Цыганкоў: «Увосень сітуацыя можа змяніцца. Лукашэнку трэба лавіць тое, што ёсць»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў разважае аб тым, што адбываецца сёння на беларуска-амерыканскім трэку.

— У Вашынгтон я не тэлефаную, і мне адтуль, на жаль, не дакладваюць, — паўжартам зазначыў Цыганкоў у эфіры Еўрарадыё. — Па гістарычных мерках хутка, напэўна, Коўл усё-ткі прыедзе [ў Мінск].

Але ж падчас сустрэчы Лукашэнкі з Рыбаковым — прадстаўніком Беларусі ў ААН, які за адсутнасцю беларускага амбасадара ў ЗША фактычна выконвае ролю такога каміваяжора, пасярэдніка ў гэтых перамовах — Лукашэнка даволі шчыра сказаў, маўляў, давайце працягваць. «Мы даслалі свае прапановы, яны нам даслалі» — то-бок, пацвердзіў, што нічога не спынілася, ідзе актыўнае стасаванне.

Некаторыя нашы палітолагі і журналісты выказваюць меркаванне, што, можа быць, усё ўжо і скончыцца, бо ўзаемнага інтарэсу няма. Я з такім меркаваннем не згодны. Лічу, што ўзаемны інтарэс ёсць — найперш у Лукашэнкі. Так, у любы момант гэта можа абарвацца з боку Амерыкі. Аднак пакуль ёсць Коўл, які займае сваю пасаду і за гэта адказны, ён будзе прадпрымаць усё, што можна.

Увосень паўнамоцтвы спрецпрадстаўніка Трампа скончацца, зазначае палітычны аглядальнік, — «але ж патрэбны адзін подпіс, адна хвілінка, каб іх працягнуць далей».

Можа, нейкім чынам Трампу перастане быць цікавая Беларусь? Я так не лічу. Пакуль ідзе расійска-ўкраінская вайна і беларускі фактар трэба ўлічваць — думаю, спецпасланнік павінен прысутнічаць. Нават пасля таго, як будзе нейкае замірэнне.

— То-бок, я лічу, у гэтым пытанні ёсць і інтарэсы ЗША, і інтарэсы Беларусі, што Лукашэнка даволі выразна падкрэсліў. Ад сябе дадам: ён мусіць спяшацца. Бо не за гарамі выбары ў Кангрэс ЗША, і сітуацыя з Трампам можа памяняцца ў тым сэнсе, што яго апаненты-дэмакраты выйграюць гэтыя выбары. Хоць нават у гэтым выпадку — чаму б Коўлу з Трампам не працягваць беларускую тэму?

Можа людзі ўжо забыліся, аднак імпічмент у Трампа ўжо быў на першым тэрміне, але ён працягваў быць прэзідэнтам. Цяпер жа, на маю думку — наогул малаверагодна, што гэта адбудзецца, і ніхто там не збярэ дзве трэці, каб рэальна Трампа адхіліць ад улады.

Гэта (верагоднасць імпічменту — С.) можа ствараць для яго неспрыяльную палітычную і асабістую атмасферу, яму будзе менш да міжнароднай палітыкі. Але, паўтаруся, ёсць пэўныя чыноўнікі ў амерыканскім Дзярждэпартаменце, якія адказваюць за беларускую тэму, ёсць Коўл — і яны будуць працягваць сваю працу незалежна ад таго, колькі дэмакратаў ці рэспубліканцаў выйграюць на выбарах у Кангрэсах. Таму я гэты чыннік абсалютна не перабольшваў бы.

Аднак больш Лукашэнку трэба спяшацца з іншых прычын. Бо ўвосень, як кажуць многія аналітыкі, больш верагодна, што наступіць пэўнае замірэнне паміж РФ і Украінай. Цяжка сказаць, будзе яму гэта ў плюс ці ў мінус. Але ў любым выпадку гэта зменіць сітуацыю, і давядзецца будаваць па-новаму тактыку і стратэгію. Пакуль гэта не змянілася — трэба лавіць тое, што ёсць.

Таму мой прагноз — што Лукашэнка будзе працягваць дыялог. І што Коўл да наступнага майго з’яўлення тут у эфіры ўсё-ткі прыедзе ў Беларусь.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)