Навумчык: «Акно магчымасцяў» не ўзьнікла ніадкуль — яго адчынілі»

Публіцыст, былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык — пра «насильственную белорусизацию» і «віну» БНФ.

— «Окно возможностей, чтобы стать независимыми от Москвы, было в 90-х. И если бы Позняк не запугивал тогда всех беларуским языком, то возможно Лукашенко не пришел бы к власти. Тогда у людей не были закрыты базовые потребности и «мова» не была на первом месте» — у які ўжо раз (соты? тысячны?) чытаю падобнае, — піша Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

Даўно ўжо ня хочацца камэнтаваць, абвяргаць, нешта даказваць — бо абвяргалася таксама сотні разоў. Але ў грамадзкае, палітычнае жыцьцё прыходзяць новае пакаленьне, якое пра Пунічныя войны ведае непараўнальна болей, чым пра сапраўдную найноўшую гісторыю сваёй краіны (бо войны тыя ў школе вывучаюць, а сапраўдную гісторыю — не).

Таму паўтаруся. Па пунктах.

«Окно возможностей» не ўзьнікла ніадкуль — яго адчынілі (і тое было зусім ня проста) якраз дэмакратычныя нацыянальныя сілы, з БНФ у авангардзе (вызначэньне Васіля Быкава).

Закон аб мовах быў прыняты 26 студзеня 1990 Вярхоўным Саветам 11-га скліканьня, у якім не было ні Пазьняка, ні ўвогуле Апазыцыі БНФ. І прынясі яго ў выніку патрабаваньняў грамадзтва (пагугліце — у Дзяржаўным архіве Беларусі захоўваюцца ДЗЯСЯТКІ ТЫСЯЧ лістоў, якія даслалі звычайныя беларусы ў ЦК і ў Вярхоўны Савет з патрабаваньнем нарэшце надаць сваёй роднай мове тыя правы, якіх яна была пазбаўленая дзесяцігодзьдзямі).

Дзеяньне Закону было паэтапным, апошнія палажэньні ўступалі ў сілу праз дзесяць гадоў. Дарэчы, менавіта гэта крытыкаваў Быкаў, я зараз не ўзгадаю даслоўна, але сэнс быў такі: калі аж дзесяць гадоў — значыць, ніколі (як у ваду глядзеў).

Выконваўся гэты Закон добра калі на траціну, чынавенства яго па-просту сабатавала. Тым ня менш 1 верасьня 1993 году 80% першаклясьнікаў пайшлі ў беларускамоўныя клясы. У адказ на такое «нарушение принципа свободного выбора языка обучения» і «насильственную белорусизацию» Камісія па адукацыі Менгарсавета атрымала аж 9 скаргаў. Дзевяць — на паўтарамільённы горад; дзеці былі імгненна переведзеныя ў рускамоўныя клясы (параўнайце гэта зь немагчымасьцю ўладкаваць школьнікаў у беларускамоўныя клясы ў Менску сёньня).

Колькасьць жа скаргаў, якія атрымала Камісія па адукацыі і культуры Вярхоўнага Савету — нуль.

Такая вось «насильственная белорусизация».

Наконт «Позняк запугивал». Я напісаў некалькі кніг пра 90-я, дзейнасьць БНФ і яе парлямэнцкай апазыцыі займае ў большасьці зь іх цэнтральнае месца. Перачытаў усе даступныя мне стэнаграмы сэсій Вярхоўнага Савета за 1990-95 год. Мне патрэбны быў выступ Пазьняка, цалкам прысьвечаны беларускай мове. Мне трэба было праілюстраваць ім адноу выснову.

Але я не знайшоў такога выступу (магчыма, нейкую стэнаграму і прамінуў, але наўрад ці). У выступах тэму мовы ён закранаў, але каб вось толькі пра яе — не.

Тэму беларускай мовы нязьменна ўздымалі Баршчэўскі, Трусаў, Дзейка — члены Камісіі ВС па адукацыі і культуры, але тое было іх, калі хочаце, прафэсійным абавязкам, дзіўна было б, калі б яны пра гэта не казалі.

Асноўнымі тэмамі і Пазьняка, і іншых дэпутатаў БНФ былі — сувэрэнітэт, стварэньне дзяржаўных інстытуцый (уласных грошай, войска, мытні, памежнай службы і г.д), эканоміка, сацыяльная сфэра.

Дэпутаты БНФ распрацавалі пяць эканамічных праграм і дзясяткі законапраектаў пад іх (Закон аб банках і банкаўскай сыстэме, Зямельны кодэкс (пакет законаў з правам прыватнай уласнасьці на зямлю), Закон аб маёмасьці, і г.д.), а таксама Закон аб грамадзянстве, Закон аб асновах службы ў дзяржаўным апараце, Канцэпцыю дэманапалізацыім СМІ і г.д.

Усё гэта на свае вочы бачылі і на свае вушы чулі Віктар Ганчар і Дзьмітрый Булахаў, «маладыя ваўкі», якія прасоўвалі Лукашэнку ва ўладу (ці — іх рукамі, выкарыстоўваючы іх амбіцыі, прасоўвала яго Лубянка, каму які варыянт падабаецца). Яны ведалі рэальную сытуацыю, бо штодня былі з намі ў Авальнай залі.

І тым ня менш, менавіта з выбарчага штабу Лукашэнкі было запушчаная «у масы», што Пазьняк і БНФ «всех заставит говорить по-белорусски» (і яшчэ — што «отец Позняка — полицай, он служил фашистам и расстреливал людей». Гэта была цынічная, выключная па сваёй подласьці хлусьня, але яна спрацавала.

«Маладыя ваўкі», замест каб спрыяць росту нацыянальнай сьвядомасьці і палітычнай культуры, згулялі на нізкім узроўні гэтай сьвядомасьці. Вынікі — вядомыя.

Уся «віна» Пазьняка і ягоных паплечнікаў па Апазыцыі БНФ у тым, што — так, большасьць з нас на сэсіях выступалі на беларускай мове (рэпартажы з Авальнай залі перадаваліся штодня па ТВ і радыё). Пэўна, хтосьці лічыць, што трэба было прамаўляць выключна па-руску, на мове «большого брата». І пра існаваньне беларускай мовы ўвогуле забыцца.

Той, хто лічыць гэтак, сёньня можа быць задаволены: у Авальнай залі ўжо шмат гадоў не чутно беларускага слова. І ўсё менш яго чуваць у іншых месцах Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(156)