Кіркевіч: «Наша традыцыя ўзброенай барацьбы за свабоду і незалежнасць нараджаецца толькі зараз, на нашых вачах»

Журналіст Алесь Кіркевіч на Budzma.org разважае з нагоды нашумелага выказвання ўкраінскага ваеннага пра беларусаў.

Алесь Кіркевіч

Беларускі фэйсбук аб’явіў вайну камандзіру Трэцяга армейскага корпуса УСУ Андрэю Білецкаму. За што? За выказванне аб «адсутнасці ў беларусаў маральнай традыцыі ўзброенай барацьбы за незалежнасць іхняй краіны».

Традыцыя аб’яўляць войны ў фэйсбуку і маланкава ў іх перамагаць у нас дакладна ёсць. За гэта можна быць спакойным.

Чаму кароткая рэпліка Білецкага выклікала абурэнне? Бо трапіў у балявую кропку. Балюча, значыць, праўда. Каб менш балела, мы маем адмысловую «аптэчку»: вось вам Слуцкі Збройны Чын, вось «дзяды ваявалі» пад Оршай...

Але мазі з таблеткамі не вырашаюць праблемы. Інакш, не было б ані гэтай цытаты, ані абурэння. І жылі б мы ў сваім доме, а не ў Вільні, Варшаве ці Беластоку.

Мы маем шмат традыцыяў: этнаграфічную, песенную, кніжную, палітычную і дысідэнцкую. Нават традыцыю турэмнай прозы — таксама маем.

З традыцыяй узброенай барацьбы за незалежнасць і свабоду ў нас усё дрэнна. Вельмі дрэнна. Замест традыцыі — сімулякр. Гэта калі замест гістарычнага факту мы падаем яго пераказ у стылі мастацка-дакументальнай прозы.

«Буденовка, что где-то в шкафу мы нашли...»

Сімулякр — гэта не фактура, а палепшаная версія мінулага. Версія, якую мы свядома абіраем, каб камфортней сябе адчуваць сёння. Каб было чым крыць у спрэчках.

Войска БНР? Раскажыце, калі ласка, колькі населеных пунктаў кантралявала «войска БНР»?.. Слуцкі Збройны Чын? А што гэта за вайсковая адзінка — «чын» — гэта атрад, полк, дывізія?.. Булак-Балаховіч? Узгадайце, чаму Балаховіч адмовіўся ад супрацы з БНР і перайшоў да палякаў, га?..

Усё антысавецкае і незалежніцкае, што было цягам Другой сусветнай вайны і пасля яе (у выглядзе партызанкі, падполля, дэсантаў) — гэта кароткія ўспышкі, якія не паказвалі аніякага вайсковага выніку. Не блытайце гераізм з вайсковым вынікам, добра? Усё гэта не было працягам традыцыі БНР і не пакінула нейкай традыцыі пасля сябе.

Бо, што такое традыцыя? Гэта цыклічнае паўтарэнне падобных дзеянняў цягам працяглага адрэзку часу. Алгарытм, які мы перадаем наступным пакаленням, а самі атрымалі ад бацькоў і дзядоў.

Але праблема ў тым, што ад дзядоў мы не атрымалі пацёртых фрэнчаў з бел-чырвона-белымі шэўронамі. У лепшым выпадку — «буденовку, что где-то в шкафу мы нашли».

Беларусы могуць быць жорсткімі і бязлітаснымі

Вайсковая традыцыя ў беларусаў ёсць. Цягам ХХ ст. беларусы ваявалі па ўсім свеце ў дзясятках войнаў: ад Японіі і Афганістана да Блізкага Усходу і Фінляндыі.

Беларусы бралі Кёнігсберг, пралівалі кроў пад Монтэ-Касіна, прабіраліся праз джунглі сцежкамі Хо Шы Міна. Беларусы — добрыя байцы: дысцыплінаваныя і трывалыя. Пачытайце ўспаміны Уладзіміра Барадача пра Афганістан: нашы землякі могуць быць не проста жорсткімі, але і бязлітаснымі.

Але ў чым праблема? Усе гэтыя войны беларусы прайшлі ў чужых мундзірах. У савецкіх, польскіх, нямецкіх, амерыканскіх. На тыя самыя мундзіры нашы суайчыннікі атрымлівалі чужыя ўзнагароды: савецкія «чырвоныя зоркі» ці амерыканскія Vietnam Service Medal.

То бок, традыцыя ваяваць — ёсць. Беларусы не пацыфісты. Але Білецкі казаў не пра гэта. Ён казаў пра традыцыю ўзброенай барацьбы за незалежнасць і свабоду, праўда? І вось тут — самае цікавае.

«Армія Вітушкі», каб не было сорамна перад украінцамі і літоўцамі

Беларуская палітычная і вайсковая традыцыі ходзяць побач, але — не перасякаюцца. З часоў БНР нашы палітыкі паказвалі поўнае неразуменне вайсковай тэмы. Неразуменне таго факту, што войска нельга «абвесціць» дэкрэтам ці граматай. Нельга раздаць званні палкоўнікаў і генералаў, але забыцца на зброю і забеспячэнне. Нельга грэбаваць вайскоўцамі, якія, бачыце, размаўляюць «па-расейску»...

Вынік падобнай палітыкі — факт таго, што ўсе баяздольныя беларускія часткі 1918-1921 гадоў дзейнічалі ў рамках польскага ці літоўскага вайсковага механізму. Выконвалі загады польскіх і літоўскіх камандзіраў, а не беларускіх.

Ніхто з іх не падпарадкоўваўся БНР, таму БНР свайго сапраўднага войска не мела. Ніколі. Нават Слуцкая брыгада падпарадкоўвалася палякам, калі раптам вы забыліся.

Пасля вайны эмігранцкая прэса стварыла міф пра «Армію Вітушкі» ў лясах Беларусі. І чым болей часу праходзіла з 1945-га года, тым большымі ставалі шэрагі той арміі. Чаму прэса пісала пра Вітушку, а не пра рэальных «лясных братоў»?..

Бо пра рэальных на Захадзе нічога не ведалі (а тыя не ведалі пра БНР). Яны былі стыхійныя, аўтаномныя. А пра Вітушку — нешта чулі. Вось і пісалі, каб не сорамна было перад украінцамі і літоўцамі.

У чарговы раз нагадаю: давайце не блытаць гераізм асобна ўзятых людзей і традыцыю, добра? Традыцыя — гэта нешта паўсюднае, масавае. Гэта правіла. А кейс Філістовіча, Вострыкава ці Лапіцкага — гэта выключэнні, якія не мелі аніякага эфекту, апроч складання фактаў у скарбонку нацыянальнай памяці. Мы іх памятаем, але не знойдзем іх здымкаў у сямейных фотаальбомах.

Вайсковая традыцыя? Так. Традыцыя вайны за свабоду? Не

Ці маюць беларусы вайсковую традыцыю? Так. Ці гэтая традыцыя нацыянальная? Не. У гэтым бяда. Войска, якое пачало стварацца з пачатку 1990-х гадоў беларускім можна назваць толькі ўмоўна — тэрытарыяльна.

Там няма сваёй традыцыі ўзнагародаў, адрознай ад савецкай. Няма сваіх герояў, адрозных ад савецкіх. У кожнай частцы інжынерных войскаў на стэндзе вы ўбачыце... Пятра Першага, які нібыта заклаў традыцыю будаваць пантоны і пераправы.

Наша традыцыя ўзброенай барацьбы за свабоду і незалежнасць нараджаецца толькі зараз, на нашых вачах — пачынаючы з 2014 года. Пад Пескамі, Кіевам, Бахмутам. Парадокс у тым, што мы гэта ўпарта ігнаруем.

Колькі партрэтаў, песень, кліпаў, п’ес, біяграфій палеглых герояў было створана па матывах подзвігаў тых, хто ваюе зараз? Трошкі кінадакументалістыкі ды — усё.

Атрымліваецца, што мы не ўплятаем гэта ў наш беларускі дыскурс. Яно адбываецца, але — недзе побач, у іншым свеце. Не з намі. Яно нам не патрэбна, так выходзіць?

Дзень Волі ў Батумі, сакавік 2022-га

Праз пяць гадоў у краме «Кнігаўка» ў Варшаве я дакладна ўбачу новыя раманы Філіпенкі ці Бахарэвіча, але — малаверагодна, каб побач стаялі біяграфіі Міраслава Лазоўскага, Алеся Чаркашына, Марыі Зайцавай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)