Статкевіч трос клетку, судзьдзя сьмяяўся, гучалі «Муры». Лосік упершыню расказаў, як судзілі па «справе Ціханоўскага»
Як на закрытым судовым працэсе ў «справе Ціханоўскага» слухалі «Разбуры турмы муры», як у матэрыялах справы апынуліся абразок зь Юр’ем Пераможцам і «вайна зь нявернымі», як пракурор вывеў зь сябе судзьдзю. Пра гэта Ігар Лосік распавёў Радыё Свабода.
Шэсьць гадоў таму, 29 траўня 2020 году, у Горадні на перадвыбарчай акцыі затрымалі блогера і аўтара Youtube-каналу «Краіна для жыцьця» Сяргея Ціханоўскага, ягоных паплечнікаў і выпадковых прысутных. Улады ўчынілі правакацыю з удзелам жанчыны, якая займалася прастытуцыяй, і з падзеньнем міліцыянта Ўладзімера Казлоўскага на зямлю.
Адразу пасьля гэтага сілавікі пачалі затрымліваць людзей на Савецкай плошчы. Гэта было першае маштабнае затрыманьне ў перадвыбарчай кампаніі, якое пасьля перарасло ў шэраг крымінальных справаў і паказала, як улады будуць помсьціць сваім праціўнікам.
Судовы працэс над Сяргеем Ціханоўскім пачаўся ў чэрвені 2021-га. Ён ішоў паўгоду ў закрытым рэжыме ў СІЗА № 3 Гомля.
Разам зь Ціханоўскім судзілі яго відэаапэратара Арцёма Сакава, мадэратара сацыяльных сетак «Краіны для жыцьця» Дзьмітрыя Папова, палітыка Мікалая Статкевіча, блогераў Ігара Лосіка і Ўладзімера Цыгановіча.
Фігуранты справы ў выніку атрымалі ад 14 да 18 гадоў калёніі. Ціханоўскі і Лосік ужо выйшлі на волю дзякуючы перамовам амэрыканскага боку з рэжымам Лукашэнкі. Статкевіча вызвалілі пасьля яго адмовы зьяжджаць зь Беларусі і цяжкай хваробы.
Сакаў, Папоў і Цыгановіч застаюцца за кратамі. Агулам у так званую «справу Ціханоўскага» можна залічыць больш людзей, якіх судзілі невялікімі групамі або паасобку ў розных месцах у розны час.
«Яны ня ведалі, што з намі рабіць»
Сеткавы журналіст Свабоды і заснавальнік тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга» Ігар Лосік быў адным зь фігурантаў «справы Ціханоўскага». Яго затрымалі 25 чэрвеня 2020 году і асудзілі на 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Ігар правёў за кратамі больш за пяць гадоў, амаль палову гэтага часу — у рэжыме інкамунікада, калі нават блізкія нічога ня ведалі пра яго. Ігара Лосіка вызвалілі і прымусова вывезьлі зь Беларусі за мяжу ў верасьні 2025 году.
«Гэтага не разумеў ніхто: ні адвакаты, ні пракуроры, здаецца, ні мы, — адказвае Ігар на пытаньне, чаму яны шасьцёра апынуліся ў адным працэсе. — Я зь Ціханоўскім не сустракаўся, ня ведаў яго, з Статкевічам таксама. З Цыгановічам, Сакавым не перасякаўся ў інтэрнэце нават».
Лосік тлумачыць, што ў матэрыялах крымінальнай справы было напісана, што Ціханоўскі і Статкевіч ў 2019 годзе нібыта ўступілі ў змову і заплянавалі праз год зрынуць уладу ў Беларусі.
Спачатку ў справе таксама праходзіў Віталь Шкляраў, амэрыканскі паліттэхноляг родам з Гомля, працягвае Ігар. Той, паводле абвінавачаньня, лічыўся галоўным арганізатарам змовы, які прыцягнуў да сваіх плянаў Ціханоўскага, Статкевіча й іншых. Шклярава затрымалі ў ліпені 2020 году і вызвалілі ў кастрычніку таго ж году «пасьля тэлефоннага званка дзяржаўнага сакратара ЗША Пампэа».
«Спачатку справу завязвалі на Шклярава. А калі яго выпусьцілі, пачалі перапісваць крымінальную справу і ўжо галоўным зрабілі Статкевіча», — успамінае суразмоўца.
