Рада БНР: «Спраўдзілася мара ўсіх, хто ня мог зьмірыцца зь існаваньнем пад акупацыяй Расейскай імпэрыі»

35 год таму Беларусь стала незалежнай.

25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет тагачаснай БССР надаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону. Беларусь дэ-юрэ зрабілася незалежнай дзяржавай.

— Гэта зрабілася магчымым дзякуючы намаганьням дэпутацкай Апазыцыі БНФ, тысячаў актывістаў Народнага Фронту ды беларускіх патрыётаў, якія ўсьведамлялі неабходнасьць скарыстаць гістарычны шанец. І шанец гэты быў скарыстаны: беларускі народ вярнуў сябе тое, за што змагаўся пакаленьнямі – Незалежнасьць, — адзначаецца ў заяве Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з нагоды Дня Незалежнасьці.

Спраўдзілася мара паўстанцаў Каліноўскага, заснавальнікаў і абаронцаў БНР, усіх, хто ня мог зьмірыцца зь існаваньнем пад акупацыяй Расейскай імпэрыі.

Беларусь атрымала ўсе прававыя падставы для самастойнага разьвіцьця і мела для гэтага ўсе магчымасьці, галоўным зь якіх быў таленавіты, адказны і працавіты народ.

Але стагодзьдзі вынішчэньня нацыянальнай сьвядомасьці не дазволілі асэнсаваць небясьпеку, якую несла імпэрская Расея, і ў 1994 годзе Маскве ўдалося правесьці свайго стаўленіка.

З гэтага часу, вось ужо больш як тры дзесяцігодзьдзі, краіна губляе сувэрэнітэт у палітычнай, эканамічнай, вайсковай сфэрах. Зьнішчаецца нацыянальная культура, беларуская мова, беларускі кнігадрук, вынішчаецца гістарычная памяць.

Пасьля 2020 году, калі беларусы выступілі ў абарону права выбіраць уладу, маштаб рэпрэсіяў дасягнуў сталінскіх.

Выціснуўшы сотні тысяч беларусаў у вымушаную эміграцыю, прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі імкнецца раз’яднаць беларусаў, падзяліць нацыю на тых, хто ў Беларусі, і тых, хто на чужыне.

Супрацьстаяць гэтаму можна, толькі ўсьведамляючы еднасьць нашае мэты – захаваньня Беларусі як дзяржавы і зьберажэньня таго, што адрозьнівае беларускую нацыю ад іншых нацый – яе мовы, яе культуры, яе пакутнай, але адначасна і гераічнай гісторыі.

Яшчэ за некалькі дзён да 25 жніўня 1991 году мала хто верыў, што Беларусь абвесьціць Незалежнасьць. Але верылі тыя, хто працаваў ў імя гэтага і змагаўся.

Будзьма ж верыць у сьветлую будучыню нашай Бацькаўшчыны і змагацца за яе!

З Днём Незалежнасьці!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)