Наста Дашкевіч: «Пра 11 ліпеня 2023 года, калі ў Беларусі боль памножыўся на боль»
Грамадская дзяячка – памяці Алеся Пушкіна.
– 11 ліпеня 2023 года я не забуду ніколі. У гэты дзень сканчваўся першы тэрмін Зьмітра. Я была моцна ўсхваляваная і чакала яго дома, – піша Наста Дашкевіч. – Паколькі сама адбывала «хатнюю хімію», я не магла паехаць у Навасады, каб сустрэць мужа каля турмы. Засталася з дзецьмі.
Гэтае чаканне проста з’ядала мяне знутры. Не магла знайсці сабе месца. З цяжкасцю адказвала на бясконцыя дзіцячыя пытанні:
– Калі, мама?
– Ужо хутка?
– Хутка тата прыедзе?
Памятаю, як проста соўгалася з кута ў кут. Нешта мыла, прыбірала... А дзецям уключыла мультфільмы, каб хоць неяк адцягнуць іх увагу.
У гэты час мае сябры стаялі пад навасадаўскай калоніяй. Чакалі, калі брама турмы расчыніцца і выйдзе Зьміцер.
Я тэлефанавала ім кожныя дзесяць хвілін. Распытвала пра сітуацыю, услухоўвалася ў кожную дробязь: хто куды пайшоў, што пачулі, што сказалі…
Я спрабавала зразумець: чаму ўжо 10-11 гадзін раніцы, а добрых навін усё яшчэ няма?
Памятаю момант, калі адзін з сяброў сказаў: на тэрыторыю калоніі заехаў міліцэйскі бусік… А праз нейкі час ён выехаў.
Тады нібы халоднай кропельніцай унутры мяне разлілася здагадка, якая атруціла ўсю надзею: у гэтым бусіку быў мой муж.
Не прайшло і гадзіны, як патэлефанавалі з незнаёмага нумара. А мы ўсе ў Беларусі пабойваемся незнаёмых нумароў. І нездарма.
Голас у слухаўцы абыякава прамовіў:
«Анастасия Владимировна, добрый день. Ваш муж попросил меня Вас уведомить о том, что он арестован по подозрению в совершении преступления, предусмотренного статьёй 411 Уголовного Кодекса РБ».
У той момант я стаяла ў краме. Унутры ўсё абрушылася.
Я аплаціла пакупкі. Села ў машыну. І дазволіла болю цалкам праглынуць сябе.
Усё астатняе было як у тумане. Тлумачэнні дзеткам і іх слёзы. Слёзы сяброў.
Шмат дарагіх сэрцу людзей прыйшлі тады да мяне дадому, каб проста быць побач. На стале стаялі дранікі з мачанкаю — Зьміцер вельмі прасіў прыгатаваць іх пасля вызвалення.
Я папрасіла ўсіх раскласці ежу і частавацца. Сама ж была недзе далёка.
Памятаю, як ціснула гэтае маўчанне і ніякаватасць сяброў, якія не ведалі, як мяне падтрымаць. Усё нагадвала памінальны абед. Слёзы, боль, прыглушаныя фразы...
Я не магла больш гэтага трываць. Не магла змясціць у сабе і свой, і іхні боль, а таму проста папрасіла:
– Давайце не будзем. Ніхто не памёр. Усе жывыя. Маю надзею, што здаровыя. Неяк справімся. Неяк справімся…
Выходжу са сталовай. Спрабую знайсці куточак, каб пабыць адной. Адкрываю навіны на тэлефоне і бачу жудаснае: сёння ў турме загінуў Алесь Пушкін.
«Ніхто не памёр» – б’ецца рэхам у маёй галаве мая ж уласная фраза.
«Усе жывыя» – усяго пару хвілін таму я спрабавала падбадзёрыць сяброў.
А цяпер усё перакрэслена. Таму што памёр Алесь Пушкін.
У нас наперадзе – турма. У Алеся – вечнасць.
Я яшчэ маю надзею калі-небудзь абняць мужа. А родныя Алеся ўбачаць яго толькі для таго, каб развітацца назаўжды.
У той зламанасці сэрца я малілася Богу і за сваякоў Алеся, і за Зьмітра, і за кожнага, хто заставаўся ў турме.
Наступны год пасля гэтага стаў адным з самых складаных у маім жыцці. І ў жыцці Зьмітра. Але гэты год у нас быў. І наступны. І сённяшні.
Алесь Пушкін – цудоўны мастак. Чалавек, які так моцна любіў Беларусь. Спадзяюся, што неўзабаве адчыніцца музей ягонага імя ў родным Бабры, і мы ўсе туды завітаем.

І я калі-небудзь распавяду там гэтую гісторыю. Пра 11 ліпеня 2023 года, калі ў Беларусі боль памножыўся на боль.
Але мы неяк справіліся…
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное