Бахарэвіч: «Ці разумеюць тыя расейцы, якія перасяляюцца ў Беларусь, куды яны перасяляюцца?»

Беларускі пісьменнік — пра міграцыю грамадзян РФ і яе наступствы.

Адзіны спосаб, каб Беларусь не ператварылася ў краіну без беларусаў — гэта гаварыць па-беларуску, лічыць пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.

Дарэчы яго новы раман «Падземныя пераходы» расказвае пра літаральную «замену» насельніцтва Беларусі на расіян згодна з дзяржаўнай праграмай. Пакуль сюжэт раману ўсё яшчэ выдумка, але, здаецца, нічога не замінае каб ён спраўдзіўся.

Альгерд Бахарэвіч

— Ці спраўдзіцца гэта прадказанне? Усё да гэтага ідзе, — разважае пісьменнік на Еўрарадыё. — Адзіны спосаб, каб гэта не спраўдзілася, гаварыць па-беларуску, чытаць па-беларуску, падкрэсліваць, акцэнтаваць сваю іншасць, сваю беларускасць.

Таму што мова — гэта насамрэч важна. Што б там ні казалі апошнія дзесяцігоддзі, мова — гэта сапраўды найлепшы інструмент зброі, каб супрацьстаяць асіміляцыі.

Фактычна ўсё, што ў нас, беларусаў, ёсць, каб супрацьстаяць гэтай імперскай навале, гэта наша мова.

Пры гэтым Бахарэвіч падкрэслівае, што насамрэч галоўная праблема не ў геаграфічным пераездзе грамадзян Расеі ў нашу краіну.

— У эміграцыі насамрэч няма вялікай бяды. Тое, што людзі перасяляюцца ў Беларусь, гэта не катастрофа. Гэта нармальна. Калі беларусы кудысьці перасяляюцца, то чаму іншым не перасяляцца ў Беларусь?

Мы самі эмігранты і каму, як не нам разумець, што эміграцыя — гэта звычайная натуральная рэч.

Але ў выпадку з Беларуссю і Расеяй, ці разумеюць тыя расейцы, якія перасяляюцца ў Беларусь, куды яны перасяляюцца? Паводле маіх назіранняў, не надта добра разумеюць.

Пра 2020 год яны ведаюць вельмі мала, калі наогул штосьці ведаюць. Яны зусім не ведаюць беларускай гісторыі. Мала што ведаюць, гэта самае страшнае, пра рэпрэсіі.

У іх няма ўсведамлення таго, што яны праўда перасяляюцца ў краіну, адкуль ідзе масавы адток насельніцтва палітычных прычынах. То-бок беларуская эміграцыя з Беларусі збольшага палітычная. Гэта людзі, якія вымушаныя з'ехаць.

Расейцы прыязджаюць у Беларусь па нейкую сваю больш-менш адносную свабоду, не разумеючы гэтага. І фактычна гэта праблема сапраўды з нейкай сацыяльнай ператвараецца для Беларусі ў праблему цывілізацыйную.

Бо гэта міграцыя з Расеі можа цалкам змяніць Беларусь, яе аблічча, яе душу, яе характар, яе выгляд. Гэта вельмі небяспечна, на мой погляд. Ёсць міграцыя, якая цалкам змяняе краіну.

Напрыклад, вось я жыву ў Берліне. У Германіі жыве на сёння афіцыйна прыкладна 30 тысяч беларусаў. Так, мы прыязджаем у Германію, але мы абсалютна не змяняем яе, то-бок чымсьці натуральна змяняем, але не да такой ступені. Мы не можам асіміляваць немцаў.

Дзякуючы нам, Германія не робіцца менш нямецкай. Культурныя коды абсалютна розныя ў нас і ў немцаў. А вось у расейцаў, якія прыязджаюць у Беларусь, на жаль, гэтыя культурныя коды падобныя, бо імперыя сапраўды добра папрацавала ў Беларусі.

Таму такая масавая міграцыя ні да чаго добрага не прывядзе. Проста фактычна адбываецца такое паглынанне імперыяй цэлай краіны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)