«Беларускае, свабоднае, незалежнае — ўсё роўна прарастае». У Варшаве праходзіць канферэнцыя «Новая Беларусь»

Мерапрыемства ладзіцца пяты год запар.

Канферэнцыя пачалася з авацыяў былым палітзняволеным, якія ўдзельнічаюць у мерапрыемстве. Фота тут і далей: прэс-служба АПК

Бяляцкі: «Маштаб рэпрэсій не змяншаецца»

Праваабаронца «Вясны», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі выказаў падзяку і захапленне ўсім, хто ўжо шэсць гадоў працягвае змаганне за свабоду і незалежнасць Беларусі — палітвязням і іх родным, ваенным, актывістам, журналістам ды міжнародным партнёрам.

Галоўныя тэзы з прамовы:

  • Маштаб рэпрэсій не змяншаецца. Прамінула шэсць гадоў з пачатку мірнай рэвалюцыі 2020 года, але сістэма не спыняецца. Калі з турмы і выходзяць сотні палітвязняў (прычым многіх гвалтам вывозяць з Радзімы), то на іх месца адразу ж саджаюць новых людзей.
  • Страх і страта суверэнітэту. Рэжым Лукашэнкі, апанаваны страхам і пазбаўлены перспектывы, намагаецца ўтрымаць уладу любым коштам — здаючы незалежнасць Беларусі і супольна з Крэмлем беручы ўдзел у ваенных злачынствах.
  • Народ як адзіны гарант. Толькі свабодны беларускі народ, які ясна вызначыў свае каштоўнасці ў 2020 годзе, з'яўляецца сапраўдным гарантам суверэнітэту і мае права вызначыць будучыню і лад сваёй краіны.

— Адзіны гарант беларускага суверэнітэту — гэта свабодны беларускі народ, які ясна вызначыў свае каштоўнасці 6 гадоў таму. І за ім павінна быць канчатковае слова ў вызначэнні ладу і лёсу Беларусі, — падкрэсліў праваабаронца.

«Раёнка»: для беларусаў і беларусак унутры краіны ствараюць анлайн-паліклініку з лекарамі ў выгнанні

На канферэнцыі «Новая Беларусь» намеснік прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Станіслаў Салавей прэзентаваў праект «Раёнка».

— «Раёнка» — гэта, па сутнасці, анлайн-паліклініка, разлічаная на ўразлівыя групы. Пад імі мы маем на ўвазе не толькі палітвязняў, шматдзетныя сем’і і бацькоў-адзіночак.

Мы таксама адносім да іх людзей, якія жывуць па-за вялікімі гарадамі — у невялікіх гарадах і вёсках, дзе часта ўзнікаюць праблемы з даступнасцю і якасцю медыцынскай дапамогі.

Нават у каментарах у дзяржаўных СМІ мы пастаянна бачым адну і тую ж праблему: не хапае лекараў, пацыенты скардзяцца на чэргі і гэтак далей. Трэба разумець і тое, што паслядыпломная падрыхтоўка нашых медыкаў вельмі кароткая.

Для некаторых спецыялістаў розніца асабліва істотная: умоўна кажучы, падрыхтоўка кардыёлага ў Польшчы займае пяць гадоў, а ў Беларусі — адзін год. На жаль, гэта адбіваецца на якасці медыцынскай дапамогі. Паводле наяўных даных, толькі 14% беларусаў атрымліваюць адэкватную дапамогу пры інфаркце.

Можна згадаць і каментары дзяржаўных чыноўнікаў, якія кажуць: «Пачакайце. Мы замовілі дзесяць інтэрнаў — чакайце, іх дашлюць».

Таму «Раёнка» будзе дапамагаць беларусам, якія не маюць магчымасці атрымаць належную медыцынскую кансультацыю, атрымліваць яе анлайн.

Асобнае пытанне — бяспека. У праекце будуць працаваць толькі лекары, якія ўжо з’ехалі з Беларусі. І пацыенты, і лекары будуць ананімнымі. Іх верыфікацыяй будуць займацца розныя людзі: медыкаў будуць верыфікаваць адны спецыялісты, а пацыентаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, — іншыя.

Гэта робіцца дзеля іх абароны, таму што мы разумеем: дзяржава вельмі нервова рэагуе, калі мы спрабуем паказаць, што з медыцынскай дапамогай у краіне нешта не так.

Добрая дзяржаўная медыцына — адзін з апошніх слупоў міфа пра тое, што ў Беларусі ўсё добра. На жаль, рэальная сітуацыя іншая.