На думку Лосіка, блогераў і зьвязаных з папулярнымі каналамі ў сацыяльных сетках людзей залучылі ў справу, бо прадстаўнікі рэжыму баяліся тэлеграм-каналаў і «пачалі паляваць на іх» пасьля выказваньня Лукашэнкі:
«Думаюць, мы ж іх не дастанем. Калі трэба — дастанем». Адміністратарам тэлеграм-каналаў Nexta, «Беларусь галаўнога мозгу», «Мая краіна Беларусь» і іншых прадстаўнікі ўлады таксама пастанавілі прыпісаць адказнасьць за арганізацыю пратэстаў.
«Яны (тыя, хто заводзіў крымінальную справу. — РС) прыдумалі, што ў чэрвені 2019 году — яны гэтую дату ўзялі проста з галавы — нібыта ўсё арганізавалася ў адзіную інфармацыйную сетку, якой кіраваў Статкевіч, а праз Статкевіча — Ціханоўскі», — расказвае журналіст.
Доказам сувязі Ціханоўскага з адмінамі тэлеграм-каналаў сьледчыя палічылі некалькі сэкундаў стрыму блогера, дзе той рэклямуе гэтыя каналы і раіць на іх падпісвацца, кажа Лосік.
Спачатку ў справе быў і Сьцяпан Пуціла, адміністратар каналу Nexta. Але паколькі ён знаходзіўся ў Польшчы, яго не затрымалі. Пазьней справу Пуцілы вылучылі ў асобнае вядзеньне і судзілі яго завочна.
Ад пачатку ў «справу Ціханоўскага» залучылі дзясяткі затрыманых людзей, успамінае суразмоўца. Ён асабіста бачыў у першых матэрыялах справы з дваццаць прозьвішчаў фігурантаў: Павал Севярынец, Яўген Афнагель, Уладзімер Кніга, Андрэй Войніч, Зьміцер Фурманаў, Аляксандар Кабанаў, Сяргей Пятрухін. Ім усім закідалі арганізацыю мітынгу ў Горадні 29 траўня 2020 году. Лосік адзначае, што ён сам у гэты дзень у Горадні ня быў.
«Яшчэ да выбараў і пасьля яны ня ведалі, што з намі рабіць. І яны ўсіх запхнулі ў адну справу», — кажа Лосік.
Аднак увесну 2021 году справу пачалі сьпешна закрываць, успамінае суразмоўца, зноў жа пасьля словаў Лукашэнкі, што трэба яе скончыць. Мноства фігурантаў паводле невядомых крытэраў пачалі дзяліць на групы.
Павал Севярынец і Андрэй Войніч апынуліся ў групе чальцоў «Эўрапейскай Беларусі». У Горадні судзілі Зьмітра Фурманава, які зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую. Разам зь ім — былога амапаўца і валянтэра каманды Ціханоўскай Уладзімера Кнігу (яму да шасьці гадоў прысуду ўжо тройчы дадавалі тэрмін за нібыта «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі») і Яўгена Разьнічэнку, які падхапіў міліцыянта Казлоўскага, калі той падаў.
Асобна ў Горадні судзілі кіроўцу аўтадому «Краіна для жыцьця» Аляксандра Арановіча. Берасьцейскіх блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна судзілі ў Магілёве.
«Больш сэнсу было, каб Кабанаў быў у групе з Ціханоўскім, бо ён каардынаваў збор подпісаў за Ціханоўскую, быў у штабе», — разважае Лосік.
«Раздрукавалі ўвесь інтэрнэт»
У матэрыялах «справы Ціханоўскага» было амаль 180 тамоў.
«Мы з адвакатам думаем, што гэта была найбуйнейшая справа, трэба было на кагосьці скінуць адказнасьць за 2020 год, таму яны павінны былі паказаць, што там вельмі шмат тамоў», — кажа Лосік.
Калі ўвесну 2021 году Ігар Лосік знаёміўся з матэрыяламі справы, іх з кожным днём станавілася ўсё больш.
«Яны раздрукавалі ўвесь інтэрнэт, які толькі быў. Яны за год спампавалі ўсе допісы з усіх апазыцыйных тэлеграм-каналаў і чатаў, асабліва тых, дзе ў назьве было „97%“: „Калінкавічы 97%“, „Жлобін 97%“. Яны тамоў шэсьцьдзесят раздрукавалі гэтай лухты. Нібыта Ціханоўскі ствараў такую сетку — усе з аднолькавай назвай. Хоць многія каналы стварылі ўжо пасьля таго, як затрымалі Ціханоўскага», — камэнтуе зьмесьціва справы Ігар.
Значную частку матэрыялаў справы прысьвяцілі самому Ціханоўскаму.
«Там усё яго жыцьцё. Фота, відэа зь ягонага вясельля. Калі яму было 13 гадоў, здаецца, ён нібыта скраў 10 рублёў у аднаклясьніка. Яны тыя вялікія дамавыя кнігі знайшлі дзесьці і да гэтай справы далучылі», — расказвае Лосік.
