Навумчык: «Беларусь у сваёй гісторыі бачыла рознае, але нагэтулькі хамскай і подлай улады не было ніколі»

Публіцыст — пра тое, як рэжым не заўважае сыход тых, хто закладаў падмурак беларускай дзяржаўнасьці.

Сяргей Навумчык

— Беларуская грамада ў Варшаве разьвіталася з Аляксандрам Мілінкевічам, піша Сяргей Навумчык. — Прагучала шмат добрых словаў, і ў будучым, перакананы, будзе прамоўлена і напісана яшчэ болей.

Але цяпер хачу сказаць пра іншае. Кіраўніцтва Польшчы, аддаўшы беларускаму палітыку належныя знакі пашаны, выявіла ня толькі дзяржаўную мудрасьць, а і сапраўднае высакародзтва.

І як жа гэта кантрастуе з плебействам прарасейскага рэжыму ў Менску!

Зусім нядаўна адышоў у іншы сьвет Пётра Садоўскі — ні слова спачуваньня ад уладаў. Як раней не заўважылі афіцыйныя структуры сыход ягоных калег па Вярхоўным Савеце Мікалая Крыжаноўскага, Мікалая Аксаміта, Лявона Дзейкі...

«Не заўважылі», канешне, варта браць у двукосьсі — гэта якраз дэманстратыўнае ігнараваньне. Бо тыя, хто закладаў падмурак беларускай дзяржаўнасьці, ёсьць для акупацыйнага рэжыму ворагамі.

Гэта выявілася і ў беспрэцэдэнтна абразьлівым стаўленьні да памяці Станіслава Шушкевіча, сям’і якога адмовілі ў прадастаўленьні месца на Ўсходніх могілках.

Беларусь у сваёй гісторыі бачыла рознае, але нагэтулькі хамскай і подлай улады не было ніколі.

Горшай ужо, сапраўды, быць ня можа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)