Мы спадзяёмся, што ўжо ў наступным месяцы пачнём набіраць першых пацыентаў.

Дзядок за жорсткую люстрацыю пасля змены ўлады ў Беларусі, Турарбекава — супраць

— [У будучай дэмакратычнай Беларусі] нельга дапускаць да ўлады людзей, якія маюць каштоўнасці, супрацьлеглыя нашым, — заявіў на дэбатах у рамках канферэнцыі «Новая Беларусь» 8 жніўня ў Варшаве экс-палітвязень, грамадска-палітычны дзеяч Мікалай Дзядок.

Як піша Позірк, спікер адзначыў, што сам ён дараваў сілавікам, якія ўжывалі да яго катаванні. Разам з тым ён настойвае, што адным з першых і найгалоўных рашэнняў у будучай Беларусі мае стаць прыцягненне да крымінальнай адказнасці тых, хто парушаў закон і дапамагаў сістэме рэпрэсій функцыянаваць.

Пры гэтым Дзядок прызнаў, што цяпер улады імкнуцца «запэцкаць у сваіх злачынствах як мага больш людзей», таму да пытання люстрацыі варта падыходзіць дыферэнцыявана. Аднак, паводле яго слоў, трэба вызначаць прыярытэты, «каго ў які момант неабходна люстраваць або пакараць».

Акрамя таго, экс-палітвязень настойвае, што без дэсаветызацыі не захаваць адзінства нацыі, бо велізарная частка цяперашняга дзяржаўнага апарату, сілавыя структуры з’яўляюцца праваднікамі «рускага свету» ў Беларусі.

— Калі яны не будуць вычышчаныя, пра нашу дзяржаўную незалежнасць можна забыць, таму што ім будуць даравацца любыя недаравальныя папулісцкія рэчы, бо яны — таемныя агенты [прэзідэнта РФ Уладзіміра] Пуціна і Расіі, — сказаў Дзядок, спаслаўшыся на свой досвед зносін з сілавікамі.

На пытанне былога палітвязня Аляксандра Фядуты, як пры такім падыходзе адначасова замяніць у будучай Беларусі 100 тыс. сілавікоў, Дзядок адказаў, што гэты працэс будзе адбывацца паступова. Ён таксама адзначыў, што, напрыклад, такой значнай колькасці міліцыянераў, як цяпер, Беларусі не трэба.

Выступіўшая апанентам Дзядка на дэбатах эксперт па міжнародных стасунках Роза Турарбекава заявіла, што жорсткая люстрацыя можа пагражаць глыбокім расколам грамадства, страхам дзяржаўных службоўцаў усіх узроўняў «перад цалкам заслужаным пакараннем», абярнуцца новым сацыяльным напружаннем і блакаваннем працы дзяржорганаў.

На яе думку, ужо цяпер неабходна задавацца шэрагам пытанняў:

Усе ў міліцыі, войску, школах, універсітэтах, бальніцах павінны быць звольненыя і пакараныя? Усе яны насамрэч адказныя за рэпрэсіі? Як і хто будзе вызначаць гэтую адказнасць?

— Палітычнае кіраўніцтва краіны адказнае? Так, — сказала Турарбекава. — Бессаромнае атачэнне Лукашэнкі, якое асабіста ўдзельнічала нават у забойствах? Так. Садысты, якія здзекаваліся з палітвязняў у турмах? Так.

Афіцэры КДБ, якія кіравалі чысткамі ва ўніверсітэтах і на прадпрыемствах? Так. Ліквідацыя ідэалагічных аддзелаў і аддзелаў па бяспецы? Так.

Службовыя асобы, якія ставілі подпісы пад звальненнямі? Так.

Але як наконт астатніх? Размах рэпрэсій на сённяшні дзень такі, што калі ўсіх удзельнікаў пускаць пад люстрацыю, то ўтворыцца жахлівы дэфіцыт кадраў.

Паводле слоў эксперта, забыццё — гэта не нармалізацыя, а спроба пазбегнуць большага расколу перад тварам знешніх і ўнутраных пагроз. Таму можна прыдумаць кампрамісныя рашэнні, разлічаныя на транзітны перыяд, а мэтай гэтага перыяду мае стаць «дэмакратыя, а не пакаранне і праведная помста».