У некалькіх дзясятках тамоў былі стэнаграмы стры́маў Ціханоўскага.
«З гуглаўскім аўтаперакладнікам (маецца на ўвазе аўтаматычная транскрыпцыя аудыё ў тэкст. — РС). Там „крывое“ усё было», — успамінае ён.
Ігар Лосік заўважае, што яму прысьвяцілі толькі два тамы. У іх сабраныя абскарджаньні, выпіскі з банкаўскіх рахункаў, хадайніцтвы за яго, ксэракопіі лістоў, паштовак, абразкоў, якія людзі дасылалі яму ўжо ў турму. Прыкладам, у матэрыялах справы была ксэракопія абразка сьвятога Юр’я Пераможца і паштоўка з кароткім надпісам: «Прывітаньне зь Берасьця».
«Каб хоць нейкімі паперамі забіць. Так том выглядаў таўсьцейшым», — тлумачыць Ігар, чаму ў ягоную справу дадавалі дзіўныя рэчы.
Экспэртызу допісаў Лосіка, якая б пацьвярджала, што ён нешта парушаў, не рабілі. Але «варажнечу» знайшлі ў некалькіх перапостах у канал «БГМ» з каналу Nexta ў жніўні 2020 году, калі Ігар ужо быў за кратамі. Прычым сам канал «БГМ» не фігураваў у абвінавачаньні, адзначае блогер.
«За паўгоду, што ішоў суд, мае тамы судзьдзя разглядаў хвілін 5-7, а таго ж Сакава — хвіліны тры, бо там нічога не было. Прыладамі яго злачынства суд палічыў кепку, кубак і налепкі з надпісам „Страна для жизни“», — успамінае фігурант «справы Ціханоўскага».
Акадэмія навук, з словаў Лосіка, зрабіла экспэртызы зьмесьціва каналу Цыгановіча з высновамі, што ў яго «не знайшлі ніякіх заклікаў і распальваньня варажнечы».
«Калі пракурор падчас спрэчак чытаў гэта, то сказаў проста, што, паводле экспэртызаў, усё гэта ёсьць. Хоць там нічога не было», — успамінае журналіст.
Ігар Лосік называе справу абсурднай. На ягоную думку, у ёй 0% адпавядала рэчасінасьці. Ён падкрэсьлівае, што многія фігуранты не былі раней знаёмыя паміж сабой і ніхто нічога не плянаваў. У матэрыялах справы, з словаў Лосіка, таксама не было доказаў нічыёй віны і пацьверджаньня, што саўдзельнікі нешта плянавалі.
«Думаю, нават мой адвакат ня зможа сказаць, у чым нас абвінавачвалі, бо абвінавачаньне было збудавана так, каб немагчыма было зразумець. Там былі сказы, якія цягнуліся па дзьве старонкі», — падсумоўвае Ігар.
«Заклікі да ісламскага фундамэнталізму»
Працэс праходзіў у актавай залі СІЗА № 3 Гомля, у якім сядзелі ўсе фігуранты. Ён ішоў чатыры дні на тыдзень цягам паўгоду. На ім нельга было прысутнічаць родным і назіральнікам.
Толькі на першае паседжаньне і на прысуд пусьцілі супрацоўнікаў прапагандысцкіх прадзяржаўных СМІ. Ігар Лосік мяркуе, што працэс закрылі, каб ніхто ня бачыў ягонай абсурднасьці.
«Гэта было, з аднаго боку, прыніжальна. Пасьля ранішняй праверкі й сьняданку мяне забіралі і вялі на ніжні паверх. Трэба было кожную раніцу разьдзявацца, прысядаць голым. Яны сьвяцілі ўва ўсе часткі цела, правяралі, каб у нас нічога не было.
Баяліся, каб ніхто не зрабіў спробу самагубства, бо нам на судзе нават давалі гумовыя асадкі. Калі вялі ў актавую залю, то ў кайданках, заломвалі (нахілялі тулава ўніз. — РС)», — успамінае Ігар.
Ён заўважае, што гэта было цяжка, але лепш, чым сядзець у камэры, бо ў перапынках можна было пагаварыць і зь фігурантамі, і з адвакатамі, і нават абмеркаваць навіны. Ігар кажа, што ён браў з сабой на працэс сканворды і разгадваў, бо яго мала згадвалі ў справе; Арцём Сакаў нешта маляваў. Фігуранты сядзелі ў клетцы. Акрамя пачатку і канца працэсу, у клетцы зь іх здымалі кайданкі, успамінае Ігар.
