «Брэст», Міхал «Талер», Юры «Ёрык», «Літвін».
— Ільля «Літвін» тады яшчэ быў жывы, калі я не памыляюся, — дадае Ян.
У размове ён яшчэ шмат разоў будзе спасылацца на кепскую памяць — наступства кантузіяў. Праз хвілін дзесяць ён успомніць, што ў пабе пачынаў ПКК і Павал Суслаў «Волат», зь якім Ян жыў на адной кватэры ў 2016 годзе, калі Павал прыехаў ваяваць за Ўкраіну. Тады «Волат» далучыўся да легендарнага батальёну пад кіраўніцтвам «Да Вінчы», які лічыўся адным з самых прафэсійных у краіне.
— Лёша «Псыхоляг» не дамаўляўся пра нейкія беларускія праекты. Але па факце, калі ўсё сталася, ён далучыўся і быў з намі, — дадае Мельнікаў.
Да гэтых абмеркаваньняў далучаўся таксама Вадзім Кабанчук.
Дзяніс Прохараў «Кіт» расказаў Свабодзе, што больш прадметна абмяркоўваць стварэньне беларускай адзінкі пачалі за тыдзень-паўтара да пачатку поўнамаштабнай вайны.
— Мне паведаміў Вадзім Кабанчук, што ў яго ёсьць інфармацыя, быццам будзе нешта маштабнае і ўсё сур’ёзна, — успамінае Дзяніс.
Дзяніс Прохараў «Кіт» паехаў на вайну ў 2015 годзе, калі яму было 19. Далучыўся да палку «Азоў». Браў удзел у АТА (Антытэрарыстычная апэрацыя — пачатковая афіцыйная назва вайны на Данбасе ва Ўкраіне. — РС). Мае ўкраінскае грамадзянства. Адзін з стваральнікаў батальёну Кастуся Каліноўскага. Неўзабаве стаў ягоным камандзірам. У 2024 годзе пакінуў пасаду. Цяпер пераводзіцца ў іншы падразьдзел.
У гэтых размовах, паводле яго, бралі ўдзел зь дзясятак чалавек. Гэта збольшага былі беларусы, якія прыехалі ва Ўкраіну пасьля 2014 году і прымалі ўдзел у АТА. «Кіт» пералічвае імёны тых жа людзей, што раней зьбіраліся ў пабе «Торвальд».
— Тады я акурат пазнаёміўся з Ванем «Брэстам». Мы паціснулі адзін аднаму рукі. Мне сказалі: «Знаёмся. Гэта таксама беларус. Ён таксама быў у «Азове», і яшчэ ён служыў у францускім Іншаземным легіёне». Я сказаў: «Прыемна пазнаёміцца. Я Дзяніс», — пераказвае Прохараў.
Будучыя добраахвотнікі рыхтаваліся да зьнікненьня інтэрнэту і тэлефоннай сувязі. Таму спрабавалі загадзя набыць спадарожнікавыя тэлефоны, але іх ужо раскупілі. Гэтая кампанія дамовілася ў выпадку поўнамаштабнага ўварваньня сустрэцца ў пэўным месцы — каля мэтро цэнтральнага аўтавакзалу Кіева, каб разам далучыцца да нейкага падразьдзелу, расказваюць суразмоўцы.
«Пачалося»
Дзяніс Прохараў жыў у Ірпяні пад Кіевам. 24 лютага 2022 году ён, кажа, паслухаў выступ Пуціна, а пятай ранку.
— А 5:40 мне тэлефануе хлопец з нашай кампаніі і кажа: «Пачалося», — успамінае ён.
У Дзяніса ўжо была сабраная валізка. Машынай ён паехаў у Кіеў на дамоўлены пункт збору.
— На вуліцы поўны хаос. Усе стаяць у заторы. Пачаліся ваенныя часы, калі няма як стаяць у заторы. Там быў чыгуначны пераезд, трэба чакаць. Я разумею, што тут ужо справа сур’ёзная, і выяжджаю па сустрэчнай. Парушаеш правілы, якія магчыма, — расказвае ён.
Недзе ў гэты ж час з-пад Кіева выехаў машынай на месца сустрэчы і Вадзім Кабанчук «Ігар», расказвае ён.
— Па дарозе на Кіеў я бачыў агромністыя калёны машын, калёны на бэнзазапраўках. У бок Кіева машын не было. Я вельмі хутка ехаў. На пад’езьдзе да Кіева я ўпершыню на свае вочы пабачыў крылатую ракету, яна пералятала на левы бераг, — успамінае Кабанчук.
Вадзім Кабанчук паехаў жыць ва Ўкраіну ў 2014 годзе. Займаўся вайсковай і валянтэрскай дзейнасьцю. Ад сакавіка 2022 году займаў пасаду намесьніка камандзіра батальёну Каліноўскага. Пазьней сышоў з ПКК. У 2024 годзе перайшоў у Аб’яднаны пераходны кабінэт на пасаду прадстаўніка ў абароне і нацыянальнай бясьпецы.
— Над Кіевам вісела пагроза атачэньня ў першыя дні. Было ўяўленьне, што баі з гадзіны на гадзіну пачнуцца ў самым Кіеве. У Гастомелі ўжо высадзілі дэсант у першы дзень, — успамінае абстаноўку Вадзім Кабанчук.
Хлопцы сабраліся на дамоўленым месцы і сталі шукаць, дзе здабыць зброю і на базе якога падразьдзелу ім ваяваць. Першы, хто пагадзіўся іх прыняць, быў «Азоўскі рух», зь якім большасьць зь беларусаў была раней зьвязаная. Таму яны накіраваліся на базу тэрытарыяльнай абароны (ТрА) «Азоў» у Кіеве, адрас якой дагэтуль не раскрываюць публічна.
Тэрабарона складалася з вэтэранаў і прыхільнікаў палку «Азоў», які абараняў Марыюпаль. Яшчэ за месяц да поўнамаштабнай вайны яны пачалі праводзіць вучэньні для цывільных пад лёзунгам «Не панікуй! Рыхтуйся».
Беларусы далучыліся да новастворанага батальёну пры 112-й брыгадзе тэрытарыяльнай абароны «Азоў». Асноўным іхным заданьнем была абарона Кіева і вобласьці.
— Там была ўжо не брыгада, а некалькі дывізіяў. Было вельмі шмат ахвочых, — успамінае Кабанчук.
Узвод налічвае 15–45 чалавек, рота — 50–350 чалавек; батальён — 350–600; полк — 1000–3000 чалавек, брыгада — 1000–8000 чалавек; дывізія — 4–20 тысяч чалавек.
Больш за 500 заявак
Цягам некалькіх дзён беларусы дамовіліся з кіраўніцтвам ТрА «Азоў» стварыць асобную беларускую роту пры ёй, каб разам з украінцамі «змагацца за агульныя ідэалы свабоды і каштоўнасьці сувэрэнітэту», расказвае Ян Мельнікаў.
— Было шмат заявак. Было ўжо разуменьне, што шмат хто зь беларусаў хоча ехаць сюды з Эўропы ваяваць, — тлумачыць стварэньне беларускай роты суразмоўца.
Аднак не было ясна, як юрыдычна афармляць беларусаў, якія хочуць абараняць Украіну. У гэты час Галоўнае ўпраўленьне выведкі Ўкраіны (ГУР) прапанавала беларускім добраахвотнікам далучыцца да Міжнароднага легіёну, які ствараўся ў той час (ня блытаць з Інтэрнацыянальным легіёнам).
Кантакты з ГУРам у беларускіх добраахвотнікаў былі дзякуючы Івану «Брэсту», тлумачыць Ян. На перамовы з ГУР езьдзіў таксама Вадзім Кабанчук, успамінае ён сам.
— «Запрашаем вас. Разумеем ужо вашую колькасьць. Колькі ў вас заявак — мы гэта ўсё ведаем». Было б дзіўна, калі б ня ведала галоўная выведка Ўкраіны, — з усьмешкай камэнтуе запрашэньне ГУР Ян «Білорус». — «Давайце да нас далучайцеся. Мы гатовыя вас прыняць, забясьпечыць умовы, кантракты і юрыдычнае суправаджэньне».
Так яны вырашылі, што беларуская рота з тэрабароны «Азоў» пераходзіць у Міжнародны легіён пры ГУР, каб байцы маглі атрымліваць заробак і мелі сацыяльныя гарантыі «на выпадкі, калі нешта дрэннае станецца». Кантракты з Узброенымі сіламі Ўкраіны беларусы падпісалі ў дваццатых днях сакавіка 2022 году.
На 4 сакавіка 2022 году ў беларускую роту ўвайшлі каля 40 чалавек. Сярод першых ваяроў былі ўдзельнікі тактычнай групы «Беларусь» — першага і адзінага да таго моманту беларускага аб’яднаньня ваяроў ва Ўкраіне, якое стварылі яшчэ ў 2015 годзе добраахвотнікі, што абаранялі Данбас. Таксама да беларускай роты далучыліся сябры нацыяналістычнай арганізацыі «Белы легіён» і моладзевага руху «Малады фронт».
Пасьля таго як беларусы стварылі сваю роту ў Кіеве, у Варшаве адкрылі мабілізацыйны цэнтар. Ім займаўся Павал Кухта. Вэрыфікаваць кандыдатаў дамовіліся з «Кібэрпартызанамі», кажа «Білорус».
— За кароткі пэрыяд часу прыйшло больш за 500 заявак на чат-бот. І мы зразумелі, што гэта размах ужо паўнамоцнага батальёну, — успамінае Ян Мельнікаў.
Ён параўноўвае: у тактычнай групе «Беларусь» — адзіным да поўнамаштабнай вайны вайсковым беларускім аб’яднаньні ва Ўкраіне — было да 30 хлопцаў.
1 сакавіка стварылі беларускую роту, а ўжо 9 сакавіка — беларускі батальён.
Вадзім Кабанчук дадае, што тады прыходзілі тысячы заявак ад беларусаў і ўкраінцаў, якія хацелі ваяваць добраахвотна. Ён прызнаецца: яшчэ 24 лютага думаў, што добра, калі зьбярэцца 50 чалавек.
— Большасьць гэтых кандыдатаў не даехалі да Кіева, — адзначае Вадзім.
Суразмоўца тлумачыць, што зь беларускімі дакумэнтамі было амаль немагчыма трапіць ва Ўкраіну з-за мяжы. Нават па Кіеве беларусам было скаладана перасоўвацца, бо іх часта спынялі на блёк-пастах, якія тады стаялі паўсюль. У першы месяц існаваньня батальёну Каліноўскага, паводле Кабанчука, у склад уваходзілі некалькі сотняў чалавек.
Адным з такіх беларусаў, які ехаў з-за мяжы, каб абараняць Украіну, быў Аляксандар Клачко «Кусь». Ён ня ведаў, што ствараецца беларускі падразьдзел. Кажа, што гатовы быў шмат страціць, бо звальняўся з працы, дзякуючы якой меў візу, і ня ведаў, ці здолее яшчэ вярнуцца ў Літву, дзе пачынаў жыцьцё з нуля пасьля пераезду.
Клачко расказаў, што выехаў цэнтралізавана аўтобусам з надпісам International Legion з-пад украінскай амбасады ў Вільні зь іншымі хлопцамі. Дабраўся да Кіева толькі 8 сакавіка, бо захрас пад Львовам. Яго адмовіліся ўзяць у чарговы аўтобус.
Аляксандар Клачко «Кусь» працаваў на чыгунцы. Пасьля пратэстаў 2020 году зьехаў у Літву. 24 лютага 2022 году быў у Вільні, адкуль паехаў ваяваць. У 2023 годзе яго камісавалі праз стан здароўя, праблемы з ныркамі. Ён вярнуўся ў Літву. Працягвае дапамагаць добраахвотнікам і займацца калявайсковымі справамі.
— Мне ўкраінскі афіцэр кажа: «А вы беларус?» — Я кажу: «Так». — Кажа: «Прабачце, нічога асабістага, але зь сёньняшняга дня загад: беларусаў ня браць». І я з двума клункамі, бяз сувязі — не было карткі ўкраінскай — застаўся на запраўцы ў Явараве. Потым мяне і дружыньнікі затрымалі, і паліцыю выклікалі — шэсьць чалавек з аўтаматамі, і ў СБУ завезьлі, і ў камісарыят перадалі, — успамінае ён, як дабіраўся ў Кіеў на базу «Азова».
Урэшце па яго з дакумэнтамі і пропускамі прыехаў «гуманітарны канвой»: Павал Шурмей «Дзядзька», Аляксандар Наўковіч «Лахвіч», Аляксандар Красоўскі «Жэрар». Урэшце «Кусь» паехаў у Кіеў — у багажніку мікрааўтобуса, седзячы на бронекамізэльках.
— Раніцай 8 сакавіка мы апынуліся ў Кіеве. Праехалі цераз пустыя шырокія праспэкты з бэтоннымі перакрыцьцямі. Стаялі супрацьтанкавыя вожыкі. Людзей увогуле не было, толькі каля аптэк стаялі чэргі па 20-30 чалавек. Можа, адну-дзьве машыны пабачылі па дарозе, — апісвае абстаноўку ў Кіеве таго часу Аляксандар.
Сон ў калідорах
Заставацца на базе «Азова» добраахвотнікам было небясьпечна, бо гэта была «цэль нумар адзін» для расейскіх вайскоўцаў. Таму байцы перабраліся ў будынак каледжу. Там жылі і «азоўцы», і беларусы. Пазьней беларусы «рэйдэрскім захопам» перабраліся ў чатырохпавярховую школу побач, каб быць усім разам, успамінае «Кусь».
— Там, дзе мы разьмяшчаліся, было пад тысячу добраахвотнікаў, — узгадвае Вадзім Кабанчук.
— Школа была цалкам забітая вайскоўцамі-«азоўцамі». Шырокія калідоры, калі хтосьці сядзе, падлога хісталася. Думаю, прыляціць, то тут будзе шмат трупаў, у гэтым набітым дашчэнту вайскоўцамі будынку. На першым паверсе быў склад з боепрыпасамі. У сталоўцы на першым паверсе мы сьнедалі. Звычайная была ежа, хапала, — расказвае «Кусь».
Усе месьціліся вельмі шчыльна, «пад завязку». Адзін чалавек займаў спальнае месца на падлозе і крэсла, на якое мог пакласьці свае рэчы.
— Спальныя мяхі, карыматы. Спалі на падлозе, уздоўж калідораў, адзін каля аднаго, пакідаючы маленькі праход паміж спальнымі месцамі. Кабінэты збольшага выкарыстоўваліся як склады для маёмасьці, штабныя пакоі. Большая частка асабовага складу жыла на калідорах. Школьныя прыбіральні. Душаў там не было. Усе мыліся як маглі. Дзесьці грэлі ваду, — расказвае Мельнікаў.
Умовы, у якіх даводзілася жыць у першы месяц пасьля 24 лютага, адрозьніваліся ад тых, у якіх жылі вайскоўцы пры абароне Ўкраіны да поўнамаштабнага ўварваньня.
— Але тады разьлічваць на іншае не было магчымасьці. У краіне вайна. Вядома, гэта ня ўмовы казармы, — эмацыйна камэнтуе «Білорус».
Нейкі час добраахвотнікі жылі таксама ў інтэрнаце ўнівэрсытэту.
— Там дзяўчаты-студэнткі пакінулі свае нумары тэлефонаў. Мабыць, ведалі, што вайскоўцы прыйдуць. Потым хтосьці з хлопцаў напісаў на гэты нумар тэлефона. Яму разнос зрабілі, бо гэта маглі быць дывэрсанты, якія на рускіх працуюць, каб высьветліць, якія вайсковыя часткі, — успамінае «Кусь».
У сакавіку каля паловы байцоў «пакасіў» каранавірус.
— Дзесьці на тыдні паўтара пасьля аэрадрому (абароны аэрадрому «Васількоў» пад Кіевам. — РС) я зьлёг з каранавірусам. Хтосьці з Эўропы прывёз хваробу. У нас палова зьлегла. У мяне была тэмпэратура 40. Я ішоў да прыбіральні і зь яе вяртаўся, ужо трымаючыся за сьцяну. Пасьля гэтага прабегчы 100 мэтраў без прыпынку быў мой максымум, бо лёгкія яшчэ не працавалі, — успамінае Мельнікаў.
Але насуперак побытавым умовам настрой у многіх беларусаў вясной 2022 году быў узьнёслы.
— Тады была такая ўзьнёслая атмасфэра. Людзі новыя прыходзілі. Усе рваліся, хутчэй хацелі прыняць бой, абараняць Кіеў. Сварак не было, усе намагаліся адзін аднаго падтрымліваць, дапамагаць. Такая атмасфэра была на працягу некалькіх месяцаў пасьля пачатку ўварваньня, — кажа Сяргей Пальчэўскі «Ваяр», які далучыўся да добраахвотнікаў у канцы лютага 2022 году.
Сяргей Пальчэўскі «Ваяр» паехаў абараняць Украіну ў 2017 годзе. Ён стаў вядомым пры абароне Курапатаў у Менску, калі прыкаваў сябе кайданкамі да будаўнічай тэхнікі. У першыя дні пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ён зь некалькіх спробаў прыехаў ва Ўкраіну з Польшчы. У 2025 годзе вярнуўся з вайны да цывільнага жыцьця.
Да Дня Волі беларускія добраахвотнікі на фоне паветранай трывогі запісалі зарок, дзе ёсьць словы: «Беларусь! Маці мая Радзіма! Клянуся вызваляць і бараніць Цябе там, дзе знаходжуся зараз і куды прывядзе мяне лёс Твайго вызваленьня… Пакуль будзе чутны тупат Пагоні ў сэрцы маім. Жыць з Табою, памерці за Цябе і адрадзіць веліч Тваю». Аўтара тэксту зароку ніхто з суразмоўцаў Свабоды дакладна ўзгадаць ня змог.
— Натхнёнасьць таго часу, каб вы разумелі. У чалавека, які з 1990-х гадоў у апазыцыі і змагаецца з рэжымам Лукашэнкі, на вочы сьлёзы накатваюць, — апісвае ўплыў гэтага зароку на дабраахвотнікаў Дзяніс Прохараў.
«У нас дакладна не анархія была»
Імя Кастуся Каліноўскага ў назьве батальёну прапанаваў Вадзім Кабанчук, расказвае ён сам. Дадае, што думалі таксама пакінуць назву створанага раней аб’яднаньня «Тактычная група Беларусь», сярод іншых варыянтаў былі «Батальён Беларусь», «Пагоня».
Шаўрон для батальёну Каліноўскага распрацаваў добраахвотнік Канстанцін Сушчык «Кос», які ў 2020 годзе быў дызайнэрам у камандзе Віктара Бабарыкі, расказаў Аляксандар Клачко.
На пытаньне, ці ў батальёне Каліноўскага быў адзін лідэр, «Білорус» рэагуе воклічам: «Ого! Напэўна, не».
— У нас дакладна не анархія была. Можна сказаць, у нас быў калектыўны орган. Калі мы зьбіраліся, мы дамаўляліся безь вялікіх праблемаў. На пачатку дык дакладна, хто будзе якой роляй займацца, — разважае ён.
Абавязкі камандзіра беларускай роты спачатку выконваў Юры «Ёрык», потым ён жа стаў камандзірам батальёну Каліноўскага.
— «Ёрык» у нас быў да вясны, да Мікалаеўскай кампаніі, — тлумачыць Ян Мельнікаў.
Потым нейкі час камандзірам батальёну быў Павал Суслаў «Волат». Ён загінуў 15 траўня пры вызваленьні ўкраінскай вёскі на мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай вобласьцяў ад расейскіх войскаў.

У траўні, калі батальён ператварыўся ў полк Каліноўскага, месца камандзіра заняў Дзяніс Прохараў. Ён падкрэсьлівае, што гэта было не аднаасобнае рашэньне. У каліноўцаў тады быў абмежаваны склад камандзіраў роты, сярод іх былі Іван «Брэст», Вадзім Кабанчук. З словаў «Кіта», яны заўважылі, што «Ёрык» не зусім спраўляецца з камандаваньнем, таму прапанавалі гэтую пасаду «Кіту». Той, зь ягоных словаў, адмаўляўся каля двух тыдняў, але ўрэшце пагадзіўся. Яму больш падабаецца акрэсьленьне сваёй ролі як «фронтмэна».
— Я тады сказаў, што паспрабую зрабіць усё, што ў маіх сілах, каб не падвесьці, — успамінае «Кіт».
Дзяніс дадае, што ў першыя месяцы пасьля раненьня ў Бучы ён займаўся камунікацыяй з валянтэрамі, рабіў перапосты патрэбаў батальёну. Ён таксама стаў адным з твараў адзінкі, бо даваў шмат камэнтароў, інтэрвію, не баяўся публічнасьці і прамоваў на камэру.
Іван «Брэст», на думку Дзяніса, трымаў баявы дух хлопцаў, асабліва навічкоў, граў ролю «баявой машыны, крамянёвага хлапчыны, які заўжды ходзіць са зброяй наперавес».
Ільля Хрэнаў у першыя дні адкрыў збор на амуніцыю, якой не хапала. Шукаў, дзе што можна ўзяць, успамінае «Кіт».
Адміністрацыйнаю часткаю беларускай роты і потым батальёну пачаў займацца Арцём «Ваніш», які ваяваў за Ўкраіну з 2015 году. Былі тыя, хто зусім не выяжджаў на баявыя заданьні, яны занялі адміністрацыйныя, тылавыя пасады, расказвае «Білорус».
Дзяніс «Кіт» адзначае, што важную ролю адыгрывалі два непублічныя чалавекі, якія вялі камунікацыю на розных узроўнях — «ад дэпутатаў да генэралаў». Каб беларусам, напрыклад, далі лепшую, больш сучасную зброю.
Добраахвотнік «Пан Зубр», паводле Прохарава, «напісаў на дошцы крэйдай структуру батальёну».
Павал Суслаў «Волат» адказваў за навабранцаў, расказвае Дзяніс. Яны ў першыя месяцы праходзілі вайсковую падрыхтоўку, вучыліся тактычнай мэдыцыне. Іх таксама вучылі «Білорус», «Брэст», «Ёрык», «Кіт».
— Навыкі абыходжаньня са зброяй, правільныя пераходы ў калена, у пазыцыю лежачы, рэакцыю на кантакт зьлева, справа, ззаду давалі, — апісвае падрыхтоўку Мельнікаў.
Такім навабранцам у той час быў Аляксандар Клачко.
— У аўдыторыях (каледжу. — РС), памятаю, упершыню ва Ўкраіне я разьбіраў аўтамат Калашнікава. Упершыню ўбачыў там Паўла «Волата». Ён прыйшоў падзяліцца досьведам, расказаць, што такое вайна, пра свой шлях. Памятаю ягоны шнар на галаве, на шыі, вялікі, пераходзіў збоку. Ён расказваў пра часы АТА, — успамінае «Кусь».
Суразмоўца дадае, што іх, навічкоў, ставілі дзяжурыць, ахоўваць склад з узбраеньнем у падвале.
— Быў пост на высокім будынку. Там была відаць Буча, зарыва над Бучай. Украінскія «Грады» выехалі. Дзесьці там узьлётная паласа, адкрытая прастора, поле каля заводу «Антонаў». Яны працавалі туды, у бок рускіх, а потым схаваліся ў лесапаласе, а ў адказ праз хвілін 10-15 па гэтым месцы, дзе ўкраінскія «Грады» былі толькі што, з боку рускіх прыляцела, — узгадвае Клачко.
Аднойчы побач зь імі прыляцела некалькі ракет.
— А 6-й раніцы была перазьменка, сярэдзіна сакавіка, холад сабачы, вогнішча распальвалі. І ў гэты момант па тэрыторыі заводу „Антонаў“ прыляцела ракета. Я пачуў яе як шапаценьне лістоты восеньню. Гэтая ракета разарвалася за шматпавярховым будынкам, і дымок над будынкам падымаецца. І я ўжо разумею, што гэта не па нас, — апісвае ён.
— Батальён — гэта зрэз беларускай супольнасьці. Тут ёсьць прыхільнікі нацызму, ідэяў Адольфа Гітлера, Бэніта Мусаліні. Тут ёсьць праціўнікі гэтых ідэяў, радыкальныя антыфашысты, анархісты, панкі, гардкор-сцэна, звычайныя людзі, інтэлігенцыя за 50, старая беларуская фармацыя пачатку стварэньня БНФ. Гэта былі проста людзі — ад моладзі 18 гадоў да 50+, людзі, якія засталі розныя пэрыяды стаўленьня беларускай незалежнасьці, — апісвае «Білорус» тых, хто далучаўся да беларускага падразьдзелу.
Суразмоўцы адзначаюць, што ня памятаюць канфліктаў паміж байцамі ў першыя месяцы поўнамаштабнай вайны або лічаць іх ня вартымі розгаласу. Зьяжджалі з вайны тады адзінкі.
— Безумоўна, людзі сыходзілі. Камусьці штосьці не спадабалася, да кагосьці ня так зьвярнуліся, хтосьці перадумаў ваяваць. Думаю, кожныя чатыры зь пяці сыходзілі менавіта праз тое, што яны інакш уяўлялі, ідэалізавалі вайну. Апынуўшыся на баявых, пабачыўшы першую кроў або сьмерць ці ўвогуле проста выбухі поруч, зразумелі, што гэта ня іхны шлях — шлях ваяра. Але сыходзіла значна менш, чым прыяжджала, — кажа Ян Мельнікаў.
«Мы хацелі хутчэй паехаць на баявыя»
Атмасфэра ў першыя месяцы вайны, адзначаюць суразмоўцы Свабоды, была парадаксальна натхнёная, з адчуваньнем адказнасьці і чаканьня.
— Мы хацелі хутчэй паехаць на баявыя. У нас было адчуваньне, што нам ня хопіць. Усё бяз нас! Калі мы ўжо паедзем?.. У нас было чаканьне, што гэта пачатак канца рэжыму Лукашэнкі, — адзначае Дзяніс Прохараў.
Некаторыя беларусы сталі выяжджаць на баявыя заданьні зь першых дзён, калі беларуская рота і батальён Каліноўскага яшчэ толькі фармаваліся. Удзельнічалі і дасьведчаныя байцы, і навічкі, якія ўмелі трымаць аўтамат, накладваць турнікеты і былі згодныя ехаць, тлумачыць Ян Мельнікаў.
— Вядома, навічкі езьдзілі. Дасьведчаных хлопцаў было ня так шмат, да 20 чалавек. Ім далі базу, а досьвед пачынаецца, калі ты пачынаеш свае веды правяраць у баі, — тлумачыць Дзяніс.
Ён расказвае, што ў першыя дні поўнамаштабнай вайны апынуўся гранатамётнікам ў пары разам з Ільлём Хрэнавым ў роце выведкі Сілаў спэцыяльных апэрацыяў «Азоў». Аляксей «Псыхоляг» быў кулямётнікам у пары з украінцам.
Першым іхным заданьнем быў Гастомель, другім — Буча. У Бучы яны трапілі ў атачэньне, зь якога частка байцоў ледзь выбралася, было шмат параненых, былі забітыя. У тых баях Ільля «Літвін» загінуў, Аляксей «Псыхоляг» страціў нагу, Дзяніс «Кіт» атрымаў аскепкавыя раненьні рукі.
— Мне пашчасьціла быць з Ільлём. Ён настолькі згладжваў трывожнасьць… Прысутнасьць гэтага чалавека супакойвала. Ты ня думаў, што сьмерць — гэта страшна. Ты сядзеў і проста размаўляў пра побытавыя рэчы. Ільля вельмі ратаваў абстаноўку, разраджаў, — дзеліцца ўспамінам Дзяніс.
Пасьля Бучы ён вярнуўся іншым чалавекам, кажа «Кіт», перадусім празь сьмерць свайго сябра Ільлі. Заўважае, што пасьля гэтага стаў больш прагматычным, халодным, менш альтруістычным і больш асьцярожным.
— Я там перажыў прыняцьце сваёй уласнай сьмерці, трыманьне на руках чалавека, які «выцякае» (страчвае шмат крыві. — РС), і ты нічога ня можаш зрабіць, і ляжаньне ў мазгах чалавека. Мне было цяжка потым езьдзіць на баявыя задачы. Я пра гэта кажу адкрыта. Я ніколі не рабіў зь сябе «Рэмба», — расказвае ён.
Першым баявым выездам для навабранца Аляксандра «Куся» была вёска Лазавое Херсонскай вобласьці 27 траўня, успамінае ён. У тым выезьдзе, на думку добраахвотніка, сфармаваўся будучы батальён «Волат». Яны, з паўсотні чалавек, тады паехалі нягледзячы на забарону кіеўскага штабу. «Я быў ужо як сьпелая вішня», — дадае ён пра жаданьне ехаць на баявыя.
— Трэба было фарсаваць раку, там ужо тэрыторыя, акупаваная рускімі, 500 мэтраў поля перасекчы, будзе лес, а ў лесе, магчыма, засады, міны, каля лесу вёска Лазавое закінутая, і там рускія. Па баках у іх узвод танкаў. Плюс авіяцыя працавала па нас. Мінамёты як птушкі пяюць вясной, — расказвае Клачко.
Найбольш ён баяўся наступіць на міну і страціць нагу. Кажа, пасьля Лазавога фобія мінаў у яго зьнікла.
— Там разрываецца, штосьці прылятае, стралковы бой ідзе. А птушкі сьпяваюць, быццам нічога не адбываецца, — зьдзіўляецца «Кусь».

Тады яны занялі вёску Лазавое, узялі палонных. У беларусаў не было загінулых, але былі параненыя. Чалавека, якому адарвала нагу, выносілі адтуль па полі на насілках, расказвае Аляксандар.
— Пасьля гэтага я, пабыўшы на баявым з „Брэстам“, зразумеў, што гэта самы лепшы камандзір, якога я калісьці ведаў і зь якім я гатовы быў пайсьці на край сьвету, — падсумоўвае баец.
Сяргей Пальчэўскі таксама браў удзел у баявым у Лазавым. Ён адзначае, што «Брэст» і «Волат» былі такімі камандзірамі, за якімі людзі гатовыя былі ісьці, «нефармальныя лідэры».
Першая вобласьць, куды яны паехалі як уласна батальён Каліноўскага, была Мікалаеўская, зазначае «Кіт».
26 чэрвеня ў баях пад Лісічанскам загінула група беларусаў: камандзір батальёну «Волат» Іван Марчук «Брэст», Васіль Парфянкоў «Сябро», Васіль Грудовік «Атам», Вадзім Шатроў «Папік». Іх парэшткі дагэтуль ня здолелі забраць з полю боя. Ян Дзюрбейка «Тромблі» і Сяргей Дзёгцеў «Клешч» трапілі пасьля гэтага бою ў палон. Дакладных зьвестак пра іх далейшы лёс дагэтуль няма.
Дзяніс Прохараў расказвае, што многія думаюць, быццам у яго з «Брэстам» быў канфлікт. Ён гэта аспрэчвае. Кажа, што заўсёды ставіўся да Івана цёпла, хоць яны не былі сябрамі. Пры гэтым заўважае, што той, на ягоную думку, быў вельмі палкім хлопцам, яго трэба было астуджваць. «Кіт» успамінае, што «Брэст» з паплечнікамі толькі вярнуліся зь Мікалаеўскай апэрацыі і ўжо сабраліся пад Лісічанск.
— Я казаў: пажадана, каб яны адпачылі ад Мікалаеўскай апэрацыі, бо там было вельмі горача. Ваня тады сказаў: «Усё, мы едзем». Я тады падышоў — пра гэта, напэўна, ніхто ня ведае — і сказаў: «Дружа, калі ласка, беражы сябе. Дружа, калі ласка, ня рвіся. І ведай, што для мяне і для вялікай колькасьці хлопцаў ты вельмі мужны і клясны чувак. Але беражы сябе». Ён паглядзеў на мяне, усьміхнуўся, сказаў: «Добра, Кіт». І мы зь ім абняліся, — расказвае Дзяніс.
— Значныя падзеі — гэта трагічныя падзеі. Вельмі моцна на ўсіх паўплывала сьмерць Ільлі «Літвіна», Зьмітра «Тэрора», «Тура» Аляксея Скоблі ў складзе Сілаў спэцыяльных апэрацый. Я ня ведаю ніводнага выпадку, каб хтосьці празь сьмерць (пабрацімаў) вырашыў спыніць знаходжаньне (на вайне). Але дакладна, паклаўшы руку на сэрца, скажу, што я чуў і бачыў жаданьне помсты ў дзясятках вачэй, — камэнтуе Мельнікаў.
«Не рашчыніцца ва ўкраінскіх падразьдзелах»
Навошта было ствараць менавіта беларускі падразьдзел, калі можна было, прыкладам, далучыцца да Ўзброеных сілаў Украіны? Беларускі падразьдзел паказваў, што беларускі народ ня роўны Лукашэнку, кажуць яго першыя ўдзельнікі.
— Мы хацелі падкрэсьліць, што мы, беларусы, — гэта не Лукашэнка з вайной і з саўдзелам у вайне з боку Расеі, а гэта вольны народ, які змагаецца за волю, — камэнтуе Ян Мельнікаў.
Асобная беларуская адзінка дамагала паказаць удзел і ўплыў беларусаў у вайне.
— Мы тут беларусы, нас тут мала. Каб ня страціць адно аднаго сярод украінцаў, не рашчыніцца ва ўкраінскіх падразьдзелах, трэба трымацца адно аднаго. Мы думалі падкрэсьліць, што мы, беларусы, можам тут стварыць сваю вайсковую адзінку, паказаць нашу колькасьць, — тлумачыць ён.
Важная мэта — каб беларуская вайсковая адзінка потым узяла ўдзел у вызваленьні Беларусі, мяркуе Вадзім Кабанчук.
— Сама ідэя беларускага падразьдзелу і міжнароднага легіёну паказвала, што ёсьць міжнародная салідарнасьць — разам з Украінай супраць імпэрыі, — дадае ён.
— Мы заўсёды ўскладвалі надзею на тое, што калі нам удасца перамагчы рускіх ворагаў ва Ўкраіне, то будзе нейкі шанец і ў Беларусі здабыць волю, — дадае Сяргей Пальчэўскі.
«Вырашалася на «пацанскім» узроўні»
Некаторыя рэчы ў першыя месяцы можна было памяняць, каб батальён Каліноўскага лепш разьвіваўся, мяркуюць суразмоўцы. На думку Яна Мельнікава, тады не хапала дасьведчаных афіцэраў зь лідэрскімі якасьцямі, якія б мелі навык кіраваць вялікімі баявымі адзінкамі, у тым ліку ў баі.
— Часам быў у хлопцаў такі настрой: «мы тут добраахвотнікі», «я захацеў таго слухаць, таго не». Гэта вырашалася больш на мужчынскім, «пацанскім» узроўні. Не было паўнавартаснай вайсковай ярархіі і падпарадкаваньня. У нас нейкія пытаньні вырашаліся на ўзроўні: тое мне падабаецца, тое не падабаецца, тое я хачу, тое не хачу, сёньня я гэта раблю, сёньня не раблю, і давайце пацанскі сход, пагаворым, разьбярэмся, ці тое правільна, ці тое не, — разважае «Білорус».
Ён мяркуе, што, магчыма, лепш было б у самым пачатку стаць батальёнам у складзе дасьведчанай брыгады, якая ваявала з 2014 году, з дасьведчанымі афіцэрамі.
— Я дзякуючы гэтым чатыром гадам зразумеў, як важна ня проста сабрацца вялікай колькасьцю байцоў, стральцоў з сэржанцкага складу і ваяваць, а мець афіцэрскі складнік, каб гэта быў больш пасьпяховы праект, — разважае «Білорус».
Падобнай думкі і Дзяніс Прохараў. Калі ўжо ўтварыўся полк Каліноўскага, ён заўважаў недахоп карпаратыўнай культуры ўнутры яго. Паводле суразмоўцы, у падразьдзеле былі людзі, якія стваралі нешта падобнае да «дзедаўшчыны» у арміі.
— Перацягнулі лямку «армейшчыны». Я заўсёды казаў: я з вамі размаўляю на роўных. Я з вамі магу сесьці і паразмаўляць на любую тэму. У мяне ёсьць такая рыса — чалавечнасьць. Але некаторыя людзі думалі, што ў арміі так нельга. Гэта загубіла шмат чаго. Трэба любіць і паважаць добраахвотнікаў, якія зрабілі крок у невядомасьць. Трэба было выбудаваць вайсковую структуру не на «армейшчыне», а на пабрацімстве, — камэнтуе «Кіт».
У 2024 годзе Дзяніс Прохараў пайшоў з пасады камандзіра, яе заняў Павал Шурмей. Сёлета «Кіт» сыходзіць з ПКК. Ён паведамляе, што ўкраінскае кіраўніцтва пераводзіць яго ў іншы падразьдзел. З жалем кажа, што пабрацімы не заступіліся, калі яго, аднаго з заснавальнікаў, перавялі зь ягонага падразьдзелу пасьля чатырох гадоў. Але ўрэшце дадае пра свой шлях: «Так Бог даў».
Дзяніс прызнаецца, што для яго вайсковая служба стала цяжарам. Доўгі час ён выконваў свае абавязкі, бо так было трэба і бо не было каму яго замяніць.
— Усё, што я мог зрабіць, за ўвесь свой актыўны час дзейнасьці, я зрабіў. Ці змагу я болей? Наўрад ці. Кажу шчыра. Я свае дзесяць гадоў вайсковай і калявайсковай справе даў. У мяне ёсьць свае меркаваньні, чаго я хацеў бы дасягнуць. Я, напэўна, маю на гэта права. Я хацеў бы сям’ю, дзяцей, стаць бацькам. Мне трыццаць гадоў, — падсумоўвае Дзяніс «Кіт».
Што сёньня з палком Каліноўскага
21 траўня 2022 году абвясьцілі пра стварэньне «фармацыі палку Каліноўскага». Дзяніс Прохараў тлумачыць, што слова «фармацыя» давала ім люфт і закладала пэрспэктыву. Ён пагаджаецца з словамі Паўла Шурмея «Дзядзькі», які ў 2025 годзе адзначыў, што полк Каліноўскага не адпавядае колькасна такой вайсковай адзінцы, як і ніколі не адпавядаў.
— Гэта вялікая мэдыйная кампанія, якая мае паказваць патэнцыял руху, — тлумачыць Дзяніс, чаму ў свой час адзінку назвалі палком.
У жніўні 2022 году батальён «Тэрор» аддзяліўся ад палку Каліноўскага. Пасьля таго, як камандзіра батальёну «Варага» звольнілі, частка байцоў сышла за ім і вырашыла ваяваць аўтаномна. Неўзабаве пасьля канфліктаў з ПКК сышоў яшчэ адзін камандзір батальёну, былы амапавец Павал Кулажанка. У 2023–2024 гадах ішоў канфлікт паміж штабам і палявымі камандзірамі.
У выніку з пасады зьнялі камандзіра ПКК Дзяніса Прохарава. На ягонае месца прызначылі Паўла Шурмея. У 2025 годзе з палку сышоў і Шурмей.
Ніхто з суразмоўцаў не расказвае падрабязна, што цяпер адбываецца з палком Каліноўскага, хтосьці кажа, што ня ведае, хтосьці — што ня можа расказаць.
— Пра тое, што зараз, я не магу казаць у інтарэсах кансьпірацыі. Сёньня мы ня так адкрытыя, як раней, бо таксама, магчыма, была памылка ў тым, што мы былі вельмі адкрытыя для супольнасьці. Фактычна полк Каліноўскага далей існуе, але пра яго фармат, яго колькасьць дзеяньняў, што такое сёньня полк, я вам не адкажу, — кажа Ян Мельнікаў.
— Полк пакуль што існуе, але не ў такой колькасьці, як раней. Ёсьць кіраўніцтва. Працягваюць сваю дзейнасьць. Больш сканцэнтраваныя на вайсковай працы, менш займаюцца палітычнымі справамі. Пасьля крызісаў, якія там былі ў мінулым, шмат хто, магчыма, расчараваўся, шмат людзей пазвальняліся, перавяліся ў іншыя падразьдзелы, — камэнтуе Сяргей Пальчэўскі.
Дзяніс «Кіт», у якога загінуў блізкі сябар, перажывае, што ахвяры могуць быць дарэмнымі.
— Мне вельмі б не хацелася, каб кропку паставілі і ахвяры (беларускіх добраахвотнікаў) сталі непатрэбныя. Мне гэта трошкі баліць. Усе гэтыя індывідуальныя моманты — я магу сысьці, прапасьці — на гэтым сьвет не павінен спыняцца. Павінен рух ісьці далей, стварацца іншыя падразьдзелы, якія будуць перасьледаваць мэту, якую мы закладалі ў палку Каліноўскага, — вызваленьне Беларусі, — камэнтуе Дзяніс Прохараў.
Храналёгія першых месяцаў дзейнасьці батальёну/ палку Кастуся Каліноўскага
Восень 2021 году — беларусы ў Кіеве пачалі абмяркоўваць неабходнасьць стварыць беларускую адзінку, калі пачнецца маштабная вайна ва Ўкраіне.
24 лютага 2022 году — поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. Беларускія добраахвотнікі сталі на абарону Ўкраіны на базе тэрытарыяльнай абароны «Азоў» у Кіеве.
1 сакавіка — стварылі беларускую роту пры тэрытарыяльнай абароне «Азоў».
3 сакавіка — пры абароне Бучы загінуў Ільля «Літвін» Хрэнаў. Ён стаў першым беларускім добраахвотнікам, які загінуў у поўнамаштабнай вайне ва Ўкраіне. Пазьней ягоным пазыўным назавуць батальён.
9 сакавіка — стварылі батальён імя Кастуся Каліноўскага на базе Міжнароднага легіёну пры Галоўным упраўленьні выведкі (ГУР) Украіны.
13 сакавіка — у баях пад Кіевам, прыкрываючы адыход сваіх пабрацімаў, загінуў Аляксей Скобля «Тур».
20-я дні сакавіка — беларускія добраахвотнікі падпісалі кантракты з Узброенымі сіламі Ўкраіны.
26 сакавіка — пры абароне Ірпеню загінуў Зьміцер Апанасовіч «Тэрор». Пазьней ягоным пазыўным назавуць батальён ПКК.
15 траўня — загінуў камандзір батальёну Кастуся Каліноўскага Павал «Волат» Суслаў пры вызваленьні ўкраінскай вёскі на мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай вобласьцяў ад расейскіх войскаў. Пазьней ягоным пазыўным назавуць адзін з батальёнаў палку Каліноўскага.
21 траўня — батальён перарос у полк Кастуся Каліноўскага. У яго склад увайшлі два батальёны — «Волат» і «Тэрор». Пасьля сфармавалі трэці батальён — «Літвін». Пазьней батальён «Тэрор» выйшаў са складу палка.
26 чэрвеня — у баях пад Лісічанскам загінулі камандзір батальёну «Волат» Іван Марчук «Брэст» і Вадзім Шатроў «Папік». Іх парэшткі дагэтуль ня здолелі забраць з поля бою. Васіль Парфянкоў «Сябро» і Васіль Грудовік «Атам» лічацца зьніклымі бязь вестак. Ян Дзюрбейка «Тромблі» і Сяргей Дзёгцеў «Клешч» трапілі пасьля гэтага бою ў палон. Іх за чатыры гады яшчэ не абмянялі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное