Политика

Кацярына Батлейка

Магда: «Заявы ўкраінскага боку — гэта папярэджанне Лукашэнку быць больш стрыманым і не занадта загульваць з Расіяй»

Украінскі палітолаг Яўген Магда пракаментаваў «Салідарнасці» прызначэнне спецпрадстаўніка па Беларусі і апошнія рэзкія выказванні афіцыйных асоб Украіны ў бок беларускага правіцеля.

15 траўня Украіна прызначыла спецпрадстаўніка па Беларусі. Ім стаў Яраслаў Чарнагор. У гэты ж час камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны Роберт Броўдзі (Мадзяр) за апошнія некалькі дзён двойчы звярнуўся да Лукашэнкі ў даволі рэзкай форме.

Спыталі ў украінскага палітолага Яўгена Магды пра апошнія падзеі, звязаныя з беларуска-ўкраінскімі адносінамі.

Яўген Магда

— Я пазітыўна ацэньваю прызначэнне Яраслава Чарнагора, таму што ён кіраваў праграмай расійскіх і беларускіх студый у фондзе «Украінская прызма» і добра разбіраецца ў гэтай праблематыцы. Уласна, ён і ёсць паслом па асаблівых даручэннях па дэмакратызацыі недружалюбных да Украіны дзяржаў, — тлумачыць «Салідарнасці» Магда.

Гэтае прызначэнне сведчыць пра тое, што не толькі Беларусь, але і Расія будуць сферамі паўнамоцтваў Чарнагора. Я думаю, што насамрэч ва Украіне не так шмат спецыялістаў, у тым ліку ўзроўню Яраслава Чарнагора, якія добра разумеюць сітуацыю ў Беларусі. З гэтым і была звязаная пэўная затрымка з прызначэннем новага спецпрадстаўніка (пасля Ігара Кізіма — С.).

Палітолаг спадзяецца, што прызначэнне Чарнагора актывізуе дыялог Украіны з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

— І, нягледзячы на праблемы з выбарамі ў Каардынацыйную раду, ужо новая Каардынацыйная рада стане цэнтрам гэтага дыялогу, — лічыць ён.

Заявы Роберта Броўдзі адносна Лукашэнкі палітолог тлумачыць так:

— Ва ўмовах вайны ніхто не выключае псіхалагічнага ціску на таго, хто сам сябе называе суагрэсарам. Што ж мы будзем цярпець паводзіны Лукашэнкі?

Думаю, што заявы Мадзяра звязаныя найперш з тым, што ён у гэтым выпадку ўвасабляе пазіцыю ваенна-палітычнага кіраўніцтва і дзейнічае, я б сказаў, як рупар папярэджання Лукашэнкі пра неабходнасць быць усё ж такі больш стрыманым і адэкватным у гэтай сітуацыі і не занадта загульваць з Расіяй.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(35)