Ніхто зь фігурантаў «справы Ціханоўскага» не прызнаў віну на судзе. Некаторыя адмаўляліся даваць паказаньні на этапе сьледзтва. Мікалай Статкевіч выгукнуў на судзе «Жыве Беларусь!». Урэшце яго выправадзілі з працэсу на трэці дзень, «бо ён трос клетку», «не хацеў удзельнічаць у гэтым». Статкевіча вярнулі толькі на спрэчкі і абвяшчэньне прысуду.
«Ціханоўскі дні тры чытаў свае паказаньні. Ён браў кожны сказ абвінавачаньня і абскарджваў. Але ніхто нічога не ўлічыў», — успамінае Ігар.
Пэўны час пракурор вельмі павольна чытаў тыя 60 тамоў, якія зьмяшчалі допісы з апазыцыйных чатаў. У выніку судзьдзя раззлаваўся і перапыніў суд на дзень, таму што бок абвінавачаньня знаёміўся з матэрыяламі справы на месцы, а ня загадзя, успамінае былы палітвязень.
«Ён у судзе вадзіў пальцам, 15 хвілін маўчаньня — і потым ён знаходзіў нейкі допіс з чату: „Трэба прыйсьці ў госьці да Ярмошынай“, старую дату, карыстальніка. Зачытваў. Потым праходзіць яшчэ 15 хвілін, ён новы шукае. Так прайшоў першы дзень, другі. А на трэці дзень, здаецца, судзьдзя ўжо раззлаваўся, бо мы расьсьмяяліся ўсе», — расказвае Ігар.
Падчас працэсу фігуранты ўвогуле досыць шмат сьмяяліся, адзначае Ігар. Рэч, зь якой сьмяяўся і судзьдзя, — экспэртызы ў матэрыялах справы. Іх усе нібыта рабіў адзін і той жа чалавек.
«Ягонае прозьвішча было Сіманаў. У яго не было ні імя, ні імя па бацьку, ні стажу, ні месца працы. Усе экспэртызы былі аднолькавыя. Яны знайшлі ў словах Ціханоўскага заклікі да „ісламскага фундамэнталізму“, „джыхадызму“ і „вайны зь нявернымі“. Яны проста ўзялі расейскую экспэртызу як узор, бо артыкул „за распальваньне варажнечы“ спачатку пачалі выкарыстоўваць у Расеі, і забыліся выкрасьліць гэты абзац», — тлумачыць суразмоўца.
Ігар потым бачыў у некаторых палітвязьняў у «справе Зельцара» падобныя да іхных «слова ў слова» экспэртызы.
Што яшчэ выклікала сьмех — калі падчас працэсу аглядалі стрымы Ціханоўскага на праектары на поўнай гучнасьці, а той на запісе сьпяваў «Разбуры турмы муры».
«Мы сядзім у турме. І ўсе гэта чуюць на паверсе, і АМАП, і судзьдзя, і пракурор. Гэта быў проста нейкі сюр», — успамінае былы палітвязень.
Ігар прызнаецца, што яму самому было цікава пабываць на судзе, каб паслухаць — можа, і сапраўды Сяргей Ціханоўскі «нешта рыхтаваў». Але ўпэўніўся, што на яго «нічога не было».
«Канваіры, якія нас ахоўвалі, — там было шмат амапаўцаў — першы месяц жорстка да нас ставіліся, заломвалі, не адказвалі, раўлі. Але яны сядзелі самі, кожны дзень слухалі гэты працэс, і потым яны зразумелі, што ніхто з нас не вінаваты. Потым у іх зусім зьмянілася стаўленьне. Яны пачалі размаўляць, жартаваць, не заціскалі кайданкі, не заломвалі да падлогі, калі вялі. Было відаць, што яны самі разумеюць усё», — успамінае Ігар Лосік.
За кратамі застаюцца трое фігурантаў з шасьці: грамадзянін Расеі Дзьмітры Папоў, відэаапэратар Арцём Сакаў і блогер Уладзімер Цыгановіч. Ігар Лосік расказаў, што іх «моцна прэсуюць».
46-гадовага Цыгановіча, якому спачатку прызначылі 15 гадоў калёніі, ужо тройчы дадаткова асудзілі за нібыта «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі» (411 артыкул КК, паводле якога тэрмін можна дадаваць безьліч разоў). Яго таксама часта пераводзяць, ён пабываў ужо ў дзевяці месцах зьняволеньня. Цяпер у жодзінскай турме.
31-гадовы Сакаў асуджаны на 16 гадоў. Тры гады ён правёў на турэмным рэжыме. Знаходзіцца ў шклоўскай калёніі № 17.
34-гадовы Папоў атрымаў 16 гадоў калёніі. Знаходзіцца ў жодзінскай турме.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное