Политика

Выбух 2020-га згас — што далей?

Правал выбараў Каардынацыйнай рады — гэта сымптом агульнага крызісу беларускай апазыцыі. Але апазыцыя ў замежжы ў прынцыпе ня можа быць суб’ектам перамен. Ва ўмовах адсутнасьці рэальных пэрспэктываў дэмакратызацыі ў Беларусі галоўнай задачай сілаў у выгнаньні ёсьць палітычнае выжываньне, піша на Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Першая супольная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай і Веранікі Цапкалы пасьля 2020 году. Ахен (Нямеччына), 14 траўня 2026 году

Выбары ў КР як сымптом крызісу апазыцыі

Онлайн-галасаваньне на выбарах у Каардынацыйную раду (КР), якую яшчэ называюць «беларускім протапарлямэнтам», скончыліся. У іх прагаласавалі толькі 2113 чалавек. Для параўнаньня, у папярэдніх выбарах КР трэцяга скліканьня (25–27 траўня 2024 года) прынялі ўдзел 6723 чалавекі — утрая больш.

Хоць арганізатары з тэхнічных прычынаў працягнулі час галасаваньня на два дні (да тыдня сумарна), гэта ня моцна павялічыла колькасьць удзельнікаў. Можна доўга абмяркоўваць, у якой ступені выбарам перашкодзіў рэжым Аляксандра Лукашэнкі, зладзіўшы свае DDoS-атакі на сэрвісы КР. Аднак, падобна, ня гэта стала галоўнай праблемай зь яўкай.

Яшчэ ў працэсе галасаваньня сьпікер дзейнай Каардынацыйнай рады Арцём Брухан назваў бягучую сытуацыю на выбарах «жывым крызісам», які ставіць пад пытаньне легітымнасьць гэтага органа, і прапанаваў рэформы.

Падаецца, што праблема тут глыбейшая. Ідзецца пра крызіс ня толькі КР. Правал выбараў — гэта сымптом агульнага крызісу беларускай апазыцыі. А ён у сваю чаргу зьяўляецца складовай часткай беларускага экзістэнцыйнага крызісу.

Ранейшыя стратэгіі не спрацавалі

Цяперашні апазыцыйны рух узьнік, быў запушчаны на палітычную арбіту ў выніку пасіянарнага выбуху падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2020 году. Пэўны час гэтага паліва хапала, каб падтрымліваць эмацыйную тэмпэратуру дэмакратычнага працэсу, нават ва ўмовах ягонага перамяшчэньня за мяжу.

Аднак інэрцыя 2020 году сышла. Папулярны ў шэрагах грамадзянскай супольнасьці канцэпт, нібыта пратэст пастаўлены на паўзу, а перамога проста адкладзеная, траціць свой мабілізуючы сэнс.

Тыя стратэгіі перамогі, якія браліся за аснову дзейнасьці апазыцыі, не спрацавалі.

Стаўка на крах рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў сілу ўнутраных прычын аказалася марнай. Ён стабілізаваўся, аўтарытарызм эвалюцыянуе ў таталітарызм. Пастаянны тэрор ліквідаваў магчымасьці для рэальнай палітычнай дзейнасьці апанэнтаў рэжыму ўнутры краіны. Пэрспэктывы дэмакратычнай і незалежнай Беларусі выглядаюць змрочнымі. Расьце залежнасьць ад Расеі.

З пачаткам агрэсіі Расеі ўся стратэгія перамен у Беларусі, няхай і ня яўна, грунтавалася на перамозе Ўкраіны ў вайне, у выніку якой рэжымы Пуціна і Лукашэнкі аслабнуць, і гэта створыць умовы для перамогі дэмакратыі. Цяпер зразумела, што да ўкраінскай перамогі, мякка кажучы, далёка.

Пэўны час вялікую папулярнасьць мела ідэя сілавога зрынаньня дзейнага рэжыму ў Беларусі. То быў адказ на запыт палітызаванай публікі, якая радыкалізавалася і лічыла памылкай мірны характар пратэстаў. У Аб’яднаным пераходным кабінэце Сьвятланы Ціханоўскай зьявілася пасада «міністра абароны», выявіліся моцныя спадзевы на Полк Каліноўскага, які ваюе супраць расейскай агрэсіі на баку Ўкраіны.

Валер Карбалевіч

Аднак цяпер нават для радыкальнай плыні ў палітызаванай часткі апазыцыйнага электарату становіцца зразумела ўтапічнасьць такіх надзеяў.

Апошнім часам узмацнілася адваротная тэндэнцыя. Павялічваецца ўплыў тых сілаў, якія робяць акцэнт на праваабарончую тэматыку. Яны лічаць, што галоўнае пытаньне, якой павінны вырашаць апазыцыйныя структуры — гэта вызваленьне палітвязьняў, усе астатнія задачы павінны адыйсьці на другі плян.

Стаўка на працу з замежжам

Дае збоі тактыка ўплываць на палітыку Захаду адносна Беларусі. Здавалася, варта моцна націснуць на рэжым Лукашэнкі з дапамогай санкцый, набрацца цярпеньня і ўсё пераменіцца. Аднак так не атрымалася.

Найперш, варта адзначыць, што ЭЗ і ЗША з прыходам да ўлады адміністрацыі Дональда Трампа прымяняюць розныя тактыкі адносна Беларусі. На першы плян у палітыцы ЭЗ у дачыненьні да афіцыйнага Менску выходзіць пытаньне бясьпекі. А пры такім падыходзе цяжка аддзяліць беларускі рэжым ад грамадзтва. Заходнія санкцыі моцна б’юць па звычайных грамадзянах, усё больш ускладняюцца магчымасьці іх мабільнасьці і камунікацыі з Эўразьвязам. Абвастрылася і праблема легалізацыі беларусаў за мяжой. Паміж Беларусьсю і ЭЗ апускаецца «жалезная заслона».

А ЗША зь ініцыятывы Дональда Трампа ўступілі ў дыялёг з афіцыйным Менскам, адмяняюць санкцыі ў абмен на вызваленьне палітвязьняў.

У той жа час паступова, крок за крокам расьце вага эмігранцкага парадку дня ў дзейнасьці структур, аб’яднаных вакол Сьвятланы Ціханоўскай. Кірунак, які спачатку разглядаўся як часовы, як пабочны адносна ўнутрыпалітычных працэсаў, пачынае ператварацца ў асноўны від, сфэру дзейнасьці.

Нерэалізаваны ўнутры краіны патэнцыял дэмакратыі апазыцыя спрабуе рэалізаваць у дыяспары. Тут адбываюцца выбары, зьяўляецца ўрад у выгнаньні (Аб’яднаны пераходны кабінэт), парлямэнт (Каардынацыйная рада), падзел уладаў, фракцыі, партыі і інш. Гэта захоплівае, уцягвае, стварае ўражаньне сапраўднай палітыкі.

Нарастаньне супярэчнасьцяў

Заканамерным вынікам такой сытуацыі стала дэпалітызацыя беларускага грамадзтва і дыяспары, расчараваньне ў дэмакратычных сілах і, наогул, у магчымасьці перамен. Гэта таксама выклікае нарастаньне супярэчнасьцяў у дэмакратычнай супольнасьці. Натуральнай становіцца ўсё мацнейшая крытыка каманды Сьвятланы Ціханоўскай. Маўляў, чаму яна дасюль не перамагла, не зрынула існы рэжым, а займаецца толькі вонкавымі візытамі, занядбала праблемы беларусаў у Беларусі.

Увогуле канфлікты і супярэчнасьці ў асяродзьдзі палітычнай эміграцыі — звыклая справа для любой краіны ў розныя эпохі. Тут гісторыя ня ведае выключэньняў. Перавага беларускай апазыцыі ў эміграцыі палягае ў тым, што яна мае свой цэнтар, які можа гаварыць ад імя ўсёй дэмакратычнай супольнасьці Беларусі.

На волю выйшаў шэраг вядомых апазыцыйных дзеячаў, якія не сьпяшаюцца інтэгравацца ў дзейныя інстытуцыі апазыцыі. Пагатоў, што апошнія, як тая ж Каардынацыйная рада, выяўляюць свой невысокі каэфіцыент карыснага дзеяньня.

Сяргей Ціханоўскі пасьля шэрагу неасьцярожных заяваў, скандалаў ды правалу краўдфандынгавай кампаніі «на зрынаньне рэжыму Лукашэнкі» сышоў у цень — зьехаў у ЗША «вучыць ангельскую мову». Марыя Калесьнікава выступае за дыялёг з уладамі Беларусі дзеля вызваленьня палітвязьняў, заклікаючы Эўразьвяз далучыцца да высілкаў ЗША. Віктар Бабарыка зьбіраецца займацца толькі тымі праектамі, якія «маюць блізкую пэрспэктыву», напрыклад «дапамогай канкрэтным людзям».

Павал Севярынец ухіляецца ад наўпростай палітычнай барацьбы, а Мікалай Статкевіч (адзіны зь пералічаных, хто застаўся ў Беларусі) аднаўляецца пасьля інсульту і моцна абмежаваны сваім няпэўным статусам.

Самы факт знаходжаньня ў эміграцыі большасьці гэтых людзей аб’ектыўна вядзе да дэцэнтралізацыі беларускай дэмакратычнай супольнасьці.

Ці магчымая «пераможная стратэгія?»

Яшчэ адна вялікая праблема — уяўленьне, што ўсё залежыць ад знаходжаньня правільнага рашэньня, выпрацоўкі якойсьці «пераможнай стратэгіі».

Апошнім часам вялікі рэзананс мела пяцідзённая арганізацыйна-дзейнасная гульня, ініцыяваная філёзафам, мэтадолягам і былым палітвязьнем Уладзімерам Мацкевічам. Напярэдадні гучалі цьмяныя намёкі, што вынікам мазгавога штурму стане стратэгія перамогі. Але гульня прайшла і, як можна зразумець, ніякай пераможнай стратэгіі там не выпрацавалі. Прынамсі пакуль.

Насамрэч, цяпер акалічнасьці складваюцца так, што проста няма нейкай лініі, курсу, якія прывядуць да перамогі. То бок, ад дзеяньняў апазыцыі, яе правільнай ці няправільнай палітыкі мала што залежыць.

Бо апазыцыя ў замежжы ў прынцыпе ня можа быць суб’ектам перамен. Яна можа толькі больш ці менш удала прыстасоўвацца да тэндэнцыяў, якімі кіруюць іншыя, найперш вонкавыя актары (напрыклад, ЗША).

Але для дэмакратычных сілаў Беларусі такая сытуацыя ня новая. І да 2020 году адбываліся дыскусіі і спрэчкі наконт пераможнай стратэгіі. Здавалася, выкарыстоўвалі амаль усе магчымыя мэтады і спосабы барацьбы: удзел у выбарах, байкот, вылучэньне адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах (2006 год), вялікая колькасьць кандыдатаў (2010), галадоўкі, вулічныя пратэсты, намётавае мястэчка, праймэрыз. І ўсё безвынікова.

А ў 2020 годзе ўсё само выбухнула, і то было вынікам ня пэўнага правільнага палітычнага курсу нейкага штабу, а стыхійнай творчасьці мас.

Ва ўмовах адсутнасьці рэальных пэрспэктываў дэмакратычных перамен у Беларусі, лягічнай задачай апазыцыйных цэнтраў у замежжы зьяўляецца палітычнае выжываньне, захаваньне інфраструктуры, падрыхтоўка праграмы будучых рэформ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(2)