Филин

Юлія Кот

Магда: «Лукашэнка часта дзейнічае ў рэчышчы «простота хуже воровства»

Филин абмеркаваў з украінскім палітолагам ультыматум Зяленскага і рэакцыю правіцеля Беларусі на гэтыя патрабаванні.

З моманту публічнага патрабавання Уладзіміра Зяленскага адключыць рэтранслятары, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі і дапамагаюць расійскім дронам рабіць атакі на Украіну, мінула ўжо некалькі дзён. Першая рэакцыя афіцыйнага Мінска прагучала толькі сёння, дый тое, мякка кажучы, дзіўная.

Лукашэнка нібыта спытаў кіраўніка Гомельшчыны пра рэакцыю людзей на ўльтыматум, што прагучаў, і «перадаў гамельчукам просьбу не хвалявацца», бо «ў нас ёсць усё неабходнае, каб абараніць насельніцтва». А сам сабраўся ў працяглую камандзіроўку.

Што насамрэч адбываецца паміж дзвюма краінамі, ці адключаць беларускія ўлады рэтранслятары і ці падвышаюцца рызыкі ўкраінскіх удараў па аб’ектах у РБ, «Филин» пацікавіўся ва ўкраінскага палітолага Яўгена Магды.

Яўген Магда

— Што выглядае больш верагодным: што рэтранслятары ціхенька адключаць з Беларусі ці дазволяць Украіне вывесці іх з ладу?

— Думаю, не прынцыпова, якім чынам гэтыя рэтранслятары будуць адключаныя. Іншае пытанне, што Лукашэнка звычайна імкнецца захаваць твар, каб паказаць, што ён застаецца ўплывовым, важкім і важным гульцом, ад якога ў гэтым жыцці яшчэ шмат што залежыць. Але ж цана яго ўплыву і магчымасцяў насамрэч не вельмі высокая.

Галоўнае, што мае значэнне — каб тэрыторыя Беларусі не выкарыстоўвалася для падтрымкі расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Бо мы памятаем, што ў 2022-м паўгады ляцелі ракеты з тэрыторыі Беларусі, пра тое ніхто не забыўся. Рэтранслятары — гэта не настолькі сур’ёзна, але ўсё ж непрыемна. І ў дадзеным выпадку, мяркую, мэта апраўдвае сродкі.

— Ці ўстрымаюцца ЗСУ ад удараў па беларускай тэрыторыі? Альбо тое, што гучыць у публічным полі з Мінска і Кіева — толькі эскалацыйная рыторыка, умоўна, гульня, хто міргне першым?

— Пытанне не ў рыторыцы, а ў тым, што сам Лукашэнка вызначыў сябе як саўдзельніка, суагрэсара. «Мы з Уладзімірам Уладзіміравічам суагрэсары» — гэта прамая цытата з Лукашэнкі.

Тэхнічна — Украіна можа ліквідаваць тыя транслятары. Але чакаць нейкіх шырокамаштабных баявых дзеянняў, мяркую, не варта. Таму што Украіна аб’ектыўна не мае празмерных людскіх рэсурсаў, дый здзяйсняць інтэрвенцыю на тэрыторыю Беларусі, з гледзішча міжнароднага права, Украіне нявыгадна.

— Лукашэнка сёння паведаміў, што збіраецца ў «працяглую камандзіроўку». Ці можа вось гэта і быць адказам на ўльтыматум Зяленскага: я, маўляў, паехаў па справах, а што без мяне адбудзецца — тое адказнасць генералаў, якія мусяць радзіму абараняць?

— Ён часта дзейнічае ў рэчышчы «простота хуже воровства» (у беларусаў ёсць прыказка «прастата — тая ж дурата» — Ф.).

Гэта ягоны традыцыйны метад: рабіць выгляд, што ён не мае дачынення да пэўных падзей альбо перамен, якія адбываюцца. Таму, па вялікім рахунку, не мае значэння, што ён гаворыць сёння, ці будзе ён за мяжой і ці стане неяк рэагаваць ці не стане.

Мы жывем у сучасным свеце, дзе нават самаабвешчаны правіцель мае дасяг да розных спосабаў сувязі. І я лічу, што высновы ўсе зробяць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(60)