Турарбекава таксама папярэдзіла, што вінаватыя ў рэпрэсіях могуць не змірыцца з тым становішчам, у якім апынуцца ў выпадку жорсткай люстрацыі. Таму, з яе пункту гледжання, значна важней падумаць пра захаванне адзінства нацыі і магчымасць інтэграваць у будучую Беларусь частку тых, хто працаваў на ўладу, не ігнаруючы пытанняў іх мінулага.

Прысутным у зале было прапанавана прагаласаваць, чыя пазіцыя ім бліжэйшая. Большасць падтрымала Дзядка.

У пытанні люстрацыі людзі дэманстравалі вельмі жорсткую пазіцыю. Так, падчас абмеркавання праблемы, звязанай з працай беларускіх прадпрыемстваў на расійскі ВПК, зала хорам адказала «так» на пытанне Турарбекавай: «Вы хочаце, каб 5 тысяч прадпрыемстваў, якія працуюць на ваенную прамысловасць Расіі, звольнілі ўсіх сваіх работнікаў пасля змены ўлады?»

Эксперт лічыць, што такі падыход небяспечны, бо пры яго рэалізацыі нельга выключыць рызыкі грамадзянскай вайны ў Беларусі.

«Як бы ні фоташопілі Лукашэнку на БЕЛТА, яго час непазбежна сыходзіць»

У сваёй вітальнай прамове Святлана Ціханоўская вярнулася да жніўня 2020-га — да страху, невядомасці, першых сапраўдных вынікаў з участкаў і сотняў тысяч людзей пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

Па словах Ціханоўскай, перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу:

Як бы ні фоташопілі Лукашэнку на БЕЛТА, яго час непазбежна сыходзіць.

Будуць гэта натуральныя прычыны, раскол у сістэме, ці нешта, чаго сёння ніхто з нас не можа прадбачыць, — мы не ведаем. Але трэба думаць ужо цяпер, як пост-лукашэнкаўская Беларусь будзе выглядаць.

Як не дапусціць хаосу? Як вярнуць законнасць і адчуванне бяспекі? Як правесці свабодныя выбары? Як вывесці Беларусь з расійскага кантролю і вярнуць у еўрапейскую сям’ю?

«Супраць беларусаў ужываецца «ціхая зброя» — русыфікацыя»

Прэзідэнтка Рады БНР Івонка Сурвіла таксама прывітала ўдзельнікаў канферэнцыі. Яна адзначыла, што сярод прыхільнікаў пераменаў амаль не засталося тых, хто звязвае будучыню з Масквой, адзначае Радыё Свабода. І цытуе:

Супраць беларусаў ужываецца «ціхая зброя» — русыфікацыя. Беларускія кнігі абвяшчаюцца «экстрэмісцкімі», рэжым Лукашэнкі дапамагае Крамлю пашыраць «русский мир» у краіне.

Таму я дзякую ўсім, хто захоўвае на чужыне беларускае слова. У такіх умовах нашай галоўнай мэтай становіцца захаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.

«У нас розныя сябры»

Канферэнцыя «Новая Беларусь» пачалася са спрэчкі паміж Віктарам Бабарыкам і Паўлам Латушкам, паведамляе Еўрарадыё.

На панэлі «Не чакаць, а ствараць новае вакно магчымасцяў» яны па-рознаму ацанілі цікаўнасць беларусаў у Беларусі да дзейнасці беларускіх дэмсілаў.

«Я размаўляю са сваімі сябрамі ўнутры Беларусі. Ім нецікава, што адбываецца ў беларускіх дэмсілах», — заявіў Бабарыка.

«Я таксама размаўляю з сябрамі ўнутры Беларусі, — парыраваў Павел Латушка. — У нас розныя сябры!»

* * *

8-9 жніўня ў Варшаве праходзіць канферэнцыя «Новая Беларусь». Анлайн-трансляцыю можна пабачыць тут.

У праграме першага дня запланаваныя панэлі «Не чакаць, а ствараць новае вакно магчымасцяў», «Праз мір ва Украіне — да свабоды ў Беларусі» і «Постлукашэнкаўская» Беларусь. Рэформы. Перспектывы. Візіі».

Завершаць першы дзень прэзентацыя праектаў і ініцыятываў «Рашэнні для Беларусі», а таксама акустычны канцэрт Лявона Вольскага.

Канферэнцыя «Новая Беларусь» ладзіцца пяты год запар. Увагу да яе традыцыйна праяўляюць спецслужбы Лукашэнкі. Гэтым разам яны спрабавалі выведаць інфармацыю пра мерапрыемства. Раніцай 8 жніўня шэраг незалежных медыя апынуліся пад DDoS-атакай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(41)