Красулін: «Калі іншаземец бачыць, што тут размаўляюць не на яго мове, ён не будзе здзіўляцца, што не прымаюць расейскія рублі»

Гісторык Яўген Красулін — пра галоўную адметнасць беларусаў, якая не дазволіць ператварыць нашу краіну ў расейскую губернію.

— Мова — гэта адзін з першых інструментаў ідэнтычнасці і вызначэння «свой-чужы», — кажа Яўген Красулін на Еўрарадыё. — Хоць я і супраць гэтай дыхатаміі «свой-чужы», бо ўсе людзі больш-менш аднолькавыя.

Але мова кожнага народу — гэта тая каштоўнасць, якая дазваляе народу быць. Гэта той код, якім гэты народ апісвае свет. І кожны такі код, кожная мова мае сваю ўнікальную прыроду і змяшчае ў сабе ўнікальную інфармацыю пра той самы свет.

Мы вывучаем мову іншага народу і пачынаем узбагачаць сваё бачанне гэтага свету праз гэтую мову. Бо, скажам, тыя выразы, формулы, апісанне некаторых з'яваў, якія мы можам сустрэць, напрыклад, у кітайскай мове, мы не сустрэнем у беларускай ці расейскай, ці ангельскай мовах.

Яўген Красулін

Такім чынам, вывучаючы кітайскую ці проста карыстаючыся перакладамі, мы пачынаем лепей разумець гэты свет, больш разнастайна яго бачыць.

Безумоўна, калі ў народа ёсць свая мова, ёсць і народ. Бо як мы выдзелім народ без мовы?

Фактычна Беларусь саўдзельнічае, як бы з гэтым хто не спрачаўся, у агрэсіі супраць Украіны. І вось гэты саўдзел даў шматлікім беларусам магчымасць зразумець, што яны не расейцы, і ў тым ліку звярнуцца да такой сваёй адметнасці, як беларуская мова.

І калі прыходзіць іншаземец і бачыць, што тут размаўляюць не на яго мове, ён не будзе здзіўляцца таму, што не прымаюць расейскія рублі, бо гэта нелагічна.

Скажам, будаваць сваю ідэнтычнасць выключна на нацыянальнай валюце неяк дзіўнавата. А калі чалавек чуе іншую мову, калі ён вымушаны ці да машыннага перакладу звяртацца, ці да размоўніка, ён разумее: «Усё ж такі я не дома, усё ж такі тут іншая краіна, іншая нацыя».

І дзеля таго, каб пасадзіць тут свайго губернатара, трэба падумаць над умовамі для сябе, умовамі, чаму мы тут будзем саджаць свайго губернатара.

Гэта ўсё ж такі актуальна для расейцаў, як я заўважыў. Хоць яны звычайна мала адрозніваюцца цырымоніямі. Гэта еўрапейцы, яшчэ з пачатку 16 стагоддзя задумваліся: а якое мы права маем на чужыя тэрыторыі, чужыя жыцці, маёмасць?

Пакуль у Расеі гэта асабліва не рэфлексуецца, але, тым не менш, для іх таксама патрэбна абгрунтаванне. Маўляў, хлопцы, ну вы ж усе рускія, што вы выпендрываецеся са сваёй незалежнасцю ў нейкай там Беларусі. Ну добра, пакінем мы назву «Беларусь», але вас не будзе, будзем мы.

Бо дзеля таго, каб Беларусь пераўтварыць у сваю губерню, адсутнасць сваёй асобнай мовы ў беларусаў, гэта, канешне, аргумент